Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

І́га1 ’ярмо для запрагання валоў’ (мін., Жыв. сл., 42). Рус. и́го ’прыгнёт’, уст. ’ярмо’, укр. і́го ’ярмо’, польск. jugo ’ярмо, перакладзіна ў санях’, палаб. jaiďü ’прыгнёт, ярмо’, чэш. jho ’тс’, славен. igȏ ’прыгнёт, валоўе ярмо’, серб.-харв. уст. иго ’прыгнёт, ярмо’, балг. и́го ’прыгнёт’, макед. иго ’прыгнёт, ярмо’. Ст.-слав., ст.-рус. иго ’прыгнёт, ярмо’. Прасл. *jьgo < *i̯ŭgom узыходзіць да і.-е. *i̯eu̯‑g‑ ’звязваць’; параўн. і.-е. матэрыял: літ. jùngas ’ярмо’ (n — пад уплывам дзеяслова jùngti ’злучаць, запрагаць’), ст.-інд. yugám ’ярмо’, junákti ’запрагаць, спалучаць’, лац. iugum ’ярмо’, iungō ’звязваць, злучаць’, грэч. ζυγόν ’ярмо’, ζεύγνῡμι ’запрагаць, спалучаць’, хец. i̯ukan ’ярмо’, гоц. juk ’тс’, арм. luc ’тс’, авест. yaog‑ ’запрагаць’. Бернекер, 1, 421–422; Покарны, 1, 508–509; Фасмер, 2, 115–116; Слаўскі, 1, 445–446; Безлай, 1, 208; Трубачоў, Эт. сл., 206–208, там жа падрабязны агляд літ-ры. Этнаграфічны бок гл. Машынскі, Kultura, 647–656.

Іга́2 ’злая жанчына’ (Нас.). Гл. яга.

І́гаць ’медная ступка’ (Інстр. I). Рус. тамб., смал. и́готь ’ступа, ступка’, смал. и́готка ’маленькая ступа, ступка’. Ст.-рус. иготь, игота, иготья ’металічная ці каменная ступка, ручная ступа’ з с.-грэч. ἰγδί(ον). Бернекер, 1, 421; Праабражэнскі, 1, 264; Фасмер, 2, 116.