ВЕВЯРЫ́ЦА,
векша, старажытнаруская плацежная адзінка. Назва ад вавёрчынай шкуркі, што з’яўлялася таварам-грашамі. У 10—11 ст. гэта манетны фрагмент (0,33—0,50 г) куфіцкага дырхема або зах.-еўрап. дэнарыя. У 12—13 ст. устарэлы тэрмін, што азначаў зусім нязначную, мізэрную суму.
т. 4, с. 53
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́РШЫ
(польск. wierszy ад лац. versus верш),
дасілабічныя і сілабічныя (гл. Сілабічнае вершаскладанне) вершаваныя творы ва ўсходнеславянскіх літаратурах у 16—18 ст. Віршы звычайна наз. вершы для чытання (у процілегласць кантам і псалмам, якія спяваліся). Пазней віршамі сталі называць любыя архаічныя і не зусім удалыя вершы.
т. 4, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЦЫДАФО́БНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ
(ад лац. acidus кіслы + грэч. phobos страх),
арганізмы, якія развіваюцца толькі ў нейтральным і шчолачным асяроддзях. Да іх належаць, напрыклад, урабактэрыі, якія разбураюць мачавіну (добра растуць у шчолачным асяроддзі пры pH 8—9 і зусім не развіваюцца ў асяроддзі з pH ніжэй за 6), і вышэйшыя расліны — буракі, люцэрна, фасоля і інш.
т. 2, с. 162
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГНО́Н
(Agnon; сапр. Чачке) Шмуэль Іосеф (17.7.1888, г. Бучач Цярнопальскай вобл., Украіна — 17.2.1970),
ізраільскі пісьменнік. Самы значны твор — авантурны раман «Дачка на выданні» (1931). Аўтар псіхал. раманаў «Простая гісторыя» (1935), «Госць на адну ноч» (1938—39), «Зусім нядаўна» (1945), аповесцяў «Госць зайшоў пераначаваць» (1939), «У глыбінях мораў» (1952), зб-каў апавяданняў «Снапы» (1963), «Апавяданні для ўсёдаравання» (1967) і інш. У творах спалучэнне фалькл. сюжэтаў і вобразаў з фантазіяй, іроніі са спачуваннем, рэлігійныя матывы. Нобелеўская прэмія 1966.
т. 1, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛІ́НСКАЯ
(Glińska) Тэафіля (сапр. Букатова; 1762 ці 1763, в. Вял. Косічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.10.1799),
польская паэтэса. Некаторы час жыла ў Шчорсах (Навагрудскі р-н). Яе творчасць развівалася ў рэчышчы сентыменталізму. Аўтар апісальнай паэмы «Шчорсы» (1784), вершаванага пералажэння фрагмента рамана Ж.Ф.Мармантэля «Інкі, або Знішчэнне Перу» («Перуанскія гімны смерці», 1785). Ёй прыпісваюць таксама не зусім дакладны пераклад драмы А. фон Кацэбу «Бянёўскі».
Літ.:
Mikulski Т.Т. Glińska // Mikulski Т. Ze studiów nad oświeceniem. Warszawa, 1956.
В.В.Саладоўнікаў.
т. 5, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРДЫ́НСКІ ВЫ́ХАД,
даніна з рус. земляў Залатой Ардзе ў час мангола-татарскага панавання 13—15 ст. Збіраўся з усяго насельніцтва, акрамя духавенства. Велічыня пабораў была не пастаянная, а залежала ад «запросаў» хана. Напачатку ардынскі выхад збіралі баскакі, адкупшчыкі-мусульмане. Нар. паўстанні ў рус. княствах (1257, 1259, 1262, 1289) супраць баскакаў прымусілі ханаў перадаць збор даніны рус. князям. Даніна ішла ў Залатую Арду праз вял. князя уладзімірскага. Пасля Кулікоўскай бітвы 1380 ардынскі выхад плацілі нерэгулярна, з 1470-х г. перасталі плаціць зусім.
т. 1, с. 476
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯГЕ́НЫ
[ад бія... + ...ген(ы)],
біягенныя рэчывы, 1) рэчывы і хім. элементы, якія ўваходзяць у састаў усіх відаў арганізмаў і неабходныя для іх існавання. Важнейшыя: кісларод (каля 70% масы арганізмаў), вуглярод (18%), вадарод (10%), азот, кальцый, калій, фосфар, магній, сера, хлор, натрый. У клетках выконваюць структурную функцыю, ролю каталізатараў біяхім. рэакцый, рэгулююць асматычныя працэсы, з’яўляюцца складанымі часткамі буферных сістэм і рэгулятарамі пранікальнасці біял. мембран.
2) Рэчывы, якія арганізмы сінтэзуюць у ходзе жыццядзейнасці.
3) Рэчывы, што ўтварыліся ў выніку раскладання рэшткаў арганізмаў, але не зусім мінералізаваліся.
т. 3, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЫН Георгій Міхайлавіч
(н. 23.4.1918, Масква),
рускі акцёр. Нар. арт. СССР (1990). Вучыўся ў тэатр. вучылішчы пры Маск. маст. акадэм. т-ры 2-м (МХАТ 2-і). У 1937—69 у т-ры імя М.М.Ярмолавай. З 1945 здымаецца ў кіно. Камедыйны, вострахарактарны акцёр. Здымаўся ў фільмах: «Старая, старая казка», «Цень», «Кампазітар Глінка», «Дванаццатая ноч», «Жаніцьба Бальзамінава», «Джэнтльмены ўдачы», «Сіняя птушка», «Рукі ўгору!», стварыў ролю-маску Баязліўца ў камедыях Л.Гайдая «Зусім сур’ёзна» (навела «Пёс Барбос і незвычайны крос»), «Самагоншчыкі», «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка», «Каўказская нявольніца».
т. 4, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІМПТО́ТА
(ад грэч. asymptōtos які не супадае) крывой з бесканечнай галінай, прамая, да якой гэта галіна неабмежавана набліжаецца. напрыклад, асімптота гіпербалы y = 1/x — восі каардынат Ox і Oy. Крывая можа перасякаць сваю асімптоту (напр., графік затухальных ваганняў) або зусім не мець асімптоты (напр., парабала). Калі графік функцыі y = пры вялікіх х мае асімптоту, што вызначана ўраўненнем y = kx + b, то гэту функцыю можна вызначыць як = kx + b + a(x),
дзе a(x)→0 пры x→∞. Выкарыстоўваецца ў матэм. аналізе.
т. 2, с. 30
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛАЯ САВА́,
палярная сава (Nyctea scandiaca), птушка сям. савіных атр. совападобных. Пашырана кругапалярна, характэрна для Арктыкі і Субарктыкі: у тундрах Еўразіі, Паўн. Амерыкі і на а-вах Паўн. Ледавітага ак. Вандроўная птушка. На Беларусі вельмі рэдкі зімуючы від.
Даўж. цела 56—65 см, маса 1,4—2,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне белае з бураватымі стракацінамі розных памераў або э бурымі папярочнымі палоскамі. Самцы больш светлыя, чым самкі, зрэдку зусім белыя. Дзюба і кіпцюры чорныя. Радужына ярка-жоўтая. Гняздо на зямлі ў выглядзе ямкі. Корміцца мышападобнымі грызунамі, птушкамі, зайцамі.
т. 3, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)