Бахту́рыць (набахтурыў ему голаву ’забіў яму галаву лухтой’; Чач., Нас.). Магчыма, звязана з групай слоў рус. ба́харь ’балбатун і г. д.’, славен. báhati ’хваліцца’. Суфіксацыя не зусім ясная (здаецца, ‑t‑ur‑ < ‑ъt‑ur‑), як звычайна ў многіх экспрэсіўных словах. Параўн. рус. бахте́ть, бахти́ть ’хваліцца, важнічаць’, бахту́рить ’перагружаць думкі чым-н.’ (пры ба́хать ’ілгаць, хлусіць’). Не выключаецца, аднак, што бахтурыць < бухто́рыць. Параўн. польск. buchtorzyć ’дурыць, баламуціць’. У Насовіча пад бахту́рыць прыводзяцца два значэнні — ’наліваць у пасудзіну’ і ’забіваць галаву лухтой’, параўн. бухто́рыць (Нас.) ’празмерна ліць вадкасць, празмерна піць’. Гэта можа сведчыць, што ’забіваць галаву лухтой, дурыць’ → ’наліваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жэ́рліца ’рыбалоўная снасць’. Рус. літ. жерли́ца, дыял. же́рлица, же́рли́ка ’тс’, укр. жерлига ’вялікая вуда’ (Грынч.). Фасмер (2, 49) і Шанскі (Д, Е, Ж, 284) развіваюць дапушчэнне Праабражэнскага (1, 229) аб паходжанні ад жерло са знач. ’горла’ (таго ж кораня) або ’вуда для лоўлі з жыўцом’ ад жэрці з суф. ‑ла (< *‑dlo), улічваючы жор ’час, калі добра бярэцца рыба’. Аднак і пры гэтых тлумачэннях не зусім ясная варыянтная суфіксацыя, а семантыка патрабуе далейшых удакладненняў і пацвярджэнняў. Трэба ўлічыць, што часцей назвы прадметаў на ‑іца ад прыметнікаў (параўн. пале́гліца ’палеглая пшаніца’, кру́гліца ’круглая ніва’, гл. Сцяц., Афікс. наз., 110–111).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Завіру́ха ’мяцеліца’. Рус. дыял. завиру́ха, завирю́ха, заверю́ха, завертю́ха, укр. завірюха ’тс’, польск. zawierucha ’моцны вецер’. Улічваючы паўсюднае пашырэнне ў рус. гаворках, гэта ці польск. і ўсх.-слав. агульнае слова, ці слова, што распаўсюдзілася ў польск. з усх.-слав. «крэсаў». Утворана з суф. у́ха, відаць, ад дзеяслоўнай асновы (Сцяцко, Афікс. наз., 72), але не зусім ясна якой. Рус. варонеж. завертюха, відаць, ад завертеть, але патрэбы ў выпадзенні ‑т‑ (> ‑ц‑) у іншых выпадках няма; адпаведнага ж значэння ў дзеяслова завирать у рус. дыялектах і самога дзеяслова ў бел. не зафіксавана (апрача, магчыма, завира́ть арханг. ’згортваць, закручваць’, варонеж. ’аплятаць лапці вяроўкай’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Ліша́ць, пін. ліша́ть ’пакладаць’ (Шатал.) — фанетычны запіс зроблены не зусім правільна; драг. лэ́чатэ ’тс’ (Лучыц-Федарэц, КЭС), у якім націск на лэ́ пад уплывам прыметніка устар. лэ́шні, лэ́чны (цяпер лі́шні), параўн. польск. leszny ’лішні’ ў прымаўцы moszna rzecz leszna, lecz zdobi wałachy (Варш. сл.). Да прасл. lišiti ’пазбаўляць’, параўн. рус. лиша́ть, бел. ліша́цца ’пазбаўляцца’ (Ян.). Магчыма, гэта ‑э‑ ў аснове з’яўляецца архаічнымі адносінамі асноў liš‑/leh‑ (з чаргаваннем е : о), як славен. lẹ́hniti ’прыпыняць, праходзіць, пераставаць’ (гл. Куркіна, Этымалогія–72, 78–79). Прасл. lišati () — ітэратыў-дуратыў на ‑(j)ati, які ўзыходзіць да lišiti < lixъ > ліхі́ (гл.) (Трубачоў, Эт. сл., 15, 154–155).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

На́варат ’бервяно ў зрубе, над прасценкамі, над вокнамі і над дзвярамі’ (брагін., Шатал.), ’тс’ і ’верхні вушак у дзвярах’ (жытк., Нар. сл.), на́варатня ’бервяно, якое кладзецца над вокнамі і дзвярыма’ (цэнтр.-палеск.), на́воротні ’бярвенні з выдзяўбанымі паглыбленнямі, у якія ставяць кроквы’ (пінск., Нар. лекс.), на́варацень ’бервяно, якое кладзецца на куравіцы і на якім умацоўваецца вясло (на плыце)’ (падзеш., Нар. сл.). Мяркуючы па семантыцы, найбольш верагодна ад вароты ’праём, прастора паміж дзвюма вертыкальнымі апорамі’, тады на́варат і пад. ’тое, што перакрывае такі праём’; менш верагодна ад навярну́ць ’накаціць’, варочаць ’куляць, варочаць’, хаця не выключана, што для плытагонскага тэрміна гэта зусім магчыма.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Налог ’дрэнная схільнасць, звычка’ (Нас.), ’звычка’ (міёр., Нар. сл.), налога ’тс’ (віл., Жыв, сл.), укр. налога ’звычка, звычай’, польск. nałóg ’схільнасць, прывычка, звычка да чаго-небудзь дрэннага’. Ст.-бел. налог ’прывычка’ (1598 г.) лічыцца запазычаннем з польск. nałóg (Булыка, Лекс. запазыч., 133); Булахаў (Развіццё беларускай літ. мовы ў XIX–XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі. Мн., 1958, 27) лічыць паланізмам у беларускіх творах Чачота, што зусім верагодна, улічыўшы значную колькасць дэрыватаў у польскай мове і адмоўнае сэнсавае адценне слова, што адсутнічае ў беларускім дзеяслове налажы́цца ’прызвычаіцца, прывыкнуць’ (гл.), які мог быць асновай утварэння аддзеяслоўнага назоўніка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Несамавіты ’непрыгожы, няважны; нястрыманы’ (Гарэц.), ’несамастойны, непрыгожы; не маючы ўнутранай годнасці’ (Касп., Шат.), ’няякасны’ (Сл. ПЗБ), несамовіты ’неразумны, дурнаваты’ (ТС), nisamavity ’не зусім добры’ (Варл.), укр. несамови́тий ’раз’юшаны, сам не свой; у вышэйшай ступені моцны’, рус. пск. несамови́тый ’непрыгожы, нязграбны’, польск. niesamowity ’які мае зносіны з д’яблам; сам не свой’ (з укр., Варш. сл.). Утворана пры дапамозе адмоўя не ад менш ужывальнага самавіты (гл.); развіццё «адмоўнай» семантыкі звязана з канкрэтызацыяй зыходнага значэння, якое мае агульны (аморфны) характар, параўн. у Насовіча: самовитый ’настоящий, самый лучший’, у сваю чаргу «адмоўная» семантыка магла ўплываць на значэнне зыходнага слова, параўн. самовіты ’разумны’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плашч ’лёгкае паліто пераважна з непрамакальнай тканіны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.). Укр., рус. плащ, польск. płaszcz, н.- і в.-луж. płasć, чэш., славац. plášť, славен. plášč, серб.-харв. пла̑шт, харв. чак. plašć, макед. плашт, балг. плашт(ът), ст.-слав. плащь ’плашч’. Прасл. *plaščь не зусім яснага паходжання. Праабражэнскі (2, 70), Брукнер (420) звязваюць гэтую лексему з плат; больш імаверна суадносіць з плоскі, пла́скі (гл.) (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 113; Міклашыч, 248; Фасмер, 3, 277; Бязлай, 3, 49). Банькоўскі (2, 618) звязвае з прасл. *plast‑ъ > пласт (гл.), да якога далучаўся суф. *‑jь > *plastjь ’пастухоўская апанча, густа сплеценая з пасмаў воўны’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прыда́ча ’тое, што дададзена, прыдадзена; прыбаўленне да цаны’ (ТСБМ, Мік., Др.-Падб., Нас., ТС), пры́дача ’прыдача, удача’ (Байк. і Некр.). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад прыда́ць. Сюды ж вытворныя прыда́члівы ’шчаслівы, удачлівы; які мае асаблівы нораў’ (Нас.), прыда́чны ’ўдалы, удачны; выгадны’ (Нас., Байк. і Некр., Янк. 1). Таксама да гэтага гнязда другасны вытворны назоўнік прыда́ка ’ўдачнік; удалы, зухаваты; неўтаймоўны, непадобны характарам на родных’ (Нас., Байк. і Некр.) з далейшым зрухам семантыкі — ’выпадак; нечаканасць’ (Нас.). У апошнім выклікае цікавасць не зусім яснае (адваротнае) чаргаванне ‑ч‑/‑к‑, якое, магчыма, выклікана пераасэнсаваннем формы слова пры субстантывацыі. Верагодна, усх.-слав., параўн. рус. прида́ча, прида́чливый ’здольны, умелы; спрытны’, укр. прида́ча.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ты́раць ‘цяжка працаваць’ (Сцяшк. Сл.; Скарбы). Параўн. польск. tyrać ‘цяжка працаваць, не шкадуючы сіл і здароўя’, аргат. ‘красці’, ‘працаваць’ (Каня, Słownik), tyrać, terać ‘псаваць, нішчыць, траціць’, ‘надрывацца’, каш. tërac, tėrac ‘тс’, utërac są ‘змучыцца’, чэш. týrati ‘мучыць; катаваць (жывёл)’, славац. týrať ‘мучыць’. Арэальна, хутчэй за ўсё, запазычана з польскай мовы; узводзіцца да дыял. зах.-слав. *tyrati няяснага паходжання. Не зусім надзейна звязваецца генетычна з прасл. *turiti ‘паганяць’, ‘гнаць’, ‘турыць’ (Брукнер, 589; Махэк₂, 664; Рэйзак, 687; SEK, 5, 146–147). Пры прасл. *tiriti ‘мучыць’ да *terti ‘церці’ (Пралік, 637). Значэнне ‘красці’ ў польскай мове, відаць, у выніку збліжэння з усх.-слав. тырыць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)