Завіру́ха ’мяцеліца’. Рус. дыял. завиру́ха, завирю́ха, заверю́ха, завертю́ха, укр. завірюха ’тс’, польск. zawierucha ’моцны вецер’. Улічваючы паўсюднае пашырэнне ў рус. гаворках, гэта ці польск. і ўсх.-слав. агульнае слова, ці слова, што распаўсюдзілася ў польск. з усх.-слав. «крэсаў». Утворана з суф. у́ха, відаць, ад дзеяслоўнай асновы (Сцяцко, Афікс. наз., 72), але не зусім ясна якой. Рус. варонеж. завертюха, відаць, ад завертеть, але патрэбы ў выпадзенні ‑т‑ (> ‑ц‑) у іншых выпадках няма; адпаведнага ж значэння ў дзеяслова завирать у рус. дыялектах і самога дзеяслова ў бел. не зафіксавана (апрача, магчыма, завира́ть арханг. ’згортваць, закручваць’, варонеж. ’аплятаць лапці вяроўкай’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)