Кабы́ла1 ’самка каня’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Мат. Гом., Нік. Напаў., Нік., Оч., Сержп. Грам., Юрч., Яруш.). Укр. кобила, рус. кобыла, польск. kobyła, н.-луж. kobyła, в.-луж. kobyła, kobła, палаб. ťübälə, чэш. kobyla, славац. kobyla, серб.-харв. kòbila, славен. kobìla, мак. кобила, балг. кобила, кобыла. Прасл. kobyla ’тс’, магчыма, з і.-е. сувязямі, параўн. грэч. καβάλλης ’рабочы конь’, лац. caballus ’конь і інш.’, ням. дыял. kōb ’конь, кляча’, або, паводле Слаўскага, 2, 306, магчыма, і запазычанне «вандроўнага» тэрміна, які мог прыйсці з усходу (з Малой Азіі, напрыклад). Агляд літ-ры і асноўных версій Фасмер, 2, 269; Слаўскі, 2, 306–307; БЕР, 501–503. Гл. яшчэ Трубачоў, Происх., 52–53; Мартынаў, Язык., 71.

Кабы́ла2 ’скляпенне ў печы’ (Бяльк., Мат. Гом., Мат. Маг., Юрч.). У сумежных з беларускімі рускіх гаворках адзначаны блізкія па значэнню словы: смал. кобыла ’паўкруглы падмурак печы’, бран. ’паўкруглае скляпенне печы і падпечча’. Бел. усходні рэгіяналізм, паходзіць ад кабыладраўляная форма ў выглядзе паўкружжа для ўтварэння скляпення ў печы’ (Рам.; карм., мсцісл., слаўг., Яшк. Пас.). Кабыла ў апошнім значэнні — перанос паводле падабенства ад кабыла1, шырока вядомая славянская з’ява. Параўн. іншыя назвы прыстасаванняў і дэталей, на якія перанесены назвы жывёл: казёл, кабан, кошка, сабака, бык і да т. п. Больш падрабязна гл. пад кабылка. Параўн., аднак, кебка (гл.).

Кабыла3 ’выструганая палка, да канцоў якой прывязваюцца цяцівы заезніка, і выезд (служыць таксама для выпрамлення палатна сеткі пры выцягванні яе па бераг)’ (З нар. сл.; рыбалоўны тэрмін). Да кабыла1 (гл.), утворана як і іншыя назвы дэталей і прыстасаванняў (параўн. каза́ — назва рыбалоўнай спасці), матывацыя не зусім ясная (магчыма, універсальны перанос слова кабыла як тэрміна тэхнічных прыстасаванняў, які першапачаткова захоўваў празрыстыя сувязі з кабыла ў выніку пераносу паводле падабенства, функцыі і да т. п.

Кабы́ла4 ’некалькі бярвенняў, рухома звязаных у выглядзе ланцужка, якімі абводзіцца месца на рацэ, дзе звязваецца бярвенне ў плыты’. Да кабыла1, аднак матывацыя няясная. Магчыма, тут адбыўся перанос паводле падабенства, а магчыма, гэта вынік універсальнага працэсу, калі амаль што любая дэталь або само тэхнічнае прыстасаванне можа называцца ўжо існуючымі тэхнічнымі тэрмінамі, напр., бярвенні, дошкі і іншыя доўгія прадметы (палкі і да т. п.) могуць называцца кабыламі, усе дэталі з кручкамі, зубцамі — ваўчкамі, сабачкамі і г. д. Не выключана, аднак, што кабыла4 ўтворана ад кабыла ’бервяно’, параўн. рус. пск. кобылка — ’абрубак бервяна; тоўстае доўгае бервяно’. Аднак апошняе таксама з’яўляецца вынікам звужэння значэння слова кабыла ’розныя падпоры ў выглядзе бервяна на падстаўках, ножках і г. д.’, параўн. рус. свердл. кобылина ’бэлька (у столі)’.

Кабы́ла5 ’грыб пеўнік стракаты’ (кам., Жыв. сл.), ’грыб свінуха тонкая’ (Жыв. сл.: Сцяц.), ’радоўка жоўта-карычневая’ (Нар. словатв.), ’від грыбоў’ (Юрч.), ’грыб’ (Жыв. сл.). За межамі беларускай моўнай тэрыторыі як быццам не сустракаецца (рус. смал. кобыла ’род ядомых, але нясмачных грыбоў’ нельга аддзяляць ад бел. матэрыялу). Бел. інавацыя, да кабыла1. Той факт, што адным словам называюць розныя віды грыбоў, сведчыць аб дыфузнасці назвы або аб назве канкрэтнага грыба, якая пашыралася на іншыя (магчыма, зноў-такі ў выніку атрымання дыфузнага значэння ’нясмачны грыб’). Матывацыі маглі быць рознымі. Так, назва магла быць перанесена паводле адзнакі «паўсцістасці» (параўн. кабыленка ’ваўнянка’). Вядомым у славянскім свеце з’яўляецца перанос паводле адзнакі ’вялікі, цяжкі’, параўн. польск. kobyła ’гатунак вялікіх сліў’. Звяртае ўвагу таксама сэнс літоўскай калькі з бел. кабыла ’грыб’: kumẽlė ’ядомы грыб’ (LKŽ, 6, 867).

Кабы́ла6 ’высокая жанчына’ (Мат. Маг.). Да кабыла1; перанос вядомы ў розных мовах, і, відавочна, без сувязі слоў між сабой, або на базе лаянкавага ўжывання кабыла1, або ў выніку замацавання значэння вялікі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Су́чка1 ’самка сабакі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нас., Касп., Бяльк., Варл., ТС, Сцяшк.), ’лаянкавае слова на жанчыну (што ілжэ або распускае плёткі)’ (Нас., Сл. ПЗБ). Памянш. да сука1, гл.

Су́чка2 ’малыя санкі, якія ўжываюцца як дапаможныя пры перавозцы бярвенняў; падсанкі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сцяц. Сл., Маслен., Арх. Вяр.; лях., Янк. Мат.), су́чка, су́чкі ’тс’ (беласт., дзятл., барыс., Сл. ПЗБ; ЛА, 2), ’лаўка, зэдлік’ (Касп.), су́чка ’задняя частка ў санях’ (Арх. Вяр.). Да семантыкі параўн. каза2 ’тс’ (гл.). Польск. дыял. suka, suczka ’заднія санкі’, suki ’сані на двух парах палазоў’. Пэўнай версіі няма. Сцяцко (Афікс. наз., 169) лічыў, што слова ўзыходзіць да сучка1 (“…яны заўсёды прывязваліся да саней і беглі за імі”). Лабко (Бел.-польск. ізал., 73–75) дапускае калькаванне ням. Hund ’сабака’ і ’ваганетка ў шахце’ ці народнаэтымалагічнае асэнсаванне ням. Zug (гл. цуг), якое мае таксама шэраг тэрміналагічных значэнняў, блізкіх да разглядаемых. Меркаванні пра ролю чэшскай мовы ў фармальнай і семантычнай адаптацыі ням. Zug гл. Комаркава, Studia Etym. Brun. 6, 372–373. Гл. наступнае слова.

Сучка3 ’дошчачка з дзірачкамі для накручвання навоя ў кроснах’ (Бяльк., Уладз.), ’кій або клін для ўтрымання задняга або пярэдняга навоя’ (пін., Клім., ЛА, 4; Уладз.), ’планка, што круціць кола ў калаўроце’ (Варл.), ’понаж у калаўроце’ (Бяльк.), ’дэталь у калаўроце’ (мёрск., Ск. нар. мовы), ’верхняя частка калаўрота, дзе наматваецца шпулька’ (Сцяшк. Сл.), ’лапатачка, якая накладаецца на вось у калоўроце, а другім канцом прымацавана да падножкі’: сучка кола рухае ў калаўротку (лід., паст., пух., лудз., Сл. ПЗБ; рас., свісл., кам., Шатал.), су́чачка ’дэталь у калаўроце’ (паст., Сл. ПЗБ), ’калодачка для млёна ў верхнім камені жорнаў’ (паст., ЛА, 4). Параўн. укр. су́чка ’дэталь ткацкага стану’, польск. ’планка ў калаўроце, што злучае кольбу з падножкай’, ’шнурок у калаўроце’, ’рычажок, што злучае кола калаўрота з падножкай’ (Фалінская, Sl. tkac., 1, 292), ’драўляны клінок, што заходзіць у зубцы навоя і стрымлівае яго рух’ (Варш. сл.). Няясна; аднак агульнае значэнне ’злучаць, звязваць, скручваць’ схіляе да думкі пра паходжанне большасці з названых дэталяў ад сучы́ць, сука́ць (гл.), параўн. су́чка ’суканне’ (Нас.), асабліва су́чка ’палка з вяровачнай пятлёй, пры дапамозе якой скручвалі, “вілі”, клібу’ (Інстр. II), сучо́к ’вузлік’, укр. сучо́к ’ручка сукала’. Да такой жа думкі прыходзіць Лабко (Бел.-польск. ізал., 75), прыводзячы ў якасці зыходных для польскіх слоў дыялектны дзеяслоў sucić, варыянты sucyć, suczyć ’падыходзіць, належаць, прылягаць’, што звязваецца з сука́цца ’прыставаць, вязацца’ (гл.). Сувязь з сучка2 спрыяла замацаванню значэння ’стрымліваць, затрымліваць’, у тым ліку ў польск. suka, suczka ’дэталь у жорнах’, ’частка ткацкага стану’, ’задняя частка саней, што складаецца з дзвюх палавінак’, на думку Борыся (586), метафарычных утварэнняў ад suka ’самка сабакі’ (гл. сука1, сучка1), параўн. другасныя ўтварэнні саба́ка ’клін для ўтрымання пярэдняга навоя’ (навагр., ЛА, 4), лісі́ца ’планка ў калаўроце, што круціць кола’ (Варл.), балг. дыял. ку́чка ’сука’ і ’частка сукала’, ’дэталь ткацкага стана’, ’прыстасаванне для ўтрымання абручоў пры вырабе бочак’ і падобныя “звярыныя” метафары (ВЕР, 3, 171). Пераход да су́чка2 дэманструе су́чка ’крывая жэрдка, прымацаваная да падсанак для кіравання імі’ (зах.-палес., Старычонак, БЛ, 13, 34) і польск. sukę paść ’кіраваць жэрдкай, прымацаванай да задняй часткі саней ці разведзенага воза, каб на паваротах не з’ехаць з дарогі’, sukaдраўляная плашка з выемкай, куды ўваходзіць кола пры тармажэнні воза’ (Варш. сл.), балг. дыял. ку́чка ’прыстасаванне ў выглядзе санак, якое падстаўляецца пад адно з пярэдніх колаў нагружанага воза пры крутым спуску’ (відаць, прывязанае да воза), ’санкі для катання з горак’, тэрміналагічныя калькі на базе метафары, крыніцы паходжання якой застаюцца няяснымі.

Су́чка4 ’буёк, паплавок’ (Ян.). Параўн. рус. дыял. су́ка і сука́ ’буй, якарны паплавок’ і ’вяроўка ад паплаўка да якара’. Відаць, да папярэдняга, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калбу́н ’пячкур. Gobio’ (Жд. 2). Укр. дыял. колб ’пячкур’, кобл і інш., рус. дыял. колб, колба ’тс’ (паўдн., паводле розных крыніц), колбень ’тс’, польск. дыял. koubʼeń, koubla (паўдн.-усх.) і інш., падрабязней агляд лексікі ў Герда, Лекс. балтызмы, 10, дзе ён лічыць формы тыпу kolb трансфармацыяй, запазычанай з літар. мовы лексемы (якой адпавядае бел. келб, гл. падрабязней гэтае слова). Такое меркаванне лагічнае, аднак не выключае іншай версіі. Рус. лексему разглядаў яшчэ Міклашыч, 154, які параўнаў яе з алб. kulp‑bi ’прэснаводная рыба’; супраць Бернекер, 1, 659, Фасмер, 2, 286, які адзначыў, што алб. слова магло быць запазычана з слав. моў. Гэта неверагодна з пункту гледжання лінгвагеаграфіі, паколькі ў паўднёвых славян лексема не зафіксавана, аднак па гэтай жа прычыне албанская паралель не здаецца надзейнай. Брукнер (227) адзначаў, што апрача польск. і ўсх.-слав. моў іншыя слав. мовы гэтага слова не ведаюць, аднак лексема з’яўляецца старой, што даказваецца быццам бы яе роднасцю да kielbasa. Не вельмі зразумела, якую семантыку меў на ўвазе Брукнер (фармальнае падабенства тут сапраўды ёсць), апрача таго. слова каўбаса вельмі няяснае, таму версія Брукнера не была прынята як малапераканаўчая. Паводде Безлая, SR, 5–7, 1954, 136, пячкур суадносіцца з слав. *kъlb ’глыбокае месца ў рацэ’ (польск. kołban з’яўляецца ўкраінізмам, гл. Слаўскі, 2, 365, дзе спасылкі на літ-py), версія недастаткова абгрунтаваная, але цікавая і каштоўная, галоўным чынам, таму, што ўкр. ковбирь, якое прыводзіць Безлай, магчымы дэрыват ад усх.-слав. колб‑, вытворныя ад якога азначаюць розныя булавападобныя і шарападобныя прадметы. Семантыцы апошніх цалкам адпавядае і матывацыя назвы калбун, калі яны сапраўды адносяцца да вытворных ад колб‑. Трубачоў (Дополнения, 2, 286) лічыць, што рус. колбь, польск. kiełb, прасл. *kъlbь маглі быць запазычаны з гоц. *kalba‑ ’цяля’ і падмацоўвае такую версію сінонімам бычок для Gobio’. Тут ёсць недакладнасці, на галоўныя з якіх звярнуў увагу Мартынаў, Бел.-польск. ізал., 94–95. Мартынаў (там жа) адзначае складанасць адносін паміж гэтымі слав. назвамі, што выцякае з арэала іх пашырэння, і лічыць, што версія Герда датычыцца толькі некаторых вытворных, сапраўды балтыйскага паходжання (гл. падрабязней пад келб), а слав. *kъlbъ узыходзіць да гоц. *kulbo. Гоцкая лексема на засведчана. Аднак мяркуецца, што яна суадносіцца з ням. Kolbe — назвай некаторых булавападобных рыб, якая хутчэй за ўсё адпавядае Kolbe ’булава, паліца’ — дакладная семантычная паралель усх.-слав. колб‑, дэрываты ад якога азначаюць ’шарападобнае патаўшчэнне; абрубак дрэва і да т. п.’ Калі такая матывацыя натуральная для ням. назвы рыб, няма прычыны лічыць яе немагчымай для слав. колб; пры гэтым утварэнне слова на слав. глебе больш верагоднае ў параўнанні з версіяй аб запазычанні лексемы з неадзначанай гоцкай крыніцы. Семантыка слав. дэрыватаў ад колб‑драўляная цурка’, ’патаўшчэнне на канцы падоўжаных прадметаў’, ’мясісты, тоўсты кончык носа’, ’абрубак дрэва’ і да т. п. як быццам пацвярджае наша меркаванне, аб геаграфіі гэтых дэрыватаў і паходжанні гл. пад каўбух. Аднак арэал пашырэння назваў пячкура ў слав. мовах не выключае магчымасці запазычання слова з германскай крыніцы, на што ўскосна ўказвае лінгвагеаграфія польск. слова, параўн. геаграфію ў Герда, там жа. Слаўскага, 2, 143, пашырэнне слоў на іншай тэрыторыі (поўдзень еўрапейскай часткі РСФСР), магчыма, што толькі ўкр. (у бел. формы з ‑е‑ запазычаныя, а статус разглядаемага слова не вельмі ясны па прычыне адзінай фіксацыі) гэтага не выключае. Менавіта гэта падазроная геаграфія (паўдн.-усх. польскія формы, аб якіх пісаў Герд, відавочна, украінскія; паўн. і паўн.-усх. польская лексіка, і кашубская ў тым ліку, магла б разумецца як балтыйская, аднак, паводле Фрэнкеля, 236, літ. слова з’яўляецца паланізмам) ставіць пад сумненне таксама думку Слаўскага, 2, 143, аб дыялектным прасл. паўн.-слав. *kl̥bjь, старажытнасць якога даводзіцца ўсё тым жа алб. kulp‑bi. Параўн. з літаратуры яшчэ Махэк, ZslPh. 19, 58–59 (дзе балтыйская і слав. сінаніміка і меркаванні аб роднаснасці слав. назваў і літ. kilbùkas ’пячкур’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ка́даўбдраўляная пасудзіна, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка драўніны’ (БРС, ТСБМ; чэрв., З нар. сл.; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат., Янк. 2), ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (глус., Янк. 2; Яшкін, вусн. паведамл.), ’калдобіна на дарозе’ (глус., Янк. 2), ’чыстая вада, азярцо на балоце’ (ельск., Яшк.), ’нізінка, лагчынка са стаячай вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл.), кадаўп ’комін’ (стаўбц., З нар. сл.); кадаўб ’жывот, страўнік’ (гродз., З нар. сл.); кадаўба ’бочка, выдзеўбаная з дрэва’ (Гарэц., З нар. сл., Касп., Мат. Гом.), ’ступка’ (ветк., Мат. Гом.) ’сажалка’, ’выбоіна’, ’кар’ер’ (Мат. Гом.); кадаўбец ’пасудзінка, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’ (БРС, ТСБМ, Сержп. Грам.), ’пасудзіна, куды зліваюць мёд’ (слуц., КЭС); кадалбец ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл. — спасылка на палес. запісы Талстога); кадаўбіна ’ўпадзіна на дарозе’ (глус., Яшк. 2). Укр. палес. кадавба, кадовб ’вялікая бочка’, укр. кадуб, кадівб, кадіб ’вялікая бочка, якая ўжывалася для захоўвання збожжа або мукі, капусты і да т. п.’; рус. смал. кадолба ’калода для сцякання вады, асабліва крынічнай; выдзеўбаная з дрэва бочка; ліпавая кадка без дна, устаўленая ў крыніцу; пра лянівую жанчыну, якая любіць паспаць’, зах.-бран. кадаўба, кадаўбіна, кадоўбіна ’невялікая ямка, запоўненая дажджавой вадой; выбоіна на дарозе’, польск. kadłub ’выдзеўбаная, пустая ў сярэдзіне калода’, ’пасудзіна з суцэльнага кавалка дрэва’, ’кашэль з кары’, ’тулава’, дыял. ’выдзеўбаная калода, якая ўстаўляецца замест калодзежнага зруба; выдзеўбаная калода, якая ўжываецца ў якасці станка жорнаў’; дыял. kadłubek ’крыніца’. Ст.-польск. kadłub ’выдзеўбаны пень дрэва’ фіксуецца з XV ст., славін. kadłu̇b ’тулава’, н.-луж. (арх.) kałub ’выдзеўбаны пень’, в.-луж. kadołb ’камінок над лучынай’, чэш. kadlub ’вялікая пасудзіна, звычайна выдзеўбаная з пустога пня; форма для адліўкі’, ’калодка’, kadluba ’калодзежны зруб’, валаш. kadłb ’выдзеўбаная калода для збожжа’, ’гусіная тушка без крылаў і шыі’, ’грудная клетка’, славац. kadlụb ’рэзервуар для вады, выдзеўбаная калода’, Міклашыч (108), Бернекер (1, 467), а за імі іншыя аўтары (Слаўскі, 2, 16–17; Трубачоў, Эт. сл., 9, 113–114) далучаюць да разглядаемай групы слоў яшчэ і рус. дыял. калдоба, колдоба, колдобина, бел. калдобіна і да т. п, якія, як лічыцца, з’яўляюцца метатэзнымі формамі ад кадолба і пад. Што датычыць паходжання разглядаемых слоў, то можна выказаць наступныя меркаванні. Праславянскай гэту групу слоў лічыць нельга, паколькі адсутнічаюць паўд.-слав. паралелі; рус. гаворкі, па сутнасці, іх таксама не ведаюць. Слаўскі (2, 17) узнаўляе форму *kadḷbʼъ, у якой другая частка — да прасл. *dḷbʼti ’дзяўбці’. Структурную і семантычную паралель для такой этымалогіі можна знайсці ў бел. маг. кадыр ’пасудзіна для збожжа, мукі, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’, якое выглядае як вытворнае ад ка‑ і ‑derь < dьrati або ад прэфіксальнага дзеяслова. Этымалогія слова кадоўб, прапанаваная яшчэ Міклашычам, 108, не прымалася аднагалосна; Траўтман (Göttingische gelehrte Anzeigen, 1911, 258) і Фасмер (RS, 4, 164) меркавалі пра кампозіт kadь + dьlb; Брандт (РФВ, 22, 139) і Сабалеўскі (Slavia, 5, 444) прапанавалі kolodьlba; укр. зах. колодовбина ’выбоіна, ухаба’ зафіксавана ў слоўніку Жэляхоўскага; па сутнасці, той жа аргумент можна прывесці і ў другім выпадку (значэнне ’калдобіна, каляіна’ неабходна было б лічыць першапачатковым, што неверагодна). Фасмер (2, 287) адмовіўся ад ранейшай этымалогіі, Трубачоў (Эт. сл., 9, 113–114) аднаўляе форму ж. р. *kadьlba і м. р. *kadьlbъ, пры гэтым дыскусійным застаецца пытанне, як разумець першую частку кампозіта (ka‑). Ён раздзяляе погляды Фасмера на гэту праблему і лічыць, што ka‑ суадносіцца з пытальным займеннікам *kъto. Слаўскі (2, 17) супраць такога параўнання і мяркуе аб сувязі пейаратыўнага ka‑/ko‑ з прыназоўнікам і ўзмацняльнай часціцай ‑ka (‑ko, ‑kъ). Калі меркаваць аб магчымым дзеяслоўным словаўтварэнні (параўн. прыклады пад кавярзень), можна прапанаваць гіпатэтычную форму ko‑dьlbati, з якой ka‑ утвараецца па вядомай мадэлі. Відавочная сувязь з *dьlbati можа пацвярджацца ўскосна яшчэ і такімі прыкладамі, як укр. кадовбина ’невялікая палонка’, бел. глус. кадаўб (калдобіну на дарозе паўбівалі), кадаўбіна ’ўпадзіна на дарозе’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажу́х1 ’доўгая верхняя вопратка з вырабленых аўчын’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; іван., капыл., КЭС; Маш., Нас., Радч., Сакал., Серб., Сержп. Грам., Сцяц., Сцяшк., Шат., Шэйн.). Укр. кожух ’футра, кажух’, рус. дыял. кожух ’аўчына, вопратка з аўчын’, паводле Даля паўдн. і зах., ’скура’, ’верхняя вопратка, якая не прамакае ад дажджу’ і інш., польск. kożuch ’футра, аўчына, вопратка з аўчыны і інш.’, н.-луж. kožuch, в.-луж. kožuch, чэш. дыял. kožuch, славац. kožuch ’футра (воўна і скура)’, серб.-харв. ко̀жух ’футра, кажух, аўчына’, славен. kožuh ’футра, кажух’, мак. кожув, балг. кожух ’кажух’. Праслав. kožuxъ ’скура жывёлы з футрам; вопратка з падобнай скуры’, утворана ад koža суф. ‑uxъ. У прасл. гэта унікальны суфікс у гэтай функцыі, у той час як у слав. мовах ён шырока прадстаўлены, гл. Слаўскі, 3, 39. Меркаванне Ягіча (AfslPh, XVII, 1894, 292) аб тым, што такая словаўтваральная мадэль нехарактэрная для назваў вопраткі, не пераконвае, паколькі першапачатковым значэннем слова было ’скура жывёліны’, як аб гэтым сведчаць і шматлікія іншыя ўтварэнні ад koža.

Кажу́х2 ’гарызантальная частка дымавой трубы ў хаце’ (Гарэц.), ’прастора паміж печкай і сцяной, калі печ стаіць блізка пры сцяне’ (Бяльк.). Рус. кожух ’комін печы’, ’выцяжная драўляная труба над дымавой адтулінай курной хаты’, параўн. шуйск., уладз. ’гарызантальная частка дымахода, якая злучае печ з комінам’; наогул рус. слова называе розныя часткі як печы, так і навакольнай прасторы. Гэта зніжае каштоўнасць супастаўлення бел. кажух ’прастора паміж печчу і сцяной’ і маск. кожух ’сцяна каля рускай печы’. Утворана (першае) ад кожух ’пакрыццё, чахол’, значэнне, некаторыя этапы развіцця якога ад kožuxъ ’скура’ можна прасачыць па такіх прыкладах, як рус. кожух ’скура змяі (якая скідаецца)’, ’шкарлупіна’, кожура ’драўняная кара’, балг. кожулец ’кокан’, макед. кожурец ’тс’. Значэнне ’прастора паміж печчу і комінам’ можа разумецца як ’паветраная ахова, своеасаблівы кажух’ або, што больш верагодна, ад *кажух ’частка печы’, ’частка прасторы каля печы’ — падобныя значэнні засведчаны рускімі гаворкамі. Аб часе ўтварэння слова і магчымых культурных сувязях на ўзроўні рэалій можна толькі здагадвацца, аднак вялікая колькасць значэнняў тэрміна кожух у рус. дыял. і ўсходняя геаграфія бел. слова сведчаць, што тут назіраецца руская інавацыя.

Кажу́х3 ’пенка на малацэ’, кажушок ’тс’ (пух., Жыв. сл.), ’брудны налёт, паласа пены на вадзе і інш.’, параўн. у кантэксце: «…бывае, кажух такі зробіцца зверху на вадзе стаячай, смуга такая зверху зялёная, як доўга стаіць» (пух., Жыв. сл.). Польск. kożuch ’плеўка, якой зацягваецца паверхня вадкасці, напрыклад малака’, kożuch rzęsy, славен. kożuch ’пенка на малацэ’; з іншай суфіксацыяй: укр. кожушок (у Жэляхоўскага) ’плеўка на паверхні малака, кісялю’, макед. кожурек, кожурка ’пенка на малацэ’, балг. кожер ’смятана, пенка на малацэ’, кожарец ’тс’. Адсутнасць дакладных адпаведнікаў з больш надзейнай серб.-харв. тэрыторыі не дазваляе з упэўненасцю меркаваць аб праславянскім значэнні ’плеўка на вадкасці, пенка на малацэ’. Аднак наяўнасць балг. і макед. паралеляў сведчыць у карысць старога, незалежнага ад уздзеяння ням. мовы (параўн. у Слаўскага, 3, 39) пераносу; гл. яшчэ кажух2 і кажух4. Этымалагічна кажух3 ад kožuxъ ’субстанцыя, якая пакрывае што-небудзь, якое з kožuxъ ’скура і да т. п.’, гл. кажух1.

*Кажу́х4, кожух ’расліннае покрыва на балоце, якое ўспухае, узнімаецца’, параўн. у кантэксце: «Такый кожух е на тэму болоты: вуда зрывае кожух од шчырцу. На тэму кожуховы гуйдатыся можна» (малар., Нар. лекс.), кожух ’твань, дрыгва’ (малар., Талстой, Геагр.), кокожух ’зыбкае месца’ (тураў., ДАБМ). Паводле Талстога, Геагр., 185–186, утворана семантычна падобна (па прынцыпу метафары), як і інш. назвы для значэння ’дрыгва, топкае месца на балоце’ (здмух і пад.). Тур. кокожух, паводле Талстога, там жа, дээтымалагізаваная форма з рэдуплікацыяй першага складу (параўн. рус. дыял. кокоты < коты ’назва абутку’), аднак, улічваючы палескія назвы каверт, кобагня, можна меркаваць аб магчымасці існавання рэгіянальнай мадэлі ўтварэння ко‑ + назва дрыгвы. Этымалагічна кажух4 < *кожух < kožuxъ, гл. кажух1, гэта пацвярджаецца, магчыма, кобр. кожушкы мняты ’ўгінаць, мяць тонкі лёд’ (Жыв. сл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́тка1 ’невялікія дзверы для праходу ў варотах, плоце, агароджы; фортка’ (БРС, ТСБМ, Касп.; гарад., Сл. паўн.-зах.). Суадносіцца з рус. калитка ’тс’, якое зафіксавана ў пісьмовых помніках параўнальна позна — з другой палавіны XVII ст. У гаворках адзначаецца таксама калін. ’вароты’, цвяр. ’пярэднія вароты для ўваходу на ганак’, ярасл., кастр., маск. ’дзверы сялянскай хаты, якія вядуць з ганку ў сені’, тульск.драўляная крышка, якая зачыняе ўваход у падполле’, ’навес’. Характар сувязі бел. і рус. лексем няясны — на поўначы гэта, магчыма, спрадвечнае слова, на іншай бел. тэрыторыі — культурнае запазычанне з рус. мовы. Калитка як быццам выключна рус. слова, этымалогіі фактычна няма. Бернекер (1, 474) уводзіць слова ў артыкул kalita ’кашалёк’, паводле Праабражэнскага, 1, 286, рус. калита суадносіцца з коло, колесо. Паводле Фасмера, 2, 168, абедзве версіі памылковыя; неабходна рэканструяваць архетып колита ’дзверы’ ад колъ. Словаўтваральны тып, аднак, застаецца незразумелым. Не выключана, што бліжэй да ісціны быў Бернекер. На жаль, у нас няма непасрэдных доказаў таго, што каліта ’фортка’ і калита, калітка ’кашалёк’ непасрэдна суадносяцца ў выніку падабенства. Можна толькі меркаваць, што немалую ролю тут магла адыграць не столькі чатырохвугольная форма, колькі падобнасць упрыгожанага чатырохвугольніка кашалька да дзвярэй, форткі, верагодна, замацаваных перакрыжаванымі рэйкамі. Нашы меркаванні заснаваны, галоўным чынам, на ўскосных доказах. Так, параўн. каліта2, дзе назіраецца імаверны перанос па форме. Можна прывесці і полац. у калітачку скласці (хустку) ’скласці роўненька, квадрацікам’, якое, на нашу думку, непасрэдна суадносіцца з шырока засведчаным на рус. моўн. тэрыторыі калитка ’пірог, піражок з начынкай, звычайна адкрыты’. Цікава адзначыць, што на магчымую першасную сувязь указвае яўная адідэацыя ў рус. дыял. калитка ’піражок з узорам з гарызантальных палосак (у выглядзе «калитки»). Відаць, няма патрэбы ў пераносе назвы з каліткі ’кашалёк’ на іншыя рэаліі, не выключана, што тут рэалізуецца разгалінаваная семантыка запазычанага слова. Што датычыць лінгвагеаграфіі, то рус. калитка ’фортка’ ў значнай меры супадае з арэалам адпаведнай назвы для кашалька, аднак на бел. тэрыторыі гэта русізм.

Калі́тка2, звычайна мн. ліку, ’чатырохвугольныя ласкуты ў безрукаўцы’ (лун. Малч.). Паралелі да бел. слова ў польск. мове: kalita, kalitka (у мн. ліку) ’ласкуты ў кафтанах’, ’«зубы», прышытыя да нізу гарсэту’ і да т. п. Этымалагічна суадносіцца з каліта як ’чатырохвугольнае (скураное?) упрыгожанне на вопратцы’. Шырока прадстаўлена ў польск. гаворках, што, магчыма, сведчыць аб запазычанні бел. слова з польск. мовы.

Калі́тка3 ’лагчына, зарослая кустамі’ (Касп.). Адпаведнікаў у бел. мове да гэтага слова няма. Ілюстрацыя ў слоўніку не выключае магчымасці, што тут зафіксаваны мікратапонім: «Зьвядзі каня ў калітку пасьціць» (Касп., с. 151). Рус. наўг. калита ’частка ворыўнага поля’, валаг. ’лес, які знаходзіцца блізка ад вёскі’, арханг. калитка, паводле СРНГ, 12, 359: «Небольшой земельный участок, выгороженный особо среди одного обода — земельного владения, принадлежащего нескольким хозяевам». Гэтыя факты таксама няпэўныя (мікратапанімія?), але дастаткова аднародны арэал, дзе адзначана слова, сведчыць, магчыма, пра агульную інавацыю. Няясна, на базе якой лексемы ўтвораны слова, паколькі магчымая ідэя «чатырохвугольнасці» адносіцца і да каліта і да калітка. Можна думаць пра сувязь слова з праслав. kalъ; дэрыват у такім выпадку павінен быў азначаць спачатку ’вільготнае, балоцістае месца’. Пярэчаць гэтаму відавочныя рус. паралелі (семантычныя цяжкасці) і словаўтваральны крытэрый.

Калі́тка4 расліна гарлачык, Nuphar luteum; Nymphaea alba’ (лельч., стол., лун., Бсил.). Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю неабходна аднесці сюды і каліты, адзначанае ў Сержпутоўскага, 63: «Падплыла дошка к берагу, заплуталася паміж калітак і стала». Далей сюды ж калітнік ’гарлачыкі жоўтыя’ (саліг., Нар. словатв.). Бейліна (Лекс. Пол., 422) як адпаведнік прыводзіць укр. калитник ’расліна Capsella bursa pastoris’, што наўрад ці правамерна. Укр. назва — празрыстае ўтварэнне ад калита ’кашалёк, сумка’, тое ж і ст.-польск. kaleta pasterska, kaletki, літ. kolytä ’расліна Thlaspi arvense’. матывацыя зразумелая, паколькі насенныя каробачкі вельмі нагадваюць сумкі рознага тыпу, параўн. лац. назву і рус. кальку пастушья сумка. Семантыка тэрмінаў для Nuphar, Nymphaea з’яўляецца іншай, параўн. бел. сінонімы: глечыкі, кушынкі. жбанкі, палес. банка, гладышечки, укр. кубишка, збанок, банька і інш. Думаецца, што ўкр. назву для Capsella можна разглядаць асобна ад бел. Апошнія ў такім выпадку — відавочна беларуская рэгіянальная інавацыя. Фармальная сувязь з вышэй прыведзенай лексікай відавочная; цяжка, аднак, аддаць перавагу збліжэнню з каліта. паколькі нельга цалкам выключыць магчымай сувязі з каліт‑ ксч. Думаем, што слова неабходна ўсё ж такі лічыць роднасным да каліта, аднак не ’кашалёк чатырохвугольнай формы і да т. п.’, а ў значэнні ’мяшочак, капшук і інш.’ Падставы для такога меркавання ёсць, паколькі шэраг слав. сінонімаў для Nuphar, Nymphaea сведчыць аб тым, што кветкі або насенныя органы параўноўваліся з галоўкамі маку і называліся тэрмінамі з семантыкай «выпукласці». Параўн. бел. булдоўка для Nuphar, макаўка, макоўка ’Nymphaea’, палес. болбуткі, бубенчики ’Nuphar’, болбутки ’Nymphaea’, магчыма, укр. бабка ’Nuphar’, мак. водяний бамбулька ’плод гарлачыка’ і інш. Не выкліочана таксама, што бел. назва — вынік канкрэтнай рэалізацыі больш шырокавядомай мадэлі, паводле якой утвораны і ўкр. і інш. назвы; у такім выпадку можна думаць аб існаванні універсаліі ў межах народнай тэрміналагічнай сістэмы намінацыя. У любым выпадку інавацыйны характар назвы відавочны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапа́ць1 (трыпа́ць, трэпа́ць) ’ачышчаць валакно ад кастрыцы пасля апрацоўкі на церніцы’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Касп., Сцяшк., Юрч., Ян., Сл. ПЗБ, ПСл, ТС), ’біць кісцю рукі’ (Нас., Байк. і Некр.), ’тузаць, гайдаць (пра вецер)’ (ТСБМ), ’ісці вялікую адлегласць’ (ТСБМ, Сцяц.), ’хутка ісці’ (Шат., Сцяшк., Адм.; зэльв., Нар. словатв.), ’хутка ўцякаць (ад пчол)’ (Ян.), ’ісці (пра дождж)’ (Ян.), ’танцаваць, скакаць’, ’імчаць, несці, б’ючы капытамі ў перадок’ (Юрч.), трапаць ногі ’хадзіць пехатой у далёкую краіну’ (Юрч. Фраз.), тръпаць ’марудна ісці, ледзь рухацца’ (мёрск., Нар. лекс.), трэпа́ты ’ачышчаць валакно’ (Сл. Брэс.), Укр. тре́паты ’трэсці’, ’ісці’, ’прагна есці’, трі́пати ’трэсці, вытрэсваць’, ’трапятацца на ветры’, ’матляцца’, ’дрыжэць’, ’ляскаць, лопаць (крыламі, хвастом)’, ’трэсці галавой, адмаўляючы што-небудзь’, ’бегчы’, рус. трепа́ть ’перабіраць, тузаць, тармасіць, торгаць, мяць, скубсці, ірваць, драць, бузаваць’, польск. trzepać ’штурхаць, біць, лупіць, махаць, трэсці чым-небудзь з размаху’, ’выбіваць пыл з адзежы, дываноў’, ’трэсці’, ’трапаць лён’, ’выганяць мёд з сотаў’, ст.-польск. trzepać konie ’чысціць коней’, каш. třepać ’брудзіць’, ’біць’, ’карыстацца анучкай’, н.-луж. tśepaś, tśapaś ’выбіваць’, ’грукаць’, ’махаць’, ’пастукваць’, ’сцябаць каго-небудзь’, в.-луж. třepać ’махаць’, чэш. třepat ’узмахваць крыламі’, ’ляпаць, ляскаць’, ’узбоўтваць’, ’трэсці будзячы’, мар. ’трапаць лён, каноплі’, славац. trepať ’махаць, размахваць’, ’стукаць’, ’трапаць лён’, ’біць, разбіваць (талеркі)’, славен. trepáti ’міргаць вачыма’, ’трапаць’, ’біць’, ’вытрэсваць, чысціць махаючы’, ’грукаць’, ’гнаць’, ’круціць’, ’пацепваць па плячы’, ’апладзіраваць’, ст.-славен. ’злёгку ўдараць’, харв. trȇpiti ’дрыжаць’, ’трапятацца, матляцца’, ’баяцца’, trȅnuti (< trepnuti), trȅpnut ’недасыпаць’, ’заплюшчваць вочы’, na‑trepati ’страсаць, скідаць’, ’уздрыгнуцца’, старое trepati ’біць’, балг. трѐпкам ’уздрыгваць’, ’міргатаць’, трѐпам ’забіваць’, трепвам ’дрыжэць’. Прасл. *trepati ’хутка ўдараць, біць’, ’рваць, раздзіраць’, ’пырхаць’, ’лётаць’, ’трэсці’, якое генетычна звязана з прасл. *trepetъ ’трапятанне, дрыжанне’, *tropa ’дарога’ (ЕСУМ, 5, 644) і роднаснае літ. trepsė́ti, trepénti ’тупаць нагамі’, trepinė́ti, trepsénti ’патупваць, таптацца, таўчыся’, ст.-прус. ert‑reppa ’пераступаць’, trapt ’ступаць’, гоц. þrabōn ’бегчы рыссю’, лац. trepidus ’неспакойны, які часта перабірае нагамі’, trepidāre ’тупаць нагамі’, ’бегаць туды-сюды’, ’кідацца’, ст.-грэч. τρέπω ’паварочваю, адхіляю, зменьваю’, τραπέω ’нагамі выціскаю віно з вінаграду’, алб. shtyp ’лаўлю, сціскаю’, ст.-інд. tṛprá‑, tṛpala‑ ’нясталы, рухомы’, афг. drabəl ’трэсці, сыпаць, націскаць’ (Фасмер, 4, 98–99; Сной₂, 781; Чарных, 2, 261; Брукнер, 581; Махэк, 657; Скок, 3, 496–497), якія ўзводзяцца да і.-е. *trep‑ ’таптацца, дробненька тупацець’ — гукаперайманне (Борысь, 649). Анаматапеічнае значэнне больш уласціва славянскім мовам, у той час як балтыйскім і іншым індаеўрапейскім мовам характэрна значэнне ’работа ног’ (Скок, 3, 496–497). Сюды ж трапа́ць ’вастрыць касу мянташкай’ (Ян.), трапа́ць ’знясільваць (ад хваробы)’ (Юрч. Вытв.), трапа́цца (перан.) ’цяжка працаваць, трацячы сілы’ (Юрч. СНС), трэпону́ті ’ўдарыць’ (беласт., Сл. ПЗБ), якое Мацкевіч (там жа, 141) выводзіць з польск. trzepnąć ’тс’, што не абавязкова, бо гэта рэгулярнае ўтварэнне з прасл. суф. *‑nǫ, параўн. трэпну́ць ’стукнуць’ (ТС), трапну́ць ’тс’ (Шат.), трапану́ць ’ударыць’ (Нас.; шальч., Сл. ПЗБ); трапа́лка ’дошчачка, якой трэплюць валакно лёну’ (ігн., Сл. ПЗБ; Мат. Гом., Касп.), трапа́ло, трэ́пало ’тс’ (Чэрн.; пруж., Сл. ПЗБ), трэпло́ ’тс’ (Пятк. 1), трапа́чка ’тс’ (Сцяц., АБ, 9; шчуч., З нар. сл.; Скарбы, Сл. ПЗБ), трапы́шка ’тс’ (Бяльк., Юрч.; чач., ЛА, 5; Мат. Гом.; бялын., Янк. 3.), трапа́шка, трапу́шка ’тс’ (Сцяшк., Сцяц.; баран., Сл. ПЗБ; лях., Янк. Мат.; Жд. 3; Абабур.; Мат. Гом.), трэпа́лка, трэпа́шка ’тс’ (ПСл, ТС), тропа́чка ’тс’ (ТС), трыпа́чка, трэпа́шка ’тс’ (Сл. ПЗБ), трыпа́шка ’тс’ (в.-дзв., віл., воран., Шатал.; лях., Янк. Мат.; Бір. Дзярж.), трапёшка ’тс’ (талач., Шатал.), трэпа́чка, трэ́пач ’падстаўка (калодка з прымацаванай да яе вертыкальнай дошкай), на якой адбываецца трапанне’ (Уладз.; івац., Нар. сл.), трэпа́чка ’тс’ (драг., Выг.; Бес., Дразд.; бяроз., Шатал.), тряпы́шка ’тс’ (Юрч.; чэрык., ЛА, 5; Мат. Маг. 2), трапло ’тс’ (Дразд., Сцяшк.), стряпы́шка ’тс’ (касцюк., ЛА, 4), трэпа́чка (пін., ЛА, 5), трапаві́ла ’тс’ (жлоб., Мат. Гом.). Сюды ж трапа́льніца ’жанчына, якая трэпле лён’ (Сцяшк., Сл. ПЗБ, Мат. Гом.; брэсц., гродз., мін., маг., віц., добр., ЛА, 3), трапа́нніца (Сцяц., ЛА, 3, Мат. Гом.), трапа́льшчыца ’тс’ (шальч., калінк., Сл. ПЗБ; аг.-бел. (без зах.-палес.), ЛА, 3), тріпа́ньніца ’тс’ (Юрч.), трэпа́льніца ’тс’ (Выг.), трэпа́лъныца ’тс’ (Сл. Брэс.), трэпа́лныця, трыпа́льныця ’тс’ (жабін., кам., ЛА, 2), тропа́льніца, трапа́тальніца ’тс’ (кобр., навагр., ЛА, 3), трапа́лка ’тс’ (рагач., чаш., ЛА, 3), трапа́чка ’тс’ (віц., гродз., мін., мазыр., бялын., ЛА, 3), трапло́ ’тс’ (шарк., чавус., ЛА, 3), трапа́льня ’тс’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 3), трапля́ ’тс’ (навагр., ЛА, 3), трапа́ха ’тс’ (валож., ЛА, 3), трэпа́ло ’тс’ (пруж., Сл. ПЗБ), тряпе́ц ’трапальшчык ільну’ (беш., шуміл., ЛА, 3; шуміл., Сл. ПЗБ; беш., Нар. сл.), тріпа́ньнік ’тс’ (Юрч.), трэпа́ч ’тс’ (Нас.; в.-дзв., Сл. ПЗБ), трэпа́льніцадраўляная падстаўка для трапання лёну’ (пін., Шатал.), трэ́пало ’тс’ (пін., ЛА, 5), трапа́шка ’тс’ (стаўб., чырв., З нар. сл.; навагр., Жыв. сл.); трапа́чка ’церніца’ (шчуч., ЛА, 4), трапа́лка, трапальня ’тс’ (зах.-гом., Трух.), трыпа́льня ’тс’ (драг., ЛА, 4); трапа́чка ’мухабойка’ (астрав., Ск. нар. мовы); тро́панка ’дзве жмені цёртага лёну, якія браліся для трапання’ (Бір.; чырв., З нар. сл.; ст.-дар., капыл., Сл. ПЗБ), тре́панка, трэ́панка, тро́панка ’мера вытрапанага лёну’ (петрык., мазыр., слуц., глус., ЛА, 4), трэ́пач ’жменя трапанага лёну’ (лун., Шатал.), трапа́шка ’звязка кудзелі’ (жытк., Мат. Гом.).

Трапа́ць2 ’балбатаць, малоць языком’ (Шат., Юрч.; бых., ЛА, 2), ’гаварыць недарэчнасці’ (Сл. ПЗБ), трапа́ць языко́м ’гаварыць лухту’ (Шат.), трапа́цца (разм.) ’гаварыць лухту, бязглуздзіцу, няпраўду; гаварыць несупынна’, ’расказваць, прагаварыцца аб чым-небудзь’ (ТСБМ), ’кепска сябе паводзіць’ (Касп.), трапану́ць ’сказаць не падумаўшы’ (Юрч. Сін.), трапа́цца языком ’пустасловіць, балбатаць’ (Растарг., Юрч. Фраз.), трапатну́ць, трапану́ць ’тс’ (Юрч. СНЛ). Сюды ж тръпа́чка ’балаболка’ (мёрск., Шатал.), трэпа́лка, трэпло́ ’балбатуха’ (Растарг.), ’балбатун’ (ТСБМ, Касп., Мат. Гом.; бых., ЛА, 2; глус., Янк. Мат.); трэпло́ ’тс’ (ТС), тряпло́ (шуміл., ЛА, 2), трапло́ ’рот’ (Мат. Гом.), трапло́ ’языкаты, балбатлівы’ (Сцяшк.), трапатанік, трапач, трапа́ннік ’балбатун’ (Юрч. СНЛ), трапа́к ’балбатун, лапатун’ (шальч., Сл. ПЗБ), трапа́ч ’пустамалот’ (Скарбы), трэ́пля ’пустая гутарка’ (Бяльк.), трапані́ца, трапня́, трапа́нне ’балбатня’ (Юрч. Вытв.), траплі́вы ’балбатлівы’ (Юрч. СНЛ), тряплі́высць ’балбатлівасць’ (Юрч. СНЛ), трапатня́ ’тс’ (там жа), трапу́шка, тряпышка ’той, хто многа, без толку гаворыць’ (Мат. Маг. 2), трапу́н, трапату́н ’балбатун’, трапу́ньня, трапу́ха, трапату́ння, трапату́ха ’балбатуха’ (Юрч., Вытв.), троп ’балбатня’ (мсцісл., Нар. ск.). Рус. трепа́ть ’малоць языком’, трепа́ться ’балбатаць’, польск. trzepać ’балбатаць, лапатаць, малоць языком’, чэш. třepatí ’гаварыць бязглуздзіцу, пустасловіць’, славац. trepať ’тс’. Познепраславянская семантычная інавацыя паводле падабенства дзеяння з дзеясловам трапа́ць1 (< прасл. *trepati) (гл.), параўн. асабліва значэнне ’трапаць языком’. Не выключаны пераход значэння ’грукаць, таптаць моцна нагамі, хадзіць з грукатам’ (гл. тропаць ’тс’) > ’балбатаць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каза́1 ’самка казла’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп.; лаг., КЭС; Маш., Мат. Гом., Нас., Радч., Сержп. Прымхі, Сцяц. Нар., Сцяшк., Шат.; бялын., Янк. Мат.; Яруш.). Укр. коза, рус. коза, польск. koza, палаб. tʼözɜ, н.-луж. kóza, в.-луж. koza, чэш. koza, славац. koza, славен. kóza, серб.-харв. ко̀за, макед. коза, балг. коза. Засведчана ў ст.-слав. коза ’тс’. Праслав. koza ’Capra’. На думку Слаўскага, 3, 25, старыя дэрываты (прасл. часу) koža, kozuxъ, kozьlъ. Асобае месца назвы казы ў славянскім фальклоры і абрадах сведчыць на карысць спрадвечнага характару гэтага слова. Аднак дакладных і.-е. адпаведнікаў да прасл. koza няма. Бліжэй па семантыцы і форме і.-е. ўтварэнні: ст.-інд. аjā ’каза’ (і.-е. *ag̑ā), ajá ’казёл’, с.-перс. azak, н.-перс. azg ’каза’, літ. ožỹs ’казёл’, ožkà ’каза’ (< балт. *ažia‑), патрабуе тлумачэння слав. k‑ у пачатку. Іншыя паралелі: алб. keth, kedhi ’казляня’, ст.-англ. hκcen ’тс’, hacele, hκcele ’плашч’, гоц. hakuls ’тс’, ст.-ісл. hokull ’верхняя вопратка, плашч’, с.-н.-ням. hoken ’маленькае казляня’. Гэта версія падтрымлівалася шэрагам даследчыкаў (Бернекер, Педэрсен, Торп, Младэнаў, Фасмер і інш.), гл. літ-ру ў Бернекера, 1, 595; Фасмера, 2, 277, аднак і апошняя этымалогія не пазбаўлена фанетычных цяжкасцей. Звернем увагу і на той факт, што алб. слова, магчыма, не суадносіцца са слав. лексемамі: Неразнак (Этимология–1973, 198) адзначае, што, паводле этымалагічных распрацовак Чабея, алб. kedh ’казёл’ неабходна лічыць кантамінацыяй дзвюх семантычна тоесных асноў edh (< і.-е. *ag̑‑) і kec. Па такой жа прычыне цяжка прыняць прапанаваную Уленбекам (94) думку аб роднасці ст.-інд. chā́gaḥ ’казёл’ і слав. koza. Аб гэтай версіі гл. Геаргіеў, Въпроси, 58–59, аб ст.-інд. слове гл. Майргофер, 406. Брукнер (262) меркаваў аб сувязі прасл. слова і літ. ožkà, дапускаючы метатэзу. Адзначым, што ў славянскіх мовах зафіксаваны адпаведнік літоўскаму слову — гэта серб.-ц.-слав. azno, ꙗзьно, рус.-ц.-слав. ꙗзьно ’скура’ < прасл. azьno, магчыма, славен. aževina ’адходы пры вырабе скуры і інш.’, гл. аб апошнім Саднік–Айцетмюлер, Vgl. Wb, 1, 42. Корш (Зап. Геогр. Общ. Отд. Этногр., 34, 537 і наст.) выказаў думку, што слав. koza запазычана з цюрк. моў. Гэту версію падтрымаў Трубачоў (Гл. ВЯ, 1959, 1, 23). Трубачоў (Происх. 86–88) прапанаваў алтайскую крыніцу як для літ. ožkà ’каза’, так і для слав. koza. На думку Трубачова, гэта запазычанні двух храналагічных узроўняў: балт. і інда-іран. < ст.-цюрк. äčkü (’каза’? ’казёл’?), слав. < цюрк. käza, якое ў сваю чаргу метатэза äčkü. Алтайскія назвы, паводле Трубачова, Происх., 88, узыходзяць да падзыўных слоў. У новых этымалагічных слоўніках такая версія ацэньваецца як пераканаўчая. Слаўскі (3, 25), Махэк₂ (286) лічаць, што найбольш верагоднай з’яўляецца этымалогія, паводле якой суадносяцца слав. koza, ст.-інд. ajā́ і інш. K у слав. koza тлумачыцца як пратэтычнае; у якасці паралелі прыводзіцца слав. kostь, якое разам з лац. costa ’рабро’ можна суаднесці са ст.-інд. ásthi, ст.-іран. ast‑, asti‑, ст.-грэч. ὀστέον, лац. ós, ossis ’костка’, аднак, па сутнасці, тут адным ненадзейным прыкладам падмацоўваюць другі, гл. аб ст.-інд., ст.-іран., ст.-грэч. і лац., хет. hastai, арм. oskr, якія да і.-е. *est‑hi (Ваян, Gramm. comp., 2, 173, 183). Геаргіеў (Въпроси, 18) меркаваў, што ў прасл. былі кантамінаваны гіпатэтычныя *astь ’костка’ і *kast(a) ’рабро’ (тут a ў аснове ‑o). БЕР (2, 523–524) прымае, па сутнасці, этымалогію Бернекера і іншых (гл. вышэй), мяркуе аб магчымасці далучыць да спіска і.-е. адпаведнікаў ст.-інд. chagaḥ ’казёл’, chā́ ’каза’ і абгрунтоўвае суаднесенасць у гэтым выпадку z у слав. слове і g у ст.-інд. Паводле гэтага слоўніка, ст.-інд. слова з і.-е. *skego‑s ’скакун’, а z у слав. koza над уплывам kozьlъ, якое з і.-е. *(s)kōg‑ і суф. Nomina agentis ‑ilo‑s (і.-е. слова па значэнню таксама ’скакун’), гл. падрабязней БЕР, там жа. На думку Геаргіева (Въпроси, 18), кантамінацыя яшчэ ў і.-е. мове *(s)kēgo‑s, *(s)kōgo‑s ’казёл’ і ā̆gā, ā̆g‑i‑ ’каза’, у выніку якой утвараліся *ā̆gʼo‑s ’казёл’ *ā̆gʼā, ā̆gʼ‑i‑ ’каза’, першая пара слоў да і.-е. *(s)kēg‑, *(s)kəg — ’падсукваць’.

*Каза́2, коза ’худая і малая жанчына’ (драг., Нар. лекс.). Чэш. koza ’аб худой і не вельмі разумнай жанчыне’. Перанос ад каза1, матывацыя ясная; параўн. паводле іншай адзнакі рус. пск., асташ., цвяр., калуж. і інш. коза ’аб жвавай, бойкай, спрытнай дзяўчыне’. Незалежна (беручы пад увагу рэгулярнасць такога пераносу) польск. koza ’аб вясёлай падрастаючай дзяўчыне’ і адзначанае Ліндэ з XVII ст. ’аб брыдкай, распуснай жанчыне’, славац. koza ’аб дзяўчыне, кабеце’.

Каза́3 ’апрануты ў вывернуты кажух хлопец у час шчадравання’ (Булг., Радч., Шат.), ’даўні беларускі калядны абрад’ (ТСБМ). Укр. коза ’тс’, чэш. дыял. koza ’абрадавая гульня’. Да каза1 параўн. у Радчанкі: «Изображенный козой хлопец…», у Грынчэнкі: «…одевается козою». Аб храналогіі і сувязях меркаваць цяжка, улічваючы рэгулярнасць з’явы і магчымасць як старога характару абраду, так і яго міграцыі.

Каза́4 ’танец «каза»’ (БРС, Сержп. Грам.). Можна прывесці не зусім дакладныя ўкр. (у Чубінскага. З, 265) «коза танцует под музыку» (на каляды), рус. (у Даля) плясать козою ’ламацца па-балаганнаму’. Аб матывацыі можна здагадвацца, аднак інфармацыі не хапае.

Каза́5 ’невялікая рыба тыпу ўюна, якая жыве ў глеі’ (полац., З нар. сл.), ’нейкая невялікая рыбка’ (віц., Нар. лекс.). Сувязь з каза1 бясспрэчная; матывацыя, відаць, тая, што прапануе складальнік слоўніка А. Я. Баханькоў: «… назву атрымала, відаць, з-за двух вырастаў-рожак на ніжняй губе» (З нар. сл., 221). Абедзве фіксацыі слова з аднаго рэгіёна, што, магчыма, сведчыць аб лакальным пераносе, незалежным ад такіх лексем, як укр. (у Шухевіча) коза сікавка ’рыбка Cobitis taenia’, польск. koza ’рыба’, ’рыба Cobitis taenia’.

Каза́6 ’грыб пеўнік стракаты’ (узд., Нар. словатв.), коза ’тс’ (драг., кобр., Жыв. сл.; лельч., Жыв. сл.; хойн., Мат. Гом.), куза ’тс’ (драг., Жыв. сл.). Балг. дыял. козурка ’від стракатага грыба’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; параўн.: «Коза чорная зверху, рэпатая, а пудо дном, як мох, то козья шэрсць» (лельч., Жыв. сл.), «Козы з пудодна такіе, як на казе шэрсць, а зверху репеховатые» (хойн., Мат. Гом.), «Бараду ў казы с‑пад нізу трэба шчысціць нажом, а верх зрэзаць да мяска і атварыць» (узд., Нар. словатв.). Нягледзячы на такія яркія прыклады, неабходна мець на ўвазе, што ў даным выпадку магла адбыцца канкрэтызацыя назвы ад каза, казёл у значэнні ’агульная назва ядомых грыбоў, за выключэннем баравікоў і да т. п.’, якія ад каза1, казёл1 паводле адзнакі ’адмоўнае, дрэннае’, параўн. таксама і балг. дыял. козач ’грыб лісічка’ і (што можа сведчыць аб іншай матывацыі) ’гъба, припънка, пачы крак, Cautharellus cibarius’. Гл. казляк.

Каза́7 ’арыштанцкая, кутузка’ (БРС). Слова прыводзіцца і ў Насовіча з падрабязным тлумачэннем: «Съезжий домъ. Городская застава, по бѣлорусски называется рогатка… Почему отъ слова рогатка домъ этотъ назывался козою. И в настоящее даже время о посаженномъ подъ арестъ или въ смирительный домъ говорятъ: посадили въ козу; въ козѣ сѣдзиць» (Нас., 240–241). Укр. коза ’турма’, польск. koza ’тс’ (у Ліндэ з XVIII ст.), чэш. дыял. слова ’турма’. Цяжка меркаваць, як суадносяцца гэтыя назвы; улічваючы геаграфію, можна было б гаварыць аб калькаванні з гіпатэтычнага зах.-еўрап. слова або аб запазычанні з польск. мовы. Ва ўсякім разе тлумачэнне Насовіча толькі падкрэслівае думку, што гісторыя гэтага слова абумоўлена гісторыяй рэаліі, і, хаця матывацыю ’рагатка, рагаты’ можна прыняць (аб такіх пераносах гл. ніжэй), тэарэтычна назва магла быць утворана і іншым шляхам.

Каза́8 ’двухметровая драўляная мерка ў форме разнятага цыркуля для абмервання зямельных участкаў; сажань’ (БРС, ТСБМ, Жд. 2, Жд. 3; мазыр., З нар. сл.; жытк., Мат. Гом.; зэльв., Сцяц.; бераст., ваўк., маст., свісл., слонім., Сцяц. Нар.; навагр., Сцяшк.; бялын., Янк. Мат.). Слова ведаюць ст.-бел. гаворкі; верагодна (паколькі няма адпаведных паралеляў) беларуская інавацыя. Сцяцко (Словаўтв., 131) адзначае: «Мерка атрымала сваю назву паводле формы: накрыж збітыя канцы палак нагадваюць рогі казы»: параўн. козлы ’прыстасаванне распілоўваць дровы’. Цалкам магчымая версія: чэш. koza ’козлы — прыстасаванне для сушкі сена’, славен. koza ’козлы’, параўн. укр. козла ’козлы’: «Стали вряд и ратища в козла поставили» (Грынч., 265), рус. арх. козёл ’бярвенні, якія ставяць на прасушку вертыкальна ў піраміду’: «Свежесрублены бревна в козлы ставят» (магчыма, ужываецца толькі ў множным ліку?), валаг. козёл ’два калы, увагнутыя ў зямлю, злучаныя і перавязаныя крыж-накрыж’; падобныя прыклады вядомыя як у іншых славянскіх, так і ў неславянскіх мовах. Аднак гэта не адзіная магчымая версія; параўн. іншыя бел. назвы такога прыстасавання: кавіла, чыкірда, дзе матывацыя ’чыкільгаць’; параўн. яшчэ бел. казінец ’скрыўленне ў каленях пярэдніх ног каня, прыроджанае або траўматычнае’, укр. козинець, рус. козинец ’тс’. Не выключана, што матывацыя ў даным выпадку была складанай, шматвобразнай.

Каза́9 ’саха ў студні з жураўлём’ (барыс., ДАБМ). Да каза1; матывацыя: ’прадмет з рагуляй, саха’, параўн. серб.-харв. kòza ’прыстасаванне ў выглядзе разгалінаванага дрэва’ (сахі), рус. смал. козёл ’кол, жардзіна звычайна з перакладзінамі для сушкі гароху, сена і да т. п.’, пск. ’павешаны на зрубленае дрэўца з суччамі гарох’ і інш. Паводле гэтай метафары ад каза, казёл у славянскіх і іншых мовах утворана многа назваў розных прыстасаванняў, аднак меркаваць аб суадносінах гэтых слоў і храналогіі іх утварэння вельмі цяжка.

Каза́10 ’заплечныя, насілкі для пераносу цэглы на будаўніцтве’ (БРС, ТСБМ). Статус беларускага слова (зафіксавана ў слоўніках літаратурнай мовы) няясны; магчыма, гэта запазычанне. У рускай мове лексема вядома як пск., пенз., уральск., адзначана таксама акадэмічным слоўнікам 1814 г. Польск. koza ’прыстасаванне ў выглядзе дошкі з падпоркамі для пераносу цэглы на плячах’. Суседнія гаворкі ведаюць утварэнні ад каза1, якія называюць падобныя прыстасаванні, параўн., напр., рус. смал. коза ’зэдлік, лавачка, на якой коўзаюцца ўзімку’, аднак, магчыма, каза10 не ад каза ’лавачка’.

Каза́11 ’дошчачка з выразам на ножках для здыманні ботаў’ (круп., Нар. сл.). Утворана ад каза1 (фармальнае падабенства: выраз утварае два ражкі на дошцы, параўн. рус. усць-лабін., краснадар. козлик ’прыстасаванне для знімання ботаў: дошка на падстаўцы з выразам на адным канцы; нагу ў боце ўстаўляюць у выраз, другой становяцца на дошку’) або ад каза ’назва падставак, зэдлікаў і да т. п.’, параўн. рус. смал. козюлечка ’зэдлік’, а таксама назвы іншых падобных прыстасаванняў, утвораных ад кабыла, сабака і інш.

Каза́12 ’сагнуты дрот, на якім дзеці катаюцца на лёдзе’ (Жд. 3). Да каза1; метафара зразумелая, параўн. яшчэ вядомае ў смаленскіх гаворках утварэнне, заснаванае на адпаведнай метафары: гнуть, гнуться в козиный рог. Параўн. і наступнае слова.

Каза́13 ’прылада для коўзання з горак’ (Бяльк.). Відавочна, тое ж, што і смал. коза ’лавачка, абмазаная гноем і потым аблітая вадой і замарожаная, каб добра коўзалася па лёдзе’, параўн. прыклад у Бялькевіча, 241: «Я сяньні нымарозіў казу, заўтрі буду кытацца з гары». Да каза ’лавачка’, параўн. рус. дыял. коза ’лавачка’ і маск. ’санкі’, якое да каза1 (матывацыя можа быць рознай, параўн. каза10, каза11). Можна як пераноснае ад каза13 разглядаць каза14.

Каза́14 ’кавалак лёду, на якім дзеці катаюцца зімой’ (зэльв., Сцяшк.). Улічваючы, што слова зафіксавана ў іншай гаворцы, можна меркаваць і аб сувязі з вядомым на заходняй тэрыторыі каза ’маленькія санкі’, аднак спектр выкарыстання гэтай прылады невядомы. Сюды ж яшчэ і рус. тагільск., свярдл. козлик ’кусок металу ў мартэнаўскай печы, які не расплавіўся’, аднак гэта значэнне цікавае тым, што дазваляе супаставіць назву каза ’кавалак лёду’ з каза1.

Каза́15 ’самагонны апарат’ (мазыр., З нар. сл.; Касп.). Да каза1; матывацыя (па знешняму падабенству?) не зусім ясная, магчыма, у сувязі з наяўнасцю ножак, падставак і інш.

Каза́16 ’веласіпед’ (Касп.). Рус. свярдл. коза ’пра матацыкліста’. Сувязь з каза1 быццам бы бясспрэчная; утворана або паводле знешняга падабенства дэталей веласіпеда да рог жывёлы і г. д., або, магчыма, узыходзіць да назваў розных прыстасаванняў, папярочак і да т. п. Не выключана таксама, што асацыяцыя магла быць шматграннай.

Каза́17 ’трыножак’ (Мат. Гом.), ’стойка’ (там жа). Да каза1; першапачаткова — назва розных падставак, падпор, названых або па знешняму падабенству да каза1, або па «дыфузнай» мадэлі, калі такога тыпу прыстасаванні ўтвараюцца ад назваў розных жывёл; пазней — перанос на шматлікія прылады, дзе падабенства магло і не быць. Карм. каза ’каганец’ (Мат. Гом.) адносіцца або сюды, або, магчыма, да наступнага слова (гл.).

Каза́18 ’драцяная сетка ў форме чарапка, якая ўстанаўліваецца на носе лодкі для раскладвання агню, калі едуць лавіць рыбу’ (полац., З нар. сл.). Па распаўсюджанню адносіцца да вядомага смал., пск., наўг., калуж., арханг., цвяр. і інш. коза ’разнавіднасць тагана, жалезная рашотка для развядзення агню пры начной лоўлі рыбы восцямі’. На магчымы варыянт тлумачэння ўказвае рус. арханг. «Коза — четыре рога, железна, с трубицей она: на ей дрова толсты, смоляны, лучим ковда», на іншы — бел. карм. каза ’каганец’, якое, магчыма, як і каза ’трыножнік’, да каза ’падпора, падстаўка і інш.’, аднак гэта толькі здагадка, паколькі канкрэтнай інфармацыі аб казе (у значэнні ’каганец’) гомельскі слоўнік не прыводзіць.

Каза́19 ’прылада для малацьбы’ (чач., Мат. Гом.). Гэта рэалія носіць таксама іншыя назвы (баба, кабыла і інш.), таму не выключана, што назва каза другасная і з’явілася ў выніку адносна вольнага выбару канкрэтнага слова з ліку тых, якія ўжываюцца для ўтварэння шматлікіх тэрмінаў-найменняў розных прыстасаванняў, дэталей гэтых прыстасаванняў, падпор, папярочак і інш. Магчыма, аднак, што ў канкрэтным выпадку абышлося без моцнага ўплыву зааморфных тэрмінаў; у такім разе да каза ’падстаўка, падпора’ або непасрэдна да каза1.

Каза́20 ’падсядзёлак’ (смарг., Шатал.). Да каза1 (магчыма, праз ступень ’падпорка, папярочка і да т. п.’) або ў выніку адэкватнасці ў некаторых выпадках тэрміналагічных кабылка, каза і пад. — вольнае ўжыванне любога з гэтых слоў, параўн. рус. пячор., арханг. кобылка ’частка сядла’, с.-уральск., томск.драўляная аснова сядла’ і інш. Да выпадкаў мены тэрмінаў можна прывесці вяц. кобылка ’козлы’, кадн., валаг. кобыла ’тс’, бел. каза ’прыстасаванне для коўзання ўзімку’ і рус. уладз., малаж., ярасл. кобыла ’разнавіднасць санак: лавачка, якую (каб лепей коўзацца) абліваюць вадой і пакідаюць на марозе’, рус. трубч., арл. кобыла ’вялікая куча гліны ў ганчароў’, ціхв., наўг. козел ’тс’.

Каза́21 ’ворат або лябёдка для пад’ёму вулляў і іншых важкіх прадметаў’ (Сержп. Бортн.). Да каза1, перанос, відаць, у сувязі з наяўнасцю ручак (асацыятыўна: рогі) у прыстасаванні, параўн. казак5.

Каза́22 ’падсанкі, маленькія санкі, якія падстаўляюцца пад канец бервяна пры яго перавозцы’ (стаўбц., З нар. сл.; лаг., КЭС; Мат. Гом.; лаг., віл., Шатал.). Верагодна, да каза1 (наяўнасць дзвюх сагнутых палазоў; асацыяцыя з рагамі казы), аднак улічваючы, што тая ж рэалія носіць такія назвы, як сабачка, сучка і інш., падобныя назвы, якія могуць лёгка замяняцца ў вельмі дыфузных межах больш-менш аднароднага семантычнага поля, Нельга адназначна вырашыць, што тут з’яўляецца калькай, словаўжываннем аднаго тэрміна замест іншага, што з’яўляецца першаснай назвай. Што датычыць іншых версій, то неабходна адмовіцца ад этымалогіі, прапанаванай, напрыклад, Сцяцко (Афікс. наз., 169): «Санкі маглі атрымаць сваю назву (сабачка. — В. Л.) паводле пэўных асацыяцый, магчыма, ад таго, што яны заўсёды прывязваліся да саней і беглі за імі (як бяжыць сабака, суправаджаючы гаспадара)…». Такая версія магчымая, але яна, па-першае, не тлумачыць, чаму назва сабака практычна не сустракаецца на бел. тэрыторыі, у той жа час шырока прадстаўлена ў некаторых польскіх гаворках, па-другое, яна не дае магчымасці зразумець такія ўтварэнні, як палес. баба, маг. лісіца, рус. дыял. собака, бел. літар. сука, сучка ’палена, калода, якая падкладваецца ў санях пад канец бервяна’, па-трэцяе, няяснымі застаюцца такія значэнні для гэтых і іншых слоў, як ’лавачка’, ’падпора’ і мн. інш. Тэрмін каза сустракаецца (у асноўным, хаця і невялікім арэале распаўсюджання) на тэрыторыі, дзе ведаюць сука, сучка ’падсанкі’, або на сумежнай з ёй і гэта не выключае магчымасці як «тэрміназамяшчальных» працэсаў, так і калек (з іншага тэрміна). Між іншым, не выключана магчымасць калькавання ў больш шырокім, магчыма, у еўрапейскім арэале, пра што сведчаць паралелі да бел. сука, сучка, сабачка ў розных слав. мовах і размеркаванне гэтага ж тэрміна на польскай моўнай тэрыторыі (гл. Лабко. Бел.-польск. ізал., 73–75 і карта на с. 74), дзе выяўляюцца перыферыйныя зоны. Для бел. мовы (і ў канкрэтным выпадку) факты літоўскай мовы і асабліва гаворак сведчаць аб інтэнсіўных працэсах узаемапранікненняў на семантычным узроўні, таму не выключана, што назва з празрыстай матывацыяй раствараецца ў вялікай колькасці паралельных гетэрагенных тэрмінаў, калькуецца. змяняе форму і г. д. Не з’яўляецца выключэннем і назва падсанкі, розныя этымалогіі якой з’яўляюцца верагоднымі, аднак без уліку велізарнага матэрыялу, які датычыцца праблемы, усе яны ў той жа час ненадзейныя.

Каза́23 ’сетка для лоўлі рыбы з трыма палкамі’ (Касп.). Польск. варм.-маз. koza ’сетка для лоўлі рыбы (сець, падобная да саней)’. Магчыма, да каза22, аднак не выключана як самастойнае ўтварэнне ад каза1 ў выніку падабенства дэталей прыстасавання да тых або іншых яркіх адзнак жывёлы (улічваючы геаграфію — калька).

Каза́24 ’цыбуля’ (Мат. Гом.). Як відаць з прыкладу: «Ну і каза вурасла такая доўгая» (Мат. Гом., 192), гэта тое ж і зах.-бран. козка ’сцябло і зялёнае лісце цыбулі’. Яго можна кваліфікаваць як вузкарэгіянальнае ўсх.-палес. утварэнне, магчыма, ад каза1; матывацыя няясная. Можна меркаваць, што ўсё ж такі зааморфная назва, параўн. тураў. бук ’бык, бугай’ і ’бутон, суквецце з сцяблом’: «Тур кустом велікім росце і бук такі велікі», «У нас на ліліі кажуць букі». Аднак калі для апошняга слова, улічваючы значэнні ’бутон, пупышка’ можна знайсці матывацыю (рэалізацыя ўяўлення аб магутнасці і інш.), то для каза24 такое тлумачэнне не зусім падыходзіць. Верагодна дапусціць, што каза24 з’яўляецца калькай з бук/бык у значэнні ’сцябло, суквецце (з сцяблом)’, дзе каза калькуе тэрмін негатыўна. Такая версія з’яўляецца верагоднай па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю. Параўн. яшчэ ўкр. усх.-палес. козляк ’парастак бульбы’, дзе праглядваецца адмоўная семантыка.

Каза́25 ’нязжаты касмык жыта, які пакідалі на полі’ (кобр., Нар. лекс.), ’недажатая палоска’ (Сцяц.), ’касмык травы, пакінуты пры касьбе’ (свісл., Шатал.), рус. коза ’рэшткі нязжатых каласоў на полі’ (драг., Клім.), ’апошняя жменя азімага, якую свянцілі і потым выкарыстоўвалі на пасеў’ (драг., Клім.). Укр. харк. коза ’паласа, якую праполвае адна жанчына’ (Грынч., 264), рус. вяц. коза ’апошні сноп на жніве’, пецярб., мяшчоўск., калуж., цвяр., пск., с.-уральск. і інш. ’пакінутая нязжатай, невялікая палоска збожжа’, валд., наўг., кір. ’вузкая, засеяная чым-небудзь паласа зямлі; паласа, якую жнуць’, польск. дыял. koza ’вузкая палоска нязжатага збожжа, снапок з гэтага збожжа, упрыгожаны кветкамі, ахвяраваны матцы-зямлі’, дыял. koza ’вузкая паласа нязжатага збожжа ў жней, якія спазняюцца, звычайна лянівых’, чэш. мар. дыял. zustává na kozi ’пра жняца, які спазняецца на рабоце’, магчыма, сюды ж серб.-харв. коза ’палоска нівы, якая зжынаецца жняцом без пярэрвы’. Да апошняга можна прывесці яшчэ рус. іркуц. посадить на козулю ’перагнаць суседа ў рабоце (на касьбе)’. Як паказвае семантыка некаторых з прыведзеных слоў, можна меркаваць аб вельмі архаічным першапачатковым сакральным значэнні koza ’пакінутая нязжатай частка збожжа на полі’ (у якой хаваецца каза?), дзе каза — сімвал плоднасці, а каласы (зярняты) з гэтага апошняга збожжа гарантуюць будучы ўраджай. Варыянтам да гэтага значэння мог быць і такі, дзе каза не пакідалася на полі, а ў выглядзе снапа пераносілася ў хату. Параўн. да гэтага зах.-палес. кветка ’пучок каласоў, упрыгожаны кветкамі і пакінуты на полі’, тураў. барада ’пучок каласоў, які спецыяльна звязвалі пры заканчэнні жніва’: Да ролі казы параўн. такія песенныя формулы: «Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць» і інш. Аднак, відавочна, што ўжо ў праславянскі час на станоўчую семантыку назвы каза пачынае ўплываць адмоўная семантыка гэтага ж слова іншай сферы ўжывання. Не выключана, што працэс быў вельмі складаным і перанос, напрыклад, з спецыяльна пакінутага пучка каласоў на любы пакінуты пучок мог прывесці да з’яўлення назвы ’касмык травы, пакінуты пры касьбе агрэх і да т. п.’, а ўжо такі тэрмін мог уплываць на слова, ад якога сам быў утвораны. Ва ўсякім разе гэта дазваляе зразумець зрухі семантыкі ад сакральнай, станоўчай, да адмоўнай, хаця можна меркаваць, што значэнне магло развівацца і наступным шляхам: ’пакінутае нязжатым збожжа’ > ’нязжатае збожжа’ > ’нявыкананая работа (агрэх у рабоце)’. Цяжка растлумачыць значэнне ’палоска, якую займае адзін жнец’; як сведчыць лінгвагеаграфія прыведзеных слоў (вядома на поўначы (усходзе) і на поўдні славянскага свету) гэта таксама архаічнае значэнне, адкуль развіваюцца такія, як ’вузкая паласа зямлі; паласа, якая праполваецца’. Можна думаць, што гэта пашырэнне семантыкі больш старога koza ’апошняя паласа збожжа, дзе будзе зроблена koza; параўн. да гэтага, магчыма, архаічнае ўкр. козу гнати (гл. прыклад вышэй). Пра гэта можа сведчыць і балг. останал на коза, чэш. і рус. выразы са значэннем ’астацца на казе’ (жаць апошнюю палоску, калі ўсе ўжо скончылі работу).

Каза́26 ’агрэх’ (івац., Жыв. сл.), ’пропуск пры касьбе’ (Жд. I). Слова непасрэдна суадносіцца з папярэднім і дэманструе тэндэнцыю да ўтварэння значэння ’агрэх’ на базе ’нязжаты, пакінуты — няскошаны (касмык)’. Параўн. і рус. с.-урал. козуля ’агрэх (пры ўборцы збожжа)’. Чэкман (Baltistica 8, 1972, 150) мяркуе, што паколькі ў іншых славянскіх мовах у значэнні ’пропуск пры касьбе’. Ужываецца слова барада, а літоўская мова ведае ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ для ’пропуск пры касьбе, нязжаты касмык травы’, то ў бел. мове каза ’агрэх’ — калька з літ. Аўтар свае меркаванні грунтуе на тым, што ў літ. мове ožỹs ’казёл’ і ožỹs ’агрэх’ нейкім чынам звязваюцца (ožỹs ’грэх, пра які расказваюць на споведзі’), а ў бел. мове такое пераасэнсаванне малаверагоднае. Што гэта не так, зразумела з папярэдняга артыкула, паколькі як першапачатковае значэнне ’апошняе збожжа’, так і больш новае ведаюць не толькі бел. гаворкі, але і іншыя славянскія. Апрача таго, адмоўнае значэнне слоў каза, казёл выяўляецца ў розных лексічных групах, напрыклад у назвах грыбоў. Што датычыць спасылкі на адэкватныя значэнні слова барада, гэта толькі супраць аўтара, паколькі тут назіраецца паралелізм у развіцці значэння: барада ’апошні сноп’, ’апошняя жменя зерня’ і барада ’пропуск пры касьбе і інш.’, падрабязней гл. каза25.

Каза́27 ’памылка пры снаванні красён’ (Жд. 1, Сл. паўн.-зах.). Параўн. «Палажыла я казу: пераскочыла церас калок як снавала, і намучылася, тады казу назад атматала». Чэкман (Baltistica, 1972, 8, 150) мяркуе, што паколькі славянскія мовы ведаюць у гэтым значэнні іншыя ўтварэнні (бел. блюзна, блізна, рус. близна, балг. близна, серб.-харв. бли́зна), а ў літ. мове ožỹs, ožkà ’казёл, каза’ ведаюць фактычна ва ўсіх гаворках, значэнне ’памылка пры снаванні’ ў бел. каза можна лічыць калькай з літ. Спасылка на геаграфічны крытэрый з’яўляецца моцным аргументам, аднак аўтар спасылаецца пры гэтым на акадэмічны слоўнік літоўскай мовы, а слоўнік не падае такой інфармацыі: прыклады пад ožkà ’памылка пры снаванні’ указваюць на Ігналінскі, Зарасайскі і Уценскі раёны (сумежныя з паўн.-зах. беларускай тэрыторыяй), а ožỹs у тым жа значэнні — з Юрбаркаса і Райсяняя. Статус гэтага слова не зусім ясны. У даным выпадку няма патрэбы думаць аб запазычанні, а тым больш меркаваць, што зрух семантыкі быў у напрамку ад ožỹs ’грэх’ да ožỹs ’памылка’. Можна прывесці такія ўтварэнні, як жарабок ’памылка пры снаванні’, кабылка ’блюзна’, конь ’тс’, якія даюць падставу бачыць тут змяшэнне або свабоднае ўжыванне тэрмінаў, утвораных ад розных заонімаў. Значэнне ’памылка’ магло развіцца з адзначанага ў слове кабылка ’пятля’ ў канкрэтным выпадку, магло быць натуральным у межах адмоўнай семантыкі слоў каза, кабыла і пад., дзе генерацыя як тэрмінаў, так і слоў з размытым значэннем цалкам натуральная. Параўн. рус. горн. посадить казла ’астудзіць недаглядам вагранку, калі чыгун яшчэ не выплавіўся: тады ламаюць печ’, дыял. козлы ’сварка, нелады’.

Каза́28 ’кольца, якім прымацоўваецца шыйка касы да касся’ (браг., Шатал.). Можна прапанаваць такія варыянты этымалогіі: а) непасрэднае вытворнае ад каза1 пры магчымых зааморфных атрыбутах рэаліі (гэтай або такога тыпу), такую назву магло атрымаць кольца з прутка і інш., у якога канцы былі злучаны крыж-накрыж і так звязаны; б) версія, якая ўяўляецца больш верагоднай, — вольная мена тэрміна ў межах больш-менш дыфузнага «тэрміналагічнага» поля. Параўн. укр. усх.-палес. бабка ’кольца ў касе, з дапамогай якога злучаецца яна з кассём’, магчыма, сюды ж і бел. бабка ’вузенькі раменьчык, які звязвае дзве асноўныя часткі цэпа’ (Выг.). Гэта ў сваю чаргу мена тэрмінаў, параўн. дыфузнае значэнне ’штосьці круглае’ ў дэрыватаў ад баба, бабка і тое ж у баня, банька; банка; бел., усх.-палес. укр., зах.-рус.: ’кальцо, якім замацоўваецца каса на касільне’. Што датычыць мены тэрмінаў, вытворных ад каза, гл. казак5, казакі і інш.

*Каза́29, къза ’сузор’е’ (віц., Нар. лекс.). Недастатковая інфармацыя і няясны статус слова не дазваляюць гаварыць з упэўненасцю аб этымалогіі. Можна выказаць думку, што слова суадносіцца з польск. koza ’сузор’е’. Мяркуючы па прыкладах у Кунішэўскага, Słownictwo, 1974, 108, польск. koza — калька з лац. Capella ’козачка’ — ’найбольш яркая зорка ў сузор’і Возніка’ яшчэ ў ст.-польск. час (ст.-польск. koza і koziełki, koza і kózki, kózka). Статус чэш. слова няясны, магчыма, паланізм. Бел. слова або таксама запазычана, або, што цяжка пацвердзіць, незалежнае ўтварэнне ад каза1, як падобныя назвы зааморфнага паходжання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́да1 ’кароткае тоўстае бервяно; абрубак тоўстага бервяна, прыстасаваны для якіх-н. гаспадарчых або бытавых патрэб’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас., Нік., Радч., Сержп., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Федар., Шат., Шатал., Яруш.). У дыялектных слоўніках таксама ўдакладненні семантыкі: ’бервяно, якое вісіць ніжэй вулля на дрэве і не дае мядзведзям разбурыць пчаліную сям’ю’ (Анох.), ’каток, якім прыкатваюць пасевы’ (Касп.), ’дзесяцівяршковая плаха ў прыстасаванні’ (Нік. Очерки), ’кусок тоўстага палена, які прывязваецца на канцы жураўля’ (Шатал.), ’кароткае тоўстае бервяно’ (Сл. паўн.-зах., ТС), магчыма, сюды неабходна аднесці і колода ’сядзенне для малых дзяцей, якія не ўмеюць хадзіць’ (ТС, апісанне рэаліі адсутнічае, сувязь з калода1 бясспрэчная). Далей сюды дэмінутыў калодка ’абрубак бервяна і да т. п.’ (БРС, ТСБМ, Бяльк.; воран. З нар. сл.; Касп., Кліх., Нас., Нік. Очерки, Радч., Сержп. Грам., Сержп. Прымхі, Яруш.), ’драўляная падстаўка для кавадла’ (зах.-бел., Нар. словатв.), ’адрэзак бервяна для гаспадарчай патрэбы’ (Сл. паўн.-зах., Ян.), ’апорны слуп’ (Сл. паўн.-зах.), ’нерасшчэплены кругляк дроў’ (там жа). Укр. колода ’калода, бервяно’, гуц. ’тоўсты брусок у прыстасаванні для расцягвання скуры’, бойк. ’калода з гнілой сярэдзінай’, укр. колодка ’абрубак бервяна’, рус. колода ’абрубак бервяна і інш.’, дыял. яшчэ і ’ствол старога дрэва, якое гніе на дне ракі, возера, балота’, ’намоклы абрубак дрэва на дне ракі’, ’вялікі пень’, ’драўляны каток для абмалоту збожжа’, ’сельскагаспадарчая прылада’ і мн. іншыя, польск. kłoda ’калода, бервяно’ і інш., в.-луж., н.-луж. kłoda ’калода, бервяно’ і інш., чэш. klȁda ’тс’, славац. klada ’тс’, славен. kláda ’калода і інш.’, серб.-харв. клада ’тс’, макед. клада, балг. дыял. клада ’тс’. Больш падрабязна аб фіксацыях лексікі і слав. семемах гл. ніжэй. Узнаўляецца прасл. kolda, дэрыват ад *kolti ’калоць’, семантыка ў немалой ступені рэканструюецца на базе этымалогіі, паводле якой слав. слова находзіць з і.-е. *kel‑/*kol‑ ’дзяўбці’. Прасл. значэнне ўзнаўляецца як ’што-н. расшчэпленае, абчасанае’, ’абрубак дрэва, калода’, параўн. Слаўскі, 2, 259. З і.-е. адпаведнікаў можна прывесці ст.-грэч. κλάδος ’галіна, атожылак дрэва’, ст.-ісл. holt ’дрэва, лясок’, ням. Holz ’дрэва’ і інш., с.-ірл. caill ’лес’, кімр. celli (кельц. *kaldī), параўн. іншыя адпаведнікі пад *kel‑, *kel‑, *klā‑ у Покарнага, 546. Да прасл. семантыкі параўн. яшчэ Трубачоў, Ремесл. терм., 159.

Кало́да2 ’вулей, зроблены з камля дуплістага дрэва’ (БРС, ТСБМ, Анох., віл., ашм., іўеў., З нар. сл., Касп.; слаўг., Нар. сл.; Нас., Сержп. Грам., Сцяшк., Федар. 1, Шат.), сюды ж калодны вулей (Мат. Гом.). Сл. паўн.-зах. адзначае слова з паметамі вільн. і віл.; кало́да ’вуллё’ (ТС). У Янковай колодка ’від вулля’. Сюды далей і празрысты перанос калода ’сям’я пчол’ (слаўг., Нар. сл.), калодка ’тс’ (вор., З нар. сл.). Сл. паўн.-зах. (ганц., віл.) адзначае калода’ сям’я пчол, адзінка пры лічэнні сем’яў пчол’, калодка ’вулей’. Укр. колода ’вулей’, колодка ’тс’, усх.-пал. колуодка ’вулей-дуплянка’, рус. кур., свярдл. і інш. колодка ’вулей у дупле дрэва, борць’; дакладнасць рус. адпаведнікаў не вельмі высокая. Магчыма, бел.-укр. інавацыя, да калода1, матывацыя назвы празрыстая. Не выключана, што цесна суадносіцца з польск. kłoda ’бочка’ і да т. п. утварэннямі.

Кало́да3 ’частка красён, навой’ (Касп.; рас., Шатал.), калоды, калодка ’тс’ (Нік.). Сл. паўн.-зах. падае гэтае слова з бел. гаворак на тэрыторыі Латвіі. Апрача бел., адзначаюцца ў іншых слав. мовах: рус. пск., асташк., цвяр., наўг., валаг., калін., маск. і інш. колода ’задні навой’. Здаецца, бел. слова нельга лічыць архаізмам у адносінах да бел. тэрыторыі, паколькі кампактны арэал бел. калода ’навой’ нельга аддзяліць ад рус. фіксацыі Апрача ўсх.-слав., звяртае на сябе ўвагу балг. дыял. клада ’любое з дзвюх асноўных бакавых станін у кроснах’, што паводле семантычнага крытэрыю нельга лічыць адпаведным да бел. Відаць, інавацыя ў паўн. бел. і адпаведных рус. гаворках. Трубачоў (Ремесл. терм., 130) адзначаў, што большасць слав. назваў навоя толькі другасна рэквізавана з іншых пластоў лексікі, аднак тыпалагічна найбольш старажытная стыхія адзначаецца ў бел. калодка, што, магчыма, своеасаблівае мясцовае вяртанне да найбольш простага (і, відаць, найбольш даўняга) спосабу намінацыі. Неабходна дадаць, што паводле структуры калодка з’яўляецца дэрыватам ад калоды, якое і неабходна разглядаць у плане прапанаванай Трубачовым версіі аб старажытным тэрміне для навоя.

Кало́да4 ’калодзеж’ (Федар., 6). Параўн. ілюстрацыю ў Федароўскага, 6, 168: «Пашла дзеўка па воду, уваліласе ў калоду». Статус бел. слова не вельмі ясны — архаізм?, інавацыя? або тут калька? Значэнне бел. слова вельмі цікавае ў плане дыскусіі адносна паходжання слав. назвы студні (гл. калодзеж). Звяртае таксама на сябе ўвагу семантычны адпаведнік — літ. šulinỹs ’студня’ (< šulas, сярод значэнняў якога ёсць і ’слуп, падстаўка’). Ці не калька? Аднак па спосабу утварэння літ. слова іншае, аб матывацыі назваў можна толькі здагадвацца (апісання бел. рэаліі няма, матывацыя літ. слова можа быць рознай). Этымалагічна да калода1 (гл.). Да магчымай гісторыі рэаліі параўн. ст.-рус. з канца XVI ст. колода варничная ’выдзеўбаная калода, якая замяняе зруб у саляным калодзежы’.

Кало́да5 ’мера збожжа’ (Нас.). Іншых фактаў з бел. гаворак няма. Лексема адзначаецца Карскім у ст.-бел. мове, аднак не вельмі ясна, як суадносіцца яна з больш новымі фактамі. Укр. бойк. колода ’мера збожжа’, магчыма, далей сюды неабходна аднесці і ст.-рус. колода, для якога мяркуецца значэнне ’мера’. Сразнеўскі падае гэта слова без тлумачэння, у той час як Сл. XI–XVII стст. дае дэфініцыю ’кадзь, кадка, выдзеўбаная з кавалка дрэва’. Ілюстрацыя («Перцю же выходила колода безо князя, а пры князи Г колоды на неделю, а колода Н бочек») сведчыць хутчэй на карысць дэфініцыі ’мера’, паколькі бочка, відаць, ужыта тут таксама як мера ёмістасці. Такая думка пацвярджаецца яшчэ і тым, што метрычнае значэнне было ўласціва ст.-бел. лексеме колода (параўн. Скурат, Меры, 62, дзе і аб ст.-укр. значэнні). Статус гэтых лексем не вельмі ясны, этымалагічна яны ўзыходзяць да колода ’пасудзіна’, аднак засведчана такое значэнне вельмі слаба (магчыма, ёсць ст.-бел., параўн. у Скурата, там жа). Слова з такім значэннем ёсць у польск. мове, дзе kłoda ’кадаўб’, затым ’кадзь’ (з XIV ст., аб сучасным дыялектным размеркаванні гл. МАПГ, 3, к. 106) як ’мера’ адзначаецца таксама з XIV ст. Параўн. яшчэ палаб. klád ’бочка’. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыя для бел. мовы нельга выключыць уплыву польскай мовы, аднак пры гэтым неабходна ўлічваць і рус. валаг. колода ’кадка-дуплянка’, а таксама сведчанне аб ужыванні гэтага слова на захадзе (хоць не выключана, што тут на ўвазе меліся зах.-бел. фіксацыі).

Кало́да6 ’тоўстая, непаваротлівая жанчына’ (Жд. 3; міёр., З нар. сл.; Мат. Маг.), калотка ’тс’ (міёр., З нар. сл.). З прычыны рэгулярнага характару пераносу ад калода1 цяжка з упэўненасцю меркаваць аб статусе слова. Магчыма, незалежныя ўтварэнні па распаўсюджанай мадэлі.

Кало́да7, колода ’палатно, якое кладуць на крышку труны’ (стол. Нар. лекс.). Мясцовы перанос ад колода ’труна’. Рус. валаг., арханг., кастр., маск. і інш. колода ’труна, выдзеўбаная з суцэльнага дрэва’. Цяжка меркаваць аб старажытнасці пераносу колода ’трупа’ ад колода ’бервяно і да т. п.’ (калода1), магчыма, архаічнае ўсх.-слав., яшчэ да прыняцця хрысціянства (параўн. рэгіянальны палескі звычай пакідаць па могілках бервяно-лодку для нябожчыка); магчыма, спачатку колода ’лодка’ (з такім значэннем у рус. гаворках — жыздр., калуж. і інш.), якое пазней злілося з паняццем ’труна’.

Кало́да8 ’божая кароўка, Coccinella septempunetata’ (Жд. 3; Шатал. З жыцця, Сцяшк.). Паводле матэрыялаў Шаталавай (З жыцця, 166 і наст.), колода ’божая кароўка’ пашырана ў брэсц., івац., навагр., стол., малар., пін. гаворках, а ў кам.кулода. Апрача гэтага, у злучэннях: калода‑багода (клец., пруж.), колода‑волода (кам.), Матруна‑колода (брэсц.), Андрэйка‑калода, дранчык‑калода (слуц.). Матруна‑колодыця (кам). Далей сюды ж калодачка ’тс’ (лід., Сл. паўн.-зах.), параўн. у ілюстрацыі: «У нас называюць калодачка, а божая кароўка — красненькая ў зямлі». Магчыма таксама, што прыгаворы № 626 (Кацілася калода…) і 627 (Гнілая калода…), віц. і ў Дабравольскага (нумерацыя паводле выдання «Дзіцячы фальклор», Мн., 1972) таксама адлюстроўваюць гэту назву. Апошнія значна б пашыралі ў такім выпадку геаграфію слова, якую інакш неабходна кваліфікаваць як паўднёва-заходнюю (з выхадам за межы палескага арэалу). Дакладныя адпаведнікі да бел. слова адсутнічаюць. Пакуль што неабходна кваліфікаваць назву або як бел. інавацыю, або архаізм, або, што не выключана, як запазычанне (ці кальку). Адносна апошняга ніякага пэўнага матэрыялу няма, аднак наяўнасць у слав. мовах запазычанняў для назвы Coccinella ў прынцыпе дапускае такое тлумачэнне для бел. слова. Фармальнае супадзенне назвы з калода1 яшчэ не азначае неабходнасці прыняць такую этымалогію як канчатковую. Разам з тым такая сувязь была несумненнай для Шаталавай (З жыцця, 174), якая мяркуе, што назва магла ўзнікнуць паводле знешняга падабенства да рэаліі. Па сутнасці, той жа думкі прытрымліваецца Уцешны (ОЛА, 1975, 19), які разумее бел. лексему як назву паводле прадмета. Нават калі яго меркаванне правільнае, яно патрабуе ўдакладнення. Іншыя назвы з гэтай класіфікацыйнай групы, паводле таго ж аўтара, усх.-слав. korbъka і чак. gospa škrinica «каробка божая» (пра божую кароўку). Адзначым, што семантыка прыведзеных лексем дапускае два тлумачэнні. Паводле першага — ўсх.-слав. коробка, чак. škrinica можна разумець як ’ёмішча’ і такім жа чынам разглядаць беларускую назву, для якой неабходна такую семантыку рэканструяваць (’пасудзіна, бочка’, ’наогул пасудзіна’). Матывацыя назвы божай кароўкі ў такім выпадку не вельмі зразумелая. Паводле другога тлумачэння, калода, коробка — назвы пераносныя, параўн. бел. калода ’тоўстая жанчына’, рус. смал. коробка ’маленькая тоўстая або цяжарная жанчына’, параўн. да апошняга рус. калін. бабочка‑коробочка ’нейкі від матылька’. Семантыка рус. дыял. коробка, коробочка, дзе значэнні ’тонкі дашчаты гнуты дах пад ганкам’, ’кошык’ і да т. п. сустракаюцца паслядоўна (параўн. яшчэ пашыранае коробиться, коробатиться, перм. коробка ’сагнутая частка спіны курыцы ці качкі’) дазваляе меркаваць, што асноўвай назвай такога тыпу для божай кароўкі магла быць коробка, у той час як бел. калода — толькі калька гэтай назвы. Параўн. адпаведнае да прыведзенай рус. назвы бел. брэсц. бабочка‑коробочка ’божая кароўка’; слова на той жа тэрыторыі; такім чынам, калька магчымая. Супраць такой версіі — відавочна іншая семантыка ўсх.-слав. колода і короб/коробка. Іншыя версіі: згодна з думкай Уцешнага, ОЛА, 1975, 28–29, 31, для назваў божай кароўкі былі характэрнымі розныя трансфармацыі бел. багоўка (кароўка-багоўка), для іншых — кантамінацыя і да т. п. У прыватнасці, ад’ідэацыю і скажэнне формы нельга выключыць і для рус. коробка і пад., і для бел. калода, у такім выпадку зыходнай для іх з’яўляецца агульнавядомае korvъka. Аднак, калі такое тлумачэнне для назвы коробка (< коровка) можна прыняць, сумненні адносна слова калода застаюцца. Фармальная варыянтнасць слав. тэрмінаў для Coccinella дазваляе прыняць і такое меркаванне, тым больш, што трансфармацыі адбываюцца ў рыфмаваных кантэкстах дзіцячых прыгавораў, аднак іменна апошні факт дазваляе прапанаваць яшчэ і наступнае тлумачэнне назвы. Так, для шэрагу бел. тэкстаў лексемы калода, пень‑калода з’яўляюцца характэрнымі. Параўн. прыклады з «Дзіцячага фальклору», 363 і наст.: «Божая кароўка, што заўтра будзе — Дождж ці пагода, пень ці калода?» Нельга выключыць, што бел. слова таксама эксцэрпіравана з вышэй прыведзеных і іншых тэкстаў.

Кало́да9, колода ’рад саломы на страсе’ (ТС). У ілюстрацыі: «Колода — одзін шар соломы, як стромчэйша хороміна, то дзев’яць колод» (ТС, 2, 207). Далей, магчыма, сюды ж таксама тур. жыто як колода ’густое, добрае жыта’, тое ж і адносна травы, трава колодою ’густая трава’. У беларускіх гаворках адпаведнікаў да гэтых лексем не выяўлена; тут або інавацыя, або архаізм. Магчыма, да калода ’трубка палатна’ (адкуль вычляняецца семема ’шчыльна скручанае’?). Звяртаюць па сябе ўвагу таксама некаторым славянскія ўтварэнні, дзе семантыка «густаты» з’яўляецца відавочнай. Можна прывесці ўкр. колода ’(у ганчароў) партыя місак, да 35 штук, укладзеных адна ў другую; ставіцца бокам у ганчарную печ’ (прыклад двухсэнсоўны, можа, тут перанос паводле падабенства ад колода ’бервяно’), ’чарада’ («Колода — отара, як іде тісно, не в роспаш», Грынч., 270), рус. кастр. колода ’самы вялікі лік (у мове дзяцей)’, новасіб. ’група людзей, якія носяць адно прозвішча і звязаныя паміж сабой сваяцтвам’. Адносна бел. слова яшчэ мяркуецца (Цыхун, вусн. паведамл.) аб магчымасці ўтварэння ад калода ’сям’я пчол’; неабходна адзначыць, што сям’я пчол яшчэ не азначае ’рой’, семантыка якога была б больш падыходзячай. Звяртаюць на сябе ўвагу яшчэ і рус. новасіб. крыша колодой ’двухсхільны дах’, у сувязі з якім узнікаюць няпэўныя асацыяцыі з калода ’вулей’, паколькі ёсць рус. колода ’вулей’ і колодезня ’пакрышка на вулей’. Магчыма, у такім выпадку бел. калода першапачаткова ’страха як крышка ў калоды (вулля)’. Аднак, паводле словаўтварэння і інш. прычынах, гэта вельмі няпэўна. Магчыма, усё-такі ў сувязі з колькасцю саломы, якая патрабуецца для пакрыцця даху? Параўн. у такім выпадку, з аднаго боку, рус. куйбыш. колода ’укладка з дзесяці-пятнаццаці снапоў’, а з другога — ст.-рус. колотка ’маток (карункаў і да т. п.) пэўнай таўшчыні’.

Кало́да10, колода ’кавалак або трубка палатна’ (ТС). Дакладных адпаведнікаў як быццам няма. Рус. колодка ’кавалак карункаў даўжынёй у 10 аршын’ неабходна суадносіць хутчэй са ст.-рус. колодка ’маток мішуры, карункаў і да т. п. пэўнай таўшчыні’. Бел. колода ў такім выпадку — мясцовы перанос ад калода ’выдзеўбанае дрэва’. Што датычыць семантыкі, параўн. калодачкі ’пянёўе ў птушак’, рус. колодка пера і да т. п., гл. таксама Аткупшчыкоў, Из истории, 124–126, дзе для прасл. kolda наогул у якасці зыходнай семантыкі мяркуецца значэнне ’нешта выдзеўбанае’. Такім чынам, тураў. калода сапраўды ’трубка палатна’, параўн. да семантыкі яшчэ і наступнае слова, а таксама бел. калодка ў коле і трубка ’тс’.

Кало́да11 ў выразе жыто ў колодзе ’жыта, якое яшчэ не выкаласілася’ (ТС). Параўн. у прыкладзе: «На Юрэй, як хорошэго году, то жыто ў колосе, а як плохого — то ў колодзі» (ТС, 2, 207). Тут калода ’трубка’ (жыта ў фазе трубкавання, утварэння трубкі — сцябла). Тая ж семантыка і ў тураўскай назве для трубкі палатна — колода, магчыма, сюды ж рус. колодка пера; адносна семантыкі (’пяро з поласцю’) параўн. укр. дыял. колодка ’першае пер’е маладой птушкі’, далей звяртае ўвагу калодка ’ступіца кола’ і трубка ’тс’. Не выключана, што палес. кадыца ’ступіца’ таксама адлюстроўвае тую ж семантыку. Сюды, відаць, і бел. калода ’студня’, дзе калода ’выдзеўбанае дрэва’, фактычна ’труба’. Статус бел. слова — магчыма, усх.-слав. архаізм.

Калода12 ’камплект ігральных карт’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., ТС), укр. колода ’тс’, рус. колода карт, дзе адзначаецца з канца XVIII ст. Паводле крыніц бел. слова і характару рэаліі можна думаць, што яно запазычана з рус. мовы. Паводле Шанскага, II, К, 208, колода (ігральная) утворана лексіка-семантычным спосабам на базе колода ’абрубак дрэва’; у аснову назвы пакладзена падобнасць поўнай калоды карт з калодкай, абрубкам дрэва. Наіўнасць такой этымалогіі відавочная, разам з тым неабходна адзначыць, што пошукі этымона на ўсх.-слав. глебе могуць быць і небесперспектыўнымі. Так, параўн. шэраг фактаў, сабраных намі (гл. калода), а таксама рус. дыял. колода ’цюк, звязка рыбалоўных снасцей (сетак) у 50 «делей» (г. зн. кускоў пэўнай велічыні)’ (Касп.), ’частка рыбалоўнага невада — адно звяно ў сетцы («дели»). Гэтыя факты дазваляюць меркаваць пра наяўнасць лічбавага значэння ў слове колода, якое магло складвацца рознымі спосабамі, у тым ліку і на базе розных мер ёмістасці. Было і нейкае даўняе значэнне ў гэтага слова, аб якім пісаў Даль (калода ’сто мільёнаў’) і якое адзначана ў рус. кастрам. (у мове дзяцей) як ’самы вялікі лік’. Разам з тым, няма дакладвай інфармацыі адносна лічбавага значэння слова колода, якое б супадала з колькасцю карт у калодзе (52). Рус. колода ’цюк з 50 сетак’ можна разумець па-рознаму, да таго ж зафіксавана яно толькі аднойчы. Магчыма, большую увагу неабходна звярнуць на ст.-рус. колотка ’футляр’, у такім выпадку першапачатковая семантыка назвы ’футляр’, ’запакаваныя карты’, ’набор, камплект карт наогул’. Цікава адзначыць і рус. дан. колодочка серняков ’каробка запалак’. Аднак галоўнае не ў гэтым, паколькі ў даным выпадку сам характар рэаліі патрабуе ў першую чаргу праверкі магчымага іншамоўнага ўплыву. У сувязі з гэтым адразу звяртае на сябе ўвагу той факт, што ўласна запазычання быць не магло — аб гэтым сведчыць празрыстая форма рус. слова. Аднак, паводле семантычнага крытэрыю, непасрэдную сувязь з калода ’бервяно’ дапусціць нельга (як перанос). Думаецца, што рус. колода (карт) неабходна суаднесці талия/талья (карт). Даль (2, 719) тлумачыць: апрача рус. мовы, слова ведае ў тым жа значэнні польск. мова (taija). Фасмер не звяртае ўвагі на гэту лексему, у той час як яна непасрэдна суадносіцца з адпаведнай тэрміналогіяй у зах.-еўрап. мовах. Можна спаслацца на ням. Taille ’новая калода карт’, Taill schlagen ’пачынаць новы круг у гульні’, taillieren ’тасаваць карты’ (і ’адкрываць’), франц. tailler ’банкаваць’, якія, відаць, толькі часткова адлюстроўваюць як даўнюю картачную тэрміналогію, так і сувязі з асноўным значэннем зыходнага дзеяслова ’рэзаць, сячы і мн. інш.’, параўн. семантыку франц. tailler, італ. tagliare. Значэнне ’абрубак’ (< ’сячы’) не падаецца сучаснымі слоўнікамі для вытворных ад гэтых дзеясловаў, аднак лёгка рэканструюецца. Апрача таго, Мартынаў (вусн. паведамл.) звярнуў увагу на славеснае запазычанне (з італ.) táija ’калода, абрубак бервяна’. Мяркуем, што зацямненне матывацыі вышэй прыведзеных тэрмінаў, празрыстая сувязь з дзеясловам tailler і вытворнымі, у шэрагу якіх значэнне ’абрубак’ павінна было быць адным з асноўных або лёгка рэканструявацца ў рус. двухмоўным асяроддзі. Такім чынам, рус. колода — этымалагічная калька з адпаведнага зах.-еўрап. тэрміна; пры гэтым не выключана, што сам тэрмін не проста быў страчаны, а ўзнік як эфемер ва ўмовах двухмоўя. Апошняе меркаванне не выключае магчымасці звычайнага (аднак з этымалагізацыяй!) калькавання.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)