БІЯГЕ́НЫ
[ад бія... + ...ген(ы)],
біягенныя рэчывы, 1) рэчывы і хім. элементы, якія ўваходзяць у састаў усіх відаў арганізмаў і неабходныя для іх існавання. Важнейшыя: кісларод (каля 70% масы арганізмаў), вуглярод (18%), вадарод (10%), азот, кальцый, калій, фосфар, магній, сера, хлор, натрый. У клетках выконваюць структурную функцыю, ролю каталізатараў біяхім. рэакцый, рэгулююць асматычныя працэсы, з’яўляюцца складанымі часткамі буферных сістэм і рэгулятарамі пранікальнасці біял. мембран.
2) Рэчывы, якія арганізмы сінтэзуюць у ходзе жыццядзейнасці.
3) Рэчывы, што ўтварыліся ў выніку раскладання рэшткаў арганізмаў, але не зусім мінералізаваліся.
т. 3, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)