Плашч ’лёгкае паліто пераважна з непрамакальнай тканіны’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.). Укр., рус. плащ, польск. płaszcz, н.- і в.-луж. płasć, чэш., славац. plášť, славен. plášč, серб.-харв. пла̑шт, харв. чак. plašć, макед. плашт, балг. плашт(ът), ст.-слав. плащь ’плашч’. Прасл. *plaščь не зусім яснага паходжання. Праабражэнскі (2, 70), Брукнер (420) звязваюць гэтую лексему з плат; больш імаверна суадносіць з плоскі, пла́скі (гл.) (Ільінскі, ИОРЯС, 20, 3, 113; Міклашыч, 248; Фасмер, 3, 277; Бязлай, 3, 49). Банькоўскі (2, 618) звязвае з прасл. *plast‑ъ > пласт (гл.), да якога далучаўся суф. *‑jь > *plastjь ’пастухоўская апанча, густа сплеценая з пасмаў воўны’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)