Слабада́1 гіст. ‘у XI–XVI стст. сяліба вольных людзей, прадмесце’, ‘вялікае гандлёвае ці прамысловае сяло, пасёлак’; памянш. слабо́дка (ТСБМ, Ласт.), ‘гаспадарчае пасяленне сялян, вызваленых ад прыгону, на пэўнай адлегласці ад сяла’ (Пятк. 2). Укр., рус. слобода́, ст.-рус. свобода, слобода ‘тс’, ст.-польск. sloboda ‘невялікі пасёлак, пасяленне сялян’, гл. слабода. Трубачоў (История терм., 170) першаснае тэрміналагічнае значэнне дэфінуе як ‘сумесна жывучая роднасная група’ (гл. свабода), якое потым зазнала значныя змены. У рус., бел., укр. формах з націскам на канцы ён адзначае старажытную інтанацыйную асаблівасць, характэрную для зборных дэрыватаў. Карскі (1, 145) пры серб. слобо́да ‘свабода’ лічыць канцавы націск у слове заканамерным.

Слабада́2 ‘агульная назва скаціны’ (Арх. Федар.; пруж., івац., ДАБМ, камент., 887), ‘статак кароў’ (Сцяшк. Сл.). Хутчэй за ўсё, з слабы (гл.) з суф. ‑oda, які яшчэ праславянскі (гл. Слаўскі, SP, 1, 63); семантычная паралель у худоба (гл.) ад худы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Слу́хаць ‘успрымаць слыхам’, ‘разглядаць (судовую справу)’, ‘прымаць пад увагу чые-небудзь указанні’ (ТСБМ, Ласт., Нас., Шымк. Собр., Касп., Байк. і Некр., ТС, Сл. ПЗБ), ст.-бел. слухати, слышати, слышети ‘тс’ (Альтбаўэр). Укр. слу́хати, рус. слу́шать, дыял. слу́хать, польск. słuchać ‘слухаць’, słuszać ‘слухацца’, в.-луж. posłuchać, słušeć, н.-луж. słuchać, słušaś, чэш. slušeti ‘падыходзіць, быць да твару’, славац. slušať, серб.-харв. слушати, славен. slúšati, балг. слу́шам, макед. слуша, ст.-слав. слоушати. Прасл. *sluchati і *slušati < *sluxěti, якія ад *sluchъ ‘слых’ (Фасмер, 3, 679), гл. слых. Адпаведнікі літ. klausýti ‘слухаць, слухацца’, ст.-прус. klausiton ‘пачуць’, ст.-в.-ням. hlosên ‘слухаць, слухацца’; з іншай ступенню вакалізму: ст.-інд. śróṣati ‘ён чуе’, ст.-сакс. hlust ‘слых; вуха; слуханне’, якія працягваюць і.-е. *kʼleu̯‑s‑ ‘чуць’. Гл. яшчэ Махэк₂, 558–559; Сной₁, 583; Глухак, 564; Борысь, 560; ЕСУМ, 5, 310–311.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сляза́ ‘вадкасць з вачэй (пры плачы і інш.)’ (ТСБМ, Ласт., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), слеза́ ‘тс’ (ТС). Параўн. укр. сльоза́, рус. слеза́, стараж.-рус. сльза, польск. łza, в.-луж. syłza, н.-луж. łdza, чэш., славац. slza, серб.-харв. су̀за, славен. sólza, балг. сълза́, макед. солза, ст.-слав. сльза. Прасл. *slьza або *slьdza; Фасмер (3, 668) з перавагай да першай формы. Роднаснае слізкі, слізь (гл.); Бязлай (3, 289) прасл. *slьza лічыць дэвербатывам, першасна nomen actionis > nomen acti ад прасл. *slьzati ‘слізгаць, паўзці (слізганне, коўзанне)’ > ‘тое, што слізгае’ → ‘кропля, сляза’. Параўноўваюць з с.-н.-ням. slik, slîk ‘слізь’, нов.-в.-ням. schlickern ‘праліваць’, с.-в.-ням. slîch, slich ‘глей’ (літ-py гл. Фасмер, там жа). Махэк₂ (559) рэканструюе прасл. *sьlza, што не адпавядае ўсходнеславянскім формам, для якіх ён дапускае мэтатэзу ьl > . Гл. таксама ЕСУМ, 5, 311.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смяя́цца ‘праяўляць весялосць, радасць смехам’, ‘насміхацца’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ), смія́цца тс’ (Бяльк.), ‘жартаваць’ (Стан.), смея́цца ‘тс’, ‘усміхацца’ (ТС), ст.-бел. смѣѧтисѧ (Альтбаўэр). Укр. смія́тися, рус. смея́ться, стараж.-рус. смияти ся, польск. śmiać się, в.-луж. smjeć so, н.-луж. smjaś se, чэш. smáti se, славац. smiať sa, серб.-харв. смѐјати се, смѝјати се, славен. smẹ́jati se, макед. смее се, балг. сме́я се, ст.-слав. смиꙗти сѧ. Прасл. *smьjati sę роднаснае лат. smiêt, smeju, smêju ‘смяяцца, жартаваць, узнімаць на смех’ ст.-інд. smáyatē ‘смяяцца’, англ. smile ‘смяяцца’, лац. mīrus ‘цудоўны’; гл. Покарны, 967; Фасмер, 3, 688; Мюленбах-Эндзелін, 3, 968; Майргофер, 3, 548; Махэк₂, 559; Шустар-Шэўц, 1319. Да і.-е. кораня *smei̯‑ ‘смяяцца’ (Сной₁, 584; Борысь, 617; Варбат, Этимология–1965, 117; Мельнічук, Этимология–1984, 142; ЕСУМ, 5, 324) або *(s)mei‑ ‘тс’ (Глухак, 565).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Снег ‘зімовыя атмасферныя ападкі’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Сл. ПЗБ, ТС), снег, сніга́ ж. р. ‘тс’ (Бяльк.), ст.-бел. снѣгъ ‘тс’ (Альтбаўэр). Укр. сніг, рус. снег, польск. śnieg, в.-луж. sněh, н.-луж. sněg, чэш. sníh, славац. sneh, серб.-харв. сни̏јег, славен. snẹ̑g, балг. сняг, макед. снег, ст.-слав. снѣгъ. Прасл. *sněgъ роднаснае ст.-прус. snaygis, літ. sniẽgas, лат. snìgs ‘снег’, гоц. snaiws ‘тс’, грэч. νείφες ‘ідзе снег’, лац. nīvit ‘тс’, ням. Schnee ‘снег’, а таксама ст.-інд. sníhyati ‘мокнуць, станавіцца клейкім’ і інш. (гл. Траўтман, 272–273; Покарны, 974) да і.‑е.*(s)nei​uh‑/*snig​uh ‘снег’; Фасмер, 3, 697 з літ-рай; Махэк₂, 564. Сной₁ (587–588) мяркуе, што прасл. *sněgъ і і.-е. *snig​uh першапачаткова абазначала ‘нешта клейкае, ліпкае, вільготнае’. Гл. яшчэ Шустар-Шэўц, 1327–1328; Скок, 3, 297; Борысь, 619; ЕСУМ, 5, 334–335.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Снято́к ‘дробная азёрная рыбка сямейства корушкавых’ (ТСБМ; віц., З нар. сл.; Жук.), ‘гальян азёрны’ (маг., Жук.), снядкі (снѣдки) ‘сорт рыбы’ (дзісн., Яшк. Мясц.), снітка ‘нейкая рыба’ (пін., там жа). Рус. наўг. снито́к, снято́к, паўн.-усх. снето́к. Ст.-рус. снѣтъ (XVI–XVII стст.). Дапускаецца запазычанне са швед. дыял. stint ‘дробная марэна’, дац. stint ‘рыба накшталт вугра’, або с.-н.-ням., н.-ням. stint, адкуль ням. Stint ‘корушка’, або з фін. sintti ‘сняток’ з наступнай мэтатэзай; гл. Міклашыч, 312; Праабражэнскі, 2, 347; Тапароў, Этимология–1978, 158 і наст. Фасмер (3, 698) мяркуе таксама аб магчымасці запазычання ў ст.-рус. форме *смѧтъ з нейкай скандынаўкай крыніцы і потым пераходу ў *снѧтъ аналагічна ст.-рус. імені Къснѧтинъ = Константин. Для славен. snẹ̑tec, серб.-харв. snetac Бязлай (3, 280) дапускае запазычанне з рускай. Гл. таксама ЕСУМ, 5, 333–334. Параўн. стынка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сойм ‘сейм’ (Байк. і Некр., Гарэц., Др.-Падб.), ‘збор, з’езд’ (Ласт.), со́йма ‘зборышча’: пʼяная сойма (слуц., А. Кулакоўскі), ст.-бел. соимъ, старое съемъ ‘сход прадстаўнікоў шляхты ў Рэчы Паспалітай’, ‘змова’ (?): почалъ с нѣмъци соимы чинити (Віленскі летапіс XV–XVI стст.), соймік ‘сход прадстаўнікоў шляхты ВКЛ’. Укр. сойм ‘сейм’, со́йма ‘натоўп’, рус. дыял. сойм ‘сялянскі сход’, сойма, суйм, суём ‘тс; натоўп; бойка’. З прыстаўкі *съ‑ і кораня *jьm‑ ад *jęti ‘браць’ (Фасмер, 3, 707). Аднак з улікам польск. sejm ‘сход’, ст.-польск. sjem ‘тс’, славен. sȅjem ‘рынак, кірмаш’, серб.-харв. sajȁm ‘тс’ магчыма рэканструяваць прасл. *sъjьmъ ‘сход, збор’, аддзеяслоўны назоўнік, паводле Ластоўскага, ад сыймацца ‘падыймацца’ (Ласт.), параўн. ст.-бел. съимуть на Вельи, вышеи Ковна двѣ мили (Летапіс Аўрамкі XV ст., гл. Карскі 2–3, 373). Інакш Сной (Бязлай, 3, 224), які выводзіць славенскае і сербскахарвацкае словы з *sъnьmъ ‘тс’. Гл. сейм.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сок ‘вадкасць у раслінных і жывёльных арганізмах, у глебе і інш.’ (ТСБМ, Бяльк., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС), ‘бярозавік’ (Сержп. Прымхі), ‘тук’ (слонім., Нар. лекс.), ст.-бел. сокъ ‘вадкае ў пладах’. Укр. сок, сік, рус. сок, польск. sok, в.-луж., н.-луж., sok ‘сачавіца’, чэш. дыял. sok, славац. osoka ‘сок (грыбны)’, серб.-харв. со̑к, славен. sọ̑k, балг., макед. сок, ст.-слав. сокъ ‘сок, напой’. Прасл. *sokъ мае адпаведнікі ў літ. sakaĩ мн. л. ‘драўняная смала’, ст.-прус. sackis ‘тс’; іншая ступень чаргавання: лат. sveķi мн. л. ‘смала’, алб. djak ‘кроў’, грэч. όπός ‘сок’, якія да і.-е. *s(u̯)ok​o‑ ‘сок расліны, дрэва’, з і.-е. *suek​, як мяркуюць, ‘мокры, вільготны’. Гл. Траўтман, 248; Мюленбах-Эндзелін, 3, 645; 1142; Фасмер, 3, 708 з літ-рай, а таксама Махэк₂, 566; Сной₁, 591; Борысь, 566; ЕСУМ, 5, 251. Параўн. сачавіца, сочыва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стая́ць ‘знаходзіцца на нагах’, ‘не рухацца з месца’, ‘не працаваць’, ‘трываць’, ‘знаходзіцца, размяшчацца’, ‘існаваць, быць (на свеце)’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ), стоя́ць ‘тс’ (ТС), ст.-бел. стоять. Укр. стоя́ти, рус. стоя́ть, польск. stać, в.-луж. stejeć (< stojać), н.-луж. stojaś, чэш. státi, славац. stáť, серб.-харв. ста́јати, славен. státi, балг. стоя́, макед. стои ‘стаяць’. Прасл. *stojati утварылася ад форм цяп. часу і.-е. *stə‑i̯e/o на аснове і.-е. *sta‑ (гл. стаць) (Борысь, 574); адпавядае оск. staít ‘стаяць’, ст.-інд. sthitás ‘той, які стаіць’, грэч. στατόσ ‘тс’, лац. status, далей літ. stóti ‘станавіцца, уступаць’, ст.-прус. postāt ‘станавіцца’, ст.-в.-ням. stân, stên ‘стаяць’; гл. Траўтман, 281; Фрэнкель, ZfslPh, 20, 242; Мюленбах-Эндзелін, 3, 1052; Фасмер, 3, 769; Бязлай, 3, 313; Шустар-Шэўц, 1352; Махэк₂, 575–576; ЕСУМ, 5, 430–431; Глухак, 579.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стог ‘вялікая капа сена, саломы’ (ТСБМ, Нас., Шат., Байк. і Некр., Бяльк., Сцяшк., ТС, Сл. ПЗБ), дыял. таксама ‘сцірта’, ‘капец’, ‘укладка дроў’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. стіг, рус. стог, рус.-ц.-слав. стогъ, польск. stóg, в.-луж. stóh, н.-луж. stóg, чаш., славац. stoh, серб.-харв. сто̂г і сто̏г, славен. stȍg, балг., макед. стог. Прасл. *stogъ ‘сцірта сена, саломы і да т. п., якая ўложана вакол кала, шаста’ < і.-е. *stogo‑, роднаснае ст.-ісл. stakkr ‘стог сена, пласт’, staki ‘кол, жэрдзь’, гл. Младэнаў, 669; Тэрас, ZfslPh, 19, 122 і наст.; Борысь, 579. Параўноўваюць яшчэ з літ. stógas ‘страха’, ст.-прус. steege ‘адрына’, ст.-інд. sthágati ‘укрывае’; Фрэнкель, 911; Траўтман, 288. Супраць Покарны, 1013; гл. Фасмер, 3, 763 з аглядам літ-ры; Шустар-Шэўц, 1159; Бязлай, 3, 319; Махэк₂, 578–579; ЕСУМ, 5, 418. Роднаснае стажар (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)