Зубе́ль, зубля́, зу́блэнь, зубы́ло ’яловае галлё ці рыззё на палцы для падкурвання пчол’ (Анох.), зубе́ль, зу́бяль ’дымар для падкурвання пчол’ (чачэр., Жыв. сл.; рагач., З нар. сл.). Славен. zúbelj ’полымя’, zúblja ’факел’, серб.-харв. зу̏бља ’тс’. Міклашыч (404) звязваў з літ. žiburỹs ’святло, полымя’ (якое звязана з žibė́ti ’блішчаць, прамянець’, на што ўказаў Безлай (IX seminar slovenskega jezika…, 1973, 12). Фрэнкель (1304), аднак, іх не спалучае, а этымалогію літ. слова лічыць няяснай). Скок (3, 664) параўноўвае са ст.-ісл. kafli ’палена’, ням. Kabel ’падрыхтаванае дрэва’ і ўзводзіць да і.-е. *gʼebh‑ ’кавалак дрэва’ (Покарны, 1, 353, без слав. прыкладаў). Але слав. і балт. вакалізм у гэтым выпадку не тлумачыцца; спасылка на варыянт *gʼombh‑, апрача гіпатэтычнасці такой сувязі, не тлумачыць славен. ‑u‑ (замест чаканага ‑o‑). Безлай рэканструюе для балт. *gʼōibh‑ (зыходзячы з формы, дадзенай Міклашычам, žiuburỹs), а для слав. *gʼoubh‑; такой формы Покарны не дае. І.‑е. праформа патрабуе далейшага вывучэння. Супрун, Полесье и этногенез славян, 1983, 61.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кабалда́й ’вялікаўзроставы’ (Касп.). Відаць, што значэнне, выведзенае з прыкладу («Як табе ня сорамна — ты ж ужо кабалдай!»), з’яўляецца толькі варыянтам магчымай дэфініцыі. З этымалагічна дапушчальных супастаўленняў ні рус. хабалда ’бойкая, крыклівая кабета’, бахалда ’балаболка, разявака, гультай і г. д.’, ні літ. kabálda ’кульгаючая, нязграбная асоба’ не падтрымліваюць тлумачэння Каспяровіча. Яны, аднак, і не пярэчаць яму — агульнавядомымі з’яўляюцца ваганні семантыкі ў экспрэсіўных словах. Такім чынам, паводле семантычнага крытэрыю, нельга выбраць у якасці крыніцы запазычання ні рускую, ні літоўскую мову. Дапамагае крытэрый фанетычны. На той жа тэрыторыі зафіксаваны хабал(ь), хабёл ’бабнік, гуляшчы мужчына’ (Касп.). Гэтыя словы, відавочна, суадносяцца з прыведзенай вышэй рускай лексікай, але цяжка дапусціць, што ў слове кабалдайк паходзіць з х, тым больш што тыповымі з’яўляюцца адваротныя сувязі, г. зн. х < к. У сувязі з гэтым аддаецца перавага літ. kabálda. Такім чынам, можна сцвярджаць, што віц. кабалдай запазычана з літ. крыніцы, блізка да якой стаіць kabálda, адзначанае ў слоўніках. Аб літ. слове гл. Фрэнкель, 200.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кажушы́на ’назва вопраткі, паўкажушок’ (Радч.). Укр. кожушина ’больш лёгкі кажух’, рус. зах.-бран. (па тэрыторыі агульнае з бел.) кожушина ’паўкажушок з аўчыны, кажух’, серб.-харв. (павеліч. kòžušina) засведчана ў помніках XVIII ст. балг. кожушина ’вялікі кажух’; гэта ж форма са значэннем ’шалупінне цыбулі’ ў загадках: серб.-харв. «U našega dedušine trideset i dve kozušine, pʼopet mu se rebra vide»; балг. радом. «Стар деда с девет кожушини». Паўд.-слав. паралелі дэманструюць некалькі іншую семантыку, аднак галоўнай перашкодай для канстатацыі архаічнасці прыведзенага слова з’яўляецца прадуктыўнасць суфікса, яго рэгулярны характар, і калі для ўсх.-слав., як і для паўдн.-слав. лексем, сепаратныя сувязі відавочныя, то меркаваць аб роднаснасці паўн. і паўдн. слоў у гэтым выпадку вельмі цяжка. Што датычыцца семантыкі, параўн. яшчэ рус. дом і домина, бел. хата і хаціна; вялікі фактычны матэрыял (і некаторая літаратура) прыведзены ў артыкуле М. Н. Крыўко «Слова з суфіксам ‑ін‑а (‑ын‑а) і яго вытворнымі ў гаворцы вёскі Манякова Міёрскага раёна» (Нар. словатв.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калы́бка ’калыска’ (Нік., Оч.; ЭШ), калыпка (Сл. паўн.-зах.). Адносна рэаліі Нікіфароўскі (Оч., 324) удакладняе, што калыбка гушкаецца з аднаго боку ў другі, а зыбка хістаецца ў вертыкальным напрамку; відаць, пры аналізе лексемы неабходна мець на ўвазе гэты культурны аспект, паколькі zybъka, безумоўна, праславянская лексема з больш шырокім арэалам, як і kolěbъka. Апрача бел., адзначаюць рус. дыял. колыбка; што датычыць фактаў укр. мовы, апрача ст.-укр. колыбка (з XVII ст.) і палес. колибка ’калодка ў коле’ (спецыфічнае значэнне, параўн. яшчэ бел. калыска ’паглыбленне ў бервяне’, гл. ніжэй) надзейных фактаў як быццам няма. Гэта, аднак, можна тлумачыць як натуральную страту больш архаічнага, параўнальна з калыска, утварэння. Слова ведаюць яшчэ ў кашубскім рэгіёне: славін. kolipkă, памор. ku̯ólibka, kuólïbka з больш новых запісаў Сыхты kolibka ’калыска’, што вельмі цікава ў арэальным аспекце. Паводле Трубачова, Эт. сл., 10, 165, вытворнае з суф. ‑ka ад дзеяслова *kolybati (гл. калываць); статус слова (паўн.-слав.? дыял. прасл.?) акрэсліць цяжка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ртуць ’хімічны элемент, вадкі цяжкі метал’ (ТСБМ), народная назва — жыво́е серабро́ (Ласт.). Рус., укр. ртуть, чэш. rtuť, славац. ortuť, польск. rtęć. Стараж.-рус. рътуть (Сразн., 3, 206) — разглядаецца як праславянскі дзеепрыметнік цяперашняга часу незалежнага стану *rьtǫtь (як могуть, словуть), звязаны з літ. rìsti, 1 ас. адз. л. ristù ’каціць, качаць’, лат. rist, 1 ас. адз. л. ritu ’каціць, каціцца’, а таксама літ. riēsti ’гнуць; скручваць; скурчваць; згортваць’, rietė́ti ’каціцца’, лат. riest ’адпадаць, аддзяляцца’, што ўзыходзяць, магчыма, да і.-е. *ret(h)‑ ’бегчы, каціцца’ (Фасмер, 3, 509; Чарных, 2, 124–125). Паводле больш ранняй версіі Міклашыча (285) якая, аднак, сутыкаецца з цяжкасцямі ў фанетычных адносінах, назва элемента паходзіць з араб. `utārid ’ртуць’ пры пасрэдніцтве тур. utaryd ’тс’. Першапачаткова араб. `utārid — назва планеты Меркурый, якая перайшла на хімічны элемент дзякуючы яго “лятучасці”, рухомасці. Параўн. франц. mercure, іт., ісп. mercurio, англ. mercury ’ртуць’. Назва планеты — паводле імені старажытнага рымскага бога гандлю і абаронцы вандроўнікаў Меркурыя — Mercurius (Чарных, 2, 124–125).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ру́хнуць1 ’абваліцца, упасці пад дзеяннем уласнага цяжару’; перан. ’перастаць існаваць, знікнуць’ (ТСБМ). Рус. ру́хнуть, польск. runąć ’упасці, зваліцца, распасціся; раптоўна рушыць з месца, рынуцца’, ст.-польск. ’грукнуць, загрымець, зарыкаць, зараўці’, ст.-чэш. runúti ’упасці, зваліцца’, балг. ру́хна ’упасці з шумам, разваліцца’. З прасл. *ruxnǫti < *ruxati, *rušiti ’прымушаць рухацца, надаваць рух, піхаць, штурхаць, варушыць, перакульваць, звальваць’ (Борысь, 527), гл. рушыць.

Ру́хнуць2 ’сказаць невыразна і зняважліва’ (мсцісл., Юрч. Сін.). Магчыма, ад рух (гл.), параўн. бу́хнуць ’сказаць нечакана і неабдумана’, бра́знуць ’сказаць неасцярожна’ (Юрч. Сін., 189–190), аднак, больш верагодна з рухаць2 (гл.).

Ру́хнуць3 ’кінуцца’: рухнулі свінья (саліг., Нар. словатв.), ’крануць, зрушыць’, ’хутка пайсці, рынуцца’, рухну́ць ’тс’ (ТС); рухну́цца ’рушыцца, крануцца’ (там жа). Да рухнуць1 (гл.). Версія пра сувязь не з рухаць, рушыць, а з гукапераймальным рухаць (рюхаць) ’падаваць гукі (пра свіней)’ (гл. рухаць2, рохаць) (Нар. словатв., 112) непераканаўчая.

Ру́хнуць4 ’прапасці (пра зімовую дарогу)’ (круп., Нар. сл.; ТС), рухну́ць ’тс’ (ТС). Канкрэтызацыя значэння ’перастаць існаваць, знікнуць’ слова рухнуць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́рпень ‘жнівень’ (Нас.; ашм., гарад., Сл. ПЗБ, Бес., Шатал.), сюды ж се́рпец ‘тс’ (астр., Сл. ПЗБ), се́рпій ‘тс’, серпаві́ннік ‘канец ліпеня’ (Сцяшк. Сл.). Укр. се́рпень, рус. старое се́рпень, стараж.-рус. сьрпьнь, польск. sierpień, чэш. srpen ‘тс’, серб.-харв. ср̂пањ ‘ліпень’, серб.-ц.-слав. сръпьнь ‘ліпень’, славен. srpȁn ‘ліпень, жнівень’, балг. съ́рпен ‘ліпень’. Прасл. *sьrpьnь ад *sьrpъ, гл. серп, г. зн. месяц сярпа, жніва (Фасмер, 3, 610, Брукнер, 489; Борысь, 547; Сной₁, 603). Інакш Махэк₂ (572), які супастаўляе з літ. sirpsti ‘спець’, таму што збожжа спее ў гэты час, але гэта менш пераканаўча. Аб славянскіх назвах месяцаў гл. яшчэ Шаўр, Этимология–1971, 93 і наст. Беларускае слова з улікам лінгвагеаграфіі можа быць і другасным запазычаннем з польскай; прынамсі аўтары Сл. ПЗБ (4, 415) параўноўваюць з польск. sierpień, аднак сведчанні Насовіча (“простолюдины… употребляют древние названия месяцев… Серпень — Август”, Нас., 631) і архаічная семантыка іншых назваў, утвораных ад серп — ‘канец ліпеня’, сведчаць пра іх спрадвечнасць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ско́бля ‘цяслярская прылада ў выглядзе нажа з ручкамі на канцах (ТСБМ, Шат., Касп., Яшк. Мясц., Бяльк., Варл., Янк. Мат., Сл. ПЗБ), скабёлка ‘тс’ (Касп.), скабялёк ‘струг з адной ручкай’ (Нік. Очерки). Укр., рус. ско́бель, рус.-ц.-слав. скобль, польск. skobla, чэш. skoble ‘жалезная скобка ў хамуце’, славац. skobľa, славен. skȏblja, серб.-харв. ско̎бља дыял. ‘клямар’, балг. ско́бел. Прасл. *skobelь, *skobla. Ад страчанага яшчэ на праславянскім узроўні, як мяркуе Варбат (Этимология–1971, 3 і наст.), *skobiti, параўн. аднак скабіць (гл.), каш. skobić ‘здзіраць кару з дрэва’ (гл. SEK, 4, 281), з суф. ‑elʼ‑, ‑lʼa. Параўн. літ. skõbti, skobiù ‘скрэбці, зрываць’, skabýti, skabaũ ‘тс’, skabùs ‘востры’, лац. scabō, ‑ere ‘скабліць, скрэбці, часаць’, гоц. skában ‘скрэбці, стрыгчы’ і інш. Гл. Траўтман, 262; Мюленбах-Эндзелін, 3, 863; Вальдэ-Гофман, 2, 484; Фасмер, 3, 643. Младэнаў (584) выводзіць ад *skoba (гл. скаба́); Брукнер (494) таксама параўноўвае формы, што адпавядаюць скаба́ і скобля. Гл. яшчэ БЕР, 6, 761; Сной₁, 573.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Скры́пка1 ‘смычковы музычны інструмент’ (ТСБМ, Ласт., Шат., Байк. і Некр., Др.-Падб., Бяльк., ТС, Сл. ПЗБ). Рус. скри́пка, укр. скри́пка, польск. skrzypce ‘скрыпка, ліра’. Звязана з скрыпе́ць (гл.; Фасмер 3, 658; Борысь, 555). Інакш аб словаўтварэнні Шанскі (КЭСРЯ, 413): ад скрипа — варыянт ж. р. да скрип ‘выклічнік, што азначае скрыпенне’ з суф. ‑к(а). Варбат (Этимология–1981, 20) выводзіць ад *skripati ‘хутка рухацца’, што звязана з хуткімі рухамі смычка, параўн. ням. Geige ‘скрыпка’ і дыял. geigen ‘рухаць узад і ўперад, туды-сюды’.

Скры́пка2 ‘венцер, рыбалоўная прылада ў выглядзе конуса або рэшата для зімняй лоўлі’ (чач., Жыв. НС; кір., Нар. сл.; Браім, Рыбалоўства), бучы або крыпкі ‘пляцёныя або зробленыя з лучыны конусы, якія апускаюцца ў палонкі’ (Меер Крыч.). Відаць, ад скрыпка1 паводле знешняй формы; параўн., аднак, скрыпіца ‘кошык’ (гл.), што выяўляе сувязь з крыпаць ‘блытаць’ (гл.), г. зн. ‘плясці’, параўн. скрыпа́ны ‘неўпарадкаваны’ (ігн., Сл. ПЗБ), скрыпа́цца ‘зблытацца’ (там жа), гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Со́плі, со́пля ‘слізь, выдзяленні з носа; смаркачы’ (ТСБМ), со́пель ‘тс’ (Шат.), со́плі ‘соплі’, ‘ледзяшы’ (ТС, Сл. ПЗБ), ‘ледзяшы’ (Сцяшк.), сопе́ль ‘лядзяш’, ‘ёрш’ (ТС), со́пэль, су́пель ‘лядзяш’ (івац., Нар. сл.; ЛА, 2), сапе́ль ‘сопля, лядзяш’ (Нас.). Укр. со́піль, Р. скл. — сопля ‘сопля; лядзяш’, рус. со́пля, стараж.-рус. сопль ‘тс’, польск. sopel ‘сопля; лядзяш’, чэш. sopel, славац. sopeľ, серб.-харв. sopalj ‘нарасць пад дзюбай індыка’, дыял. сопу̀ль ‘сліна’, балг. сопо́л ‘сопля’. Паводле Борыся (567), прасл. *sopъlь, *sopolь дэрыват ад прасл. sopti (гл. сапці) з суф. ‑ъlь, аднак Слаўскі (SP, 1, 111) дэрывацыйную аснову лічыць тут няяснай. Сюды ж адносяць ст.-ісл. safi ‘сок дрэва’, лац. sapa ‘сіроп з вінаграднага сусла’, арм. ham (sapmo‑) ‘сок’, авест. vī‑šāpa‑ ‘той (або тое), што мае атрутныя сокі’. Гл. яшчэ Махэк₂, 567; Фасмер, 3, 719; Скок, 3, 306; ЕСУМ, 5, 355. Меркаванне Астроўскага (ABSl, 29, 151) пра развіццё другаснага значэння ‘лядзяш’ пад польскім уплывам цяжка абгрунтаваць, параўн. балг. со́пови ‘ледзяшы на стрэсе’ (Гераў).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)