Кало́дачка ’каленца (у сцябле)’ (бяроз., Шатал.), ’сустаў’ (там жа). Адносна семантыкі параўн. ілюстрацыю да першага значэння: «На соломынэ аж тры колодычкы вырослі» (с. 70). Паводле Цыхуна (вусн. паведамл.), тут перанос ад першапачатковага калода ’трубка, сцябліна ў злакавых’. Да матывацыі параўн. калена як ’патаўшчэнне, вузел на сцябліне’ і ’частка сцябліны паміж патаўшчэннямі’. Прыклады адпаведных утварэнняў: калена ’сустаў пальца рукі’, і на той жа тэрыторыі (бяроз.) «жыта пошло ў каленцы». Зыходзячы з прыведзеных фактаў, менш верагодна думаць аб першаснасці значэння ’сучляненне як патаўшчэнне’. Паводле першага тлумачэння назва матывуецца звычайнымі пераносамі ў межах устаноўленай (і ўжо дыфузнай) семантыкі; калі ж прыняць другую версію, цяжка абгрунтаваць яе з боку семантыкі. Параўн. яшчэ інфармацыю па калода.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)