Скле́ць ‘зябнуць, мерзнуць, стыць’ (ТСБМ; кіраў., Нар. сл.), ‘гібець, чэзнуць’ (ТС). Параўн. укр. дыял. склі́ти ‘чэзнуць, уміраць’, славен. skleti, skeleti ‘прычыняць востры рэзкі боль’. Паводле Бязлая (Eseji, 106), з прасл. *tъsklěti, рэфлексы якога захаваліся ва ўкр. тоскли́вий, рус. тоскли́вый, польск. ckliwy, н.-луж. tesliwy, чэш. tesklivý. Сюды ж рус. скли́во ‘млосна, моташна’, цкли́во ‘тс’, польск. ckliwo ‘моташна, нудна’, славац. cklivo ‘тс’, што ўзыходзяць да *tъska ‘сум, гора’ (гл. таскаваць). Гл. Фасмер, 4, 642; Слаўскі, 1, 106; ЕСУМ, 5, 276–277. Шывіц–Дулар (Зб. Лекаву, 318–323) мяркуе, што ў аснове славенскага дзеяслова назоўнік *kъlъ ‘расток’ і ‘зуб’ (гл. ікол), ад якога ўтвораны дзеясловы *kъlěti і *kъkiti, што маюць адпаведныя формы з рухомым s‑. Параўн. скліць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)