Гі́чка ’ніжняя шырокая частка збанка’ (Шатал.). Па сваіх семантычных сувязях гэта лексема вельмі нагадвае слова гі́рка ’тс’ (гл.). Гі́чка, як і ўкр. ги́чка, звязана з гіч ’сцяблы, лісце і да т. п.’ (гл.). Ва ўкр. мове ги́чка азначае ’качан кукурузы без зерня; верхняя частка завязанага мяшка вышэй перавязі; валасы’ (гэта апошняе значэнне ўжываецца ў іранічным сэнсе). Для нас важнае тое, што як у слова гі́рка (гл.), так і ў слова гі́чка (укр. ги́чка) у семантычным полі сустракаецца значэнне ’валасы, стрыжка’, якое можа суадносіцца (метафарызацыя!) з ’часткай збанка’. Для слова гічка мы, праўда, чакалі б хутчэй значэння ’верхняя частка збанка’. Але параўн. яшчэ бел. дыял. гі́чка ’істужка, тасьма; верх завязанага напоўненага мяшка (вышэй завязкі)’ (Сл. паўн.-зах.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ара́ць, дыял. формы: гараць, ораты, орати, гораты пашыраны ва ўсіх гаворках Беларусі, за выключэннем паўночнавіцебскіх, усходнемагілёўскіх і гомельскіх (Арашонкава–Мурашка, Бел. мова, 107). Рус. дыял. орать, укр. орати, польск. orać, чэш. orati, славац. orať, в.-луж. worać, н.-луж. woraś (палаб. våronă ’воранае’), балг. ора́, серб.-харв. о̀рати, славен. oráti. Ст.-слав. орати. Літ. árti, лат. ar̂t, лац. arare, грэч. ἀρόω і г. д. І.‑е. *ar(ə)‑ ’араць’ (Покарны, 62–63), паводле Шпехта (KZ, 68, 42²), звязана з *erə‑ ’раздзяляць’ (першасна ’раздзяляць зямлю’). Фасмер, 3, 148, дзе іншая літаратура. Ад араць утвораны шэраг назоўнікаў, што абазначаюць працэс, тэрыторыю, час: аралля, аральба, араллё, араво, орыва, ворыва, арання, арацьба, араннік, аратар, аратнік, аратняк, аральбіт, арач, арэц, аратай і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асістэ́нт ’памочнік прафесара, урача; малодшы выкладчык у вну’ (БРС), ’пастаянны размоўца, удзельнік цырымоніі’, асістэ́нцыя ’прысутнасць пры знатнай асобе, пастаяннае дагляданне, заляцанне’ (Нас.). Сучаснае значэнне ўсталявалася, верагодна, пад рускім уплывам (Крукоўскі, Уплыў, 76). Значэнні, зафіксаваныя ў Насовіча, указваюць на польскую крыніцу запазычання (польск. asystent ’памочнік прафесара; памочнік, практыкант урача; член світы, якая ўдзельнічае ва ўрачыстасці; кавалер’). Ст.-укр. ассистенция з XVII ст., ассистентъ з XVIII ст., што ўказвае не толькі на магчымую даціроўку беларускага, але і на польскую крыніцу запазычання. Польскае з лац. assistent суправаджаючы’; у рускай мове з пачатку XVIII ст. праз нямецкую (Шанскі, 1, А, 163; Фасмер, 1, 94, указваюць на нямецкую крыніцу, паводле Смірнова, 49) ці польскую — Біржакава, Очерки, 344.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дрэнь ’дрэнь, дрэнны’ (БРС, Нас., Касп., Шат., Бяльк., Сл. паўн.-зах.). У дыял. і дрень (Бяльк.). Слова не вельмі яснага паходжання. Здаецца, можна лічыць, што яно роднаснае рус. дрянь ’тс’ (па адной версіі *дрань ад драть; па іншай з *дрябнь да дряблый; гл. Фасмер, 1, 546; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 198). Вакалізм у бел. слове не зыходны, а трансфармаваўся па тыпу барса́ць: бэ́рсаць, ва(д)зга́ць: вэ́дзгаць, даўжа́р: дэ́ўжар. Хутчэй, аднак, зыходным з’яўляецца тып рус. дрянно́й, бел. *дранны́, адкуль пасля перанясення націску на першы склад «аднавіўся» вакалізм «э»: *дранны́ → дрэ́нны; адсюль ужо дрэнь. Параўн. польск. drań (Слаўскі, 1, 161). Бел. словы могуць паходзіць і прама ад *dranь, *dranьnъ (*dьranъ, *dьranьnъ) без палаталізацыі (*r > rʼ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зудзе́ць ’свярбець; ныць, ламаць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. зудеть ’свярбець’, ’гусці’, варонеж. ’бурчаць’. Ст.-рус. (XVII ст.) зудити ’дакучаць камусьці’. Праабражэнскі (1, 258) выказаў думку пра гукапераймальны характар: гудзенне настырных насякомых, напр. камароў, укусы якіх выклікаюць сверб. Мяркулава (Этимология, 1970, 183–184) супраць гукапераймальнага тлумачэння, паколькі іншыя назвы хвароб негукапераймальныя. Не пераканаўчае семантычна і фанетычна меркаванне аб запазычаным характары слова з манг. ᶎ̌udar ’брудны’ (Праабражэнскі, 1, 258). Абаеў (1, 372) дапускае магчымасць запазычання са ст.-асец. (скіфск.) *ᶎoᶎun > асец. dūdyn ’свярбець, пячы (пра скуру)’, што выклікае пярэчанні Мяркулавай (адсутнасць ва ўкр.). Параўноўваюць з літ. žaudus ’зласлівы, раздражнёны’, магчыма, яшчэ ст.-ісл. kaun ’нарыў’. Фасмер, 2, 108; Фрэнкель, 1293. Аднак пэўнай і.-е. этымалогіі гэта не дае. Няясна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перамёт 1 ’рыбалоўная сетка з кручкамі, нацягнутая на калкі’ (ТСБМ; Крыв.), перэмёт ’доўгі шнур з некалькімі дзесяткамі кручкоў з нажыўкай, працягнуты на дне сажалкі’ (Дэмб. 2; Бяльк.; Крыв.); вядомы ва ўсёй Беларусі, апрача Зах. Брэстчыны — гл. Браім, Рыбалоўства, 80–81; (ТСБМ; Крыв.), рус. перемёт, переме́т ’тс’, ’вялікая рыбалоўная сетка, невад’, перемёта ’вялікая сетка, якая ставіцца ўпоперак ракі на калках’, перамёт ’моцная вяроўка, якой прывязваюць прут у ярме да рагача сахі’ (Смул.). Да пера- і мята́ць 1 (гл.) ’кідаць, закідваць, перакідваць праз раку’, параўн. укр. перемі́тка ’кладка’. Крукоўскі (40) мяркуе, што гэта запазычанне з рус. мовы ў сувязі з адсутнасцю ў народнай мове адпаведнага дзеяслова — цалкам мажліва.

Перамёт 2 ’памылка пры снаванні красён’ (Ян.). Да перамо́т (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́сці ‘апусціцца сагнуўшыся, прысесці’, ‘асесці’, ‘выскачыць на скуры (пра скулу і інш.)’, ‘паменшыцца ад вільгаці, збегчыся (пра тканіны і пад.)’ (ТСБМ, Ласт., Стан., Некр. і Байк., Варл., Сл. ПЗБ, ТС), сесць ‘тс’ (Ласт., Касп., Бяльк.), се́гці ‘тс’ (гродз., Сл. ПЗБ), сёхці ‘тс’ (Сцяшк. Сл.), сехч, се́хчы ‘тс’ (Сл. ПЗБ, Скарбы). Працяг прасл. *sěsti (< *sēd‑ti), якое адлюстраваў ва ўкр. сі́сти, рус. сесть, стараж.-рус. сѣсти, польск. siąść, чэш. sěsti, славац. дыял. säsť, sasci, серб.-харв. сје̏сти, славен. sẹ́sti, балг. ся́дам, ст.-слав. сѣсти. Роднасныя літ. seti, sė́du ‘сядаць’, ст.-прус. sīdons ‘той, які сядзіць’; гл. Траўтман, 258; Фасмер, 3, 615; Махэк₂, 538; Борысь, 544; Сной₁, 564; ESJSt, 13, 808–809. Далей гл. садзіць, сядзець.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скле́ць ‘зябнуць, мерзнуць, стыць’ (ТСБМ; кіраў., Нар. сл.), ‘гібець, чэзнуць’ (ТС). Параўн. укр. дыял. склі́ти ‘чэзнуць, уміраць’, славен. skleti, skeleti ‘прычыняць востры рэзкі боль’. Паводле Бязлая (Eseji, 106), з прасл. *tъsklěti, рэфлексы якога захаваліся ва ўкр. тоскли́вий, рус. тоскли́вый, польск. ckliwy, н.-луж. tesliwy, чэш. tesklivý. Сюды ж рус. скли́во ‘млосна, моташна’, цкли́во ‘тс’, польск. ckliwo ‘моташна, нудна’, славац. cklivo ‘тс’, што ўзыходзяць да *tъska ‘сум, гора’ (гл. таскаваць). Гл. Фасмер, 4, 642; Слаўскі, 1, 106; ЕСУМ, 5, 276–277. Шывіц–Дулар (Зб. Лекаву, 318–323) мяркуе, што ў аснове славенскага дзеяслова назоўнік *kъlъ ‘расток’ і ‘зуб’ (гл. ікол), ад якога ўтвораны дзеясловы *kъlěti і *kъkiti, што маюць адпаведныя формы з рухомым s‑. Параўн. скліць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тпру — вокліч, якім спыняюць запрэжанага каня (ТСБМ, Мат. Гом., ТС, Сержп. Прык.; мсцісл., З нар. сл.), тпруць ’тс’ (ТС), тпрр ’вокліч для спынення валоў і коней’ (Бес.), сюды ж тпру ’тс’ (Нас.). Параўн. укр. тпру, птру, тпр — вокліч для спынення коней і іншых жывёл, рус. тпру, тпррр ’тс’, польск. tpru, tpr ’тс’. Адносяцца да т. зв. першасных інтэр’екцый, мажліва, звязаны з прр, трр ’тс’. Сюды ж тпру‑буць — вокліч на валоў (ПСл). Другая частка ўтварылася ў выніку мены ы > у ва ўсходнім Палессі ад *быць — падзыўнога да быкоў, параўн. асобныя воклічы да цяляці-бычка: бысь‑бысь, быся‑быся, быська‑быська (мсцісл., З нар. сл.), усе з асновай бы‑, якая да бык, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трапяза́: ŭ łaziè na trapieziè siedzić kazá na adnoj naze. — Hryb (ваўк., Федар., 4, 470), што адпавядае зах.-палес. трипиза́ ‘непраходнае месца, бездарожжа’, сюды ж трэбеза́ ‘густы зараснік на балоце і рацэ’ (Бес.). Няясна (ЕСУМ 5, 640), параўн. трапеза 1. Параўн. таксама укр. нетрипе́за ‘непраходны зараснік’, якое Ніканчук (Лесная лекс., 10) збліжае з нетра (гл. нетры), што сумніўна. Сюды ж, магчыма, польск. trepież, trepeza, trabeza, trepicha ‘балота, дрыгва’, якія Талстой (Геогр., 176) спрабуе звязаць з дзеясловам *trepetati, мяркуючы пра ўсходнеславянскае паходжанне, гл. трапятаць. Хутчэй за ўсё, звязана з трапаць 1 (< *trepati: *trapiti: *trap‑, сюды ж чэш. střapiti ‘рваць на кавалкі, драць’, гл. Куркіна, Культура, 104–105), першаснае значэнне ‘неапрацаваная зямля’ ва ўкраінскай форме з адмоўем. Гл. і трупізнік.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)