Мікуліць ’быць нясмелым, баяцца; баючыся, не ведаць, як паступіць’ (мін., КЭС), укр. микуля́ти ’глядзець, адводзячы вочы, адчуваючы сябе няёмка’, валын. мику́лити ’хітрыць’, ’віляць’, паўд. мику́литися ’мяць’, ’хітрыць’, рус. пск. мику́лить ’пры паляванні прапускаць, не заўважаць, зяваць’, серб.-харв. mikuliti se ’корчыцца, скурчвацца, сціскацца, зморшчвацца’. Генетычна роднасныя з в.-луж. mikać ’маргаць’, mikotać ’варушыць; міргаць’, зах.-мар. mikati se ’спрытна, жвава рухацца’, паўд.-мар. ’мільгаць’, ’вагацца’, серб.-харв. ми̏гољити ’круціцца, ёрзаць’, ’павольна цягнуцца’, изми́гољити се ’вырвацца, выслізнуць’. Усх.-слав. лексемы паходзяць з асновы mik‑(/mig‑), пашыранай дэмінутыўным суфіксам ‑ul‑/‑ol‑. Да міг (гл.). Паводле ЕСУМ (3, 460), ад Микола.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)