Сямёра ’у колькасці сямі (звычайна без назоўніка або з назоўнікамі агульнага роду, назвамі маладых істот і інш.)’ (ТСБМ), се́мера ’тс’ (Некр. і Байк., Пятк. 2), се́меро ’тс’ (ТС), ст.-бел. седмера ’тс’, побач з вседморо ’ўсямёра’ (Карскі 2-3, 55). Параўн. укр. се́меро, рус. се́меро, польск. siedmioro ’тс’, в.-луж. sedmory ’сямікратны’, н.-луж. sedymory ’тс’, палаб. sedmärë, чэш. sedmero, славац. sedmoro, славен. sedmero, серб.-харв. се̏дморо, ст.-слав. седмеро, седморо ’тс’. Прасл. *sedmero, *sedmoro ўтворана на базе ад’ектываванага лічэбніка *sedmerъ/*sedmorъ ад *sedmь (гл. сем) пры дапамозе суф. ‑er, ‑or (Фасмер, 3, 599; Лукінова, Числ., 323), параўн. чацвёра (гл.). Сюды ж сямёрка ’лічба сем, у колькасці сямі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт.), ’памер касы’ (Сцяшк., Мат. Гом.), ’дзве капейкі серабром, роўная па старых разліках сямі капейкам асігнацыямі’ (Нас.), семёрка ’медная манета двухкапеечнай вартасці’ (Растарг.), семерко ’сем штук’ (Рам. 3).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)