Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЛІНГТО́НІЯ (Darlingtonia californica),
кветкавая насякомаедная расліна сям. сарацэніевых. Пашырана ў Паўн. Амерыцы (ад паўн. Каліфорніі да паўд. Арэгона). Расце на балоцістых глебах.
Шматгадовая травяністая расліна з карэнішчам і разеткай своеасаблівых гарлачыкападобных лістоў-пастак даўж. да 1 м. Кветкі адзіночныя, пялёсткі жаўтаватыя з чырванаватымі жылкамі. Плод — каробачка. Па краі ліста — цёмна-чырв. раздвоены лістападобны прыдатак. На ўнутр. паверхні ліст мае залозкі, якія выдзяляюць нектар, што прываблівае насякомых. Сценкі лістоў-пастак укрыты валаскамі, якія дазваляюць насякомым рухацца толькі ўнутр ліста, дзе яны гінуць у вадкасці, што выдзяляе расліна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ БОЙ 1812 Адбыўся 27.7.1812 у г. Кобрын і яго наваколлі паміж рус. дывізіямі К.В.Ламберта і Я.І.Чапліца і атрадам саксонскага корпуса Ж.Л.Рэнье ў вайну 1812. Камандуючы 3-й Зах. арміяй А.П.Тармасаў атрымаў заданне выступіць на Брэст, Кобрын і Пружаны і дзейнічаць у тыле франц. арміі, 17 ліп. ён загадаў Ламберту і А.Р.Шчарбатаву рухацца на Брэст, а потым павярнуць на Кобрын, куды з Ковеля павінны былі падысці асн. сілы арміі. Каб адцягнуць частку саксонскіх войск ад Кобрына, асобы атрад ген. А.П.Мелісіна павінен быў рухацца да Пінска. 25 ліп. атрад Шчарбатава заняў Брэст, злучыўся з дывізіяй Ламберта, і раніцай 27 ліп. яны падышлі да Кобрына. Пасля падыходу перадавога атрада 3-й арміі на чале з Чапліцам пачаўся агульны штурм Кобрына. У выніку 9-гадзіннага бою саксонцы адступілі з горада і здаліся. Было забіта каля 2 тыс. саксонцаў, узяты ў палон 2 генералы, 76 афіцэраў, 2382 чал. ніжніх чыноў; страты рускіх склалі 77 чал. забітымі і 182 параненымі. К.б. быў першай перамогай рус. войск з пачатку вайны. У выніку французы павінны былі трымаць супраць арміі Тармасава значныя сілы, што адмоўна паўплывала на армію Напалеона ў час яе адступлення ад Масквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАСА́НІ,
самаходныя сані, што рухаюцца па снезе, лёдзе і вадзе з дапамогай сілы цягі паветранага вінта. Бываюць суцэльнаметалічныя і аэрасані-«амфібіі».
Суцэльнаметалічныя аэрасані маюць 3 або 4 лыжы і кіруюцца пярэднімі паваротнымі лыжамі; рухавік з паветр. вінтом размешчаны на карме. Аэрасані«амфібія» маюць 1 лодку-лыжу, што дазваляе рухацца па рыхлым снезе, вадзе, забалочанай мясцовасці і інш. Грузападымальнасць аэрасаней да 600 кг, далёкасць ходу да 500 км, скорасць да 100 км/гадз па снезе, да 80 км/гадз па вадзе. Выкарыстоўваюцца ва ўмовах бездарожжа Крайняй Поўначы для перавозкі грузаў, пошты, людзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМФІЗБЕ́НЫ (Amphisbaenia),
падатрад паўзуноў атр. лускаватых. Некалькі сямействаў. Каля 140 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы, Афрыцы, Зах. Азіі, 1 від у Паўд. Еўропе, 1 — на ПдУ ЗША. Найб. вядомыя белая амфізбена (Amphisbaena alba), плямістая двухходка (A. fuliginosa), хірот (Bipes canalicubatus).
Даўж. да 70 см. Цела цыліндрычнае, чэрвепадобнае, з кароткім хвастом, укрытае суцэльнай рагавой плеўкай з вузкімі папярочнымі кольцамі. У большасці канечнасці адсутнічаюць. Вядуць падземны спосаб жыцця, часта пасяляюцца ў мурашніках і тэрмітніках. Па хадах у зямлі могуць рухацца хвастом уперад (адсюль назва). Кормяцца мурашкамі, тэрмітамі, іх лічынкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛІ́БІН (Іван Пятровіч) (21.4.1735, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 11.8.1818),
расійскі механік-самавучка і вынаходнік. У 1764—67 сканструяваў гадзіннік у форме яйца са складаным механізмам аўтам. дзеяння. У 1769—1801 кіраваў мех. майстэрнямі Пецярб.АН. Стварыў «люстраны ліхтар» (прататып пражэктара), «планетны» кішэнны гадзіннік, цялежку-самакат, «мех. ногі» (пратэзы), ліфт, аптычны тэлеграф і код для перадачы паведамленняў і інш. Распрацаваў спосабы шліфавання шкла для мікраскопаў, тэлескопаў і да т.п. прылад. У 1776 пабудаваў мадэль аднаарачнага моста з фермамі цераз р. Нява, у 1804 у г. Ніжні Ноўгарад — «вадаходнае судна», якое магло рухацца супраць цячэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ СКО́РАСЦЬ,
скорасць, якую трэба надаць касмічнаму апарату, каб выканаць палёт па зададзенай траекторыі адносна Зямлі (або інш. нябеснага цела).
Адрозніваюць 1-ю, 2-ю і 3-ю К.с. Першая К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа стаць штучным спадарожнікам Зямлі і пачаць рухацца вакол яе па кругавой арбіце. Другая К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа пераадолець прыцягненне Зямлі і стаць штучнай планетай Сонечнай сістэмы. Трэцяя К.с. — мінімальная скорасць, пры якой цела можа пераадолець прыцягненне Сонца і выйсці за межы Сонечнай сістэмы. Каля паверхні Зямлі 1-я, 2-я і 3-я К.с. роўныя адпаведна 7,9 км/с, 11,2 км/с і 16,7 км/с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЛА́Ў,
у беларусаў традыц. рыбалоўная прылада, прызначаная для лоўлі рыбы, якая сплывае на прадвесні па цячэнні. Меў выгляд сеткавага мяшка, прымацаванага да 2 шастоў (вузмукаў), якія кольцамі злучаліся з доўгімі тоўстымі каламі (жорасцямі) так, што маглі свабодна рухацца па вертыкалі ўздоўж іх. Каб рыба не магла выйсці з мяшка, унутры яго (пры ўваходзе) прывязвалася сеткавая перагародка (падпона). П. устанаўліваўся ў палонцы пры дапамозе жорасцяў, якія ўбіваліся ў дно вадаёма, а верхнія канцы абапіраліся на лёд. У рабочым стане ніжняя частка мяшка прыціскалася вузмукамі да дна, а верхняя падтрымлівалася вяроўкамі. Ад мяшка адыходзіла некалькі шнуроў (старажоў), паторгванне якіх сведчыла, што ў сетцы ёсць рыба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІМПРЫ́НЦЫНГ (англ. imprinting ад imprint пакідаць след, запамінаць),
у біялогіі — працэс фарміравання ў раннім перыядзе развіцця арганізма ўстойлівай індывід. выбіральнасці да знешніх стымулаў, а таксама спец. форма навучання жывёл, фіксацыя ў іх памяці адметных прыкмет аб’ектаў, некат. прыроджаных паводзінскіх актаў. Асновы навук. канцэпцыі І. заклаў у 1930-я г.аўстр. біёлаг К.Лорэнц. Фарміраванне І. магчыма толькі на позніх этапах эмбрыянальнага і на ранніх этапах постэмбрыянальнага развіцця, на працягу фіксаваных крытычных, або адчувальных, перыядаў. Ад звычайных відаў навучання адрозніваецца хуткасцю ўзнікнення і працягласцю дзеяння. Напр., рэакцыя руху ў вывадкавых птушак неабарачальна замацоўваецца (запамінаецца) у першыя дні жыцця. Прыроджаная рэакцыя навучання дазваляе жывёлам рухацца за бацькамі і адзін за адным, «пазнаваць» іх. У птушак і млекакормячых вядома таксама з’ява палавога І. (ідэнтыфікацыя асобінай сваёй відавой прыналежнасці). У псіхалогіі І. называюць утварэнне ўстойлівых слядоў у псіхіцы чалавека пасля аднаразовага перажывання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛАНЦУ́Г»,
бел. народны танец. Муз. памер 2/4, 4/4. Тэмп ад павольнага да ўмерана хуткага. Выканаўцы (мужчыны і жанчыны) бяруцца за паднятыя ўгору рукі і становяцца кругам, паўкругам ці лініяй. Той, хто водзіць, не разрываючы ланцуг з рук, праходзіць (за ім астатнія танцоры) праз «вароты» пад рукамі апошняй пары. Апошні выканаўца, калі ўсе праходзяць пад яго рукой, паварочваецца на месцы, а сваю правую руку, сагнутую ў локці і злучаную з рукой партнёра, кладзе далонню на сваё правае плячо. Ланцужок тым часам па чарзе праходзіць пад рукамі наступных пар, і кожны выканаўца прымае падобную позу. Калі ўсе танцоры пераплятуцца рукамі і выстраяцца ў адну лінію, той, хто водзіць, пачынае рухацца ў адваротным парадку і «расплятае» ланцуг, пакуль не выведзе ўсіх на зыходную пазіцыю. Вядомы таксама як адна з фігур кадрылі. Бытуе ў Мінскай, Віцебскай і Гродзенскай абласцях.