Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Тлу́жа ’тлушч у вадкім стане, тук’ (радашк., ДАБМ, камент.). Няясна; відаць, звязанае з тлушч, гл.

Тлук ’тлушч, растопленае сала’ (полац., Нар. сл.), ’тлушч, які застаецца на патэльні, калі смажаць сала’ (Барад.). Відаць, да тук (гл.) пад уплывам тлусты, тлушч, гл.

Тлум1 ’адурэнне, замарачэнне’, ’шум, гоман, сумятня’, ’шумлівы натоўп людзей’ (ТСБМ), ’шум, гоман’ (Нас., Касп., Мядзв., Некр. і Байк., Шымк. Собр.), клум ’шум, галас’ (Гарэц.), сюды ж тлумі́ць ’дурыць галаву; празмерна дакучаць гаворкай, шумам’ (ТСБМ, Касп.), ’дурыць’ (Жд. 2), ’жартаваць, гаварыць лухту’ (Нас.), ’пустасловіць’ (Шымк. Собр.). З польск. tłum ’тс’, якое лічыцца выключна польскім утварэннем (Трубачоў, Труды, 1, 162), інакш Ліўканен (Отглаг. сущ., 172), які далучае сюды рус. смален. талмата́ ’шум, мітусня’ (< *tolmota, параўн. тлумата, гл.); выводзіцца з прасл. *tъlpmъ, звязанага з прасл. *tъlpa ’натоўп’ (Брукнер, 572), гл. таўпа. Борысь (635) дапускае мажлівасць аддзеяслоўнага паходжання ад tłumić ’прыгнятаць, глушыць, прыціскаць’. Ст.-бел. тлумъ ’зборышча, зброд’ вядома з XVII ст., як і тлумити ’супакойваць, стрымліваць’, вядомае з XVI ст., запазычаны са старапольскай мовы (Булыка, Лекс. запазыч., 38, 196).

Тлум2 ’нерастаропны чалавек’ (Сл. рэг. лекс.). Канверсійнае ўтварэнне ад тлумава́ты ’дурнаваты’ (там жа), тлу́мны ’бесталковы’ (Некр. і Байк.), што ад тлум1, тлуміць ’заблытваць, збіваць з панталыку’, гл.

Тлума́1 ’клопат’ (чэрв., Сл. ПЗБ). Вытворнае ад тлуміць ’турбаваць’, гл.

Тлума́2 ’густыя зарасці ў лесе’ (чач., Мат. Гом.). Магчыма, старое запазычанне, параўн. ст.-польск. tłum ’стос дроў; купа дрэў’ (XV ст.), што да tłumić ’сціскаць, прыгнятаць’ (Борысь, 635), гл. тлуміць.

Тлу́мак ’клунак’ (Сцяшк.), тлу́мок, тлума́к ’тс’ (Сл. Брэс.; брэсц., ЛА, 5), ’клунак; абмежаваны чалавек, дурань’ (беласт., Сл. ПЗБ), ст.-бел. тлу́мок, клу́мок, клу́нок ’клунак, пакунак’ (1516 г., Ст.-бел. лексікон, КГС). Укр. дыял. тлу́мок ’клунак’, тлума́к ’вузел, чамадан’, польск. tłumok ’клунак’, чэш. tlumok ’клунак, рукзак’. Са ст.-польск. tłumok ’тс’ (Булыка, Лекс. запазыч., 103) ад tłum ’натоўп, плойма’, першапачаткова ’вялікая колькасць’ (Брукнер, 572 і інш.), гл. тлум1, або ад tłumić ’сціскаць, змінаць’ (Борысь, 636), гл. тлуміць. Аднак чэш. tlumok звязваюць са ст.-чэш. telma ’торба’ няяснага паходжання (Махэк₂, 646; Голуб-Ліер, 483), а ўкр. тлу́мок, тлума́к лічаць трансфармацыяй тур. tulum ’торба’ (Ткачоў, Slavica Tarnopolensia, 1994, 1, 68).

Тлумата́ ’шум, беспарадак у галаве’ (Мат. Гом.). Да тлум1 (гл.) па тыпу глухата, цесната і пад.

Тлума́ч старое ’перакладчык у час афіцыйных перагавораў’, ’тлумачальнік’ (ТСБМ, Ласт.), ’перакладчык’ (Нас., Гарэц. 1, Байк. і Некр.; ашм., беласт., Сл. ПЗБ), тулма́ч ’тс’ (Бяльк.). Запазычанне з польск. tłumacz ’перакладчык’, старое ’інтэпрэтатар, каментатар’, адносна паходжання гл. талмач. Для часткі значэнняў не выключана самастойнае ўтварэнне ад тлумачыць, гл.

Тлума́чыць ’даваць тлумачэнне, высвятляць, каментаваць’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Касп., Ласт., Некр. і Байк., ТС, Цых.), ’расказваць, гаварыць, апавядаць’ (шальч., смарг., гродз., Сл. ПЗБ), ’перакладаць’ (Вруб., Цых.; маст., стаўб., Сл. ПЗБ). З польск. tłumaczyć ’выясняць, інтэрпрэтаваць, абгрунтоўваць; перакладаць’, старое і дыял. tłomaczyć ’тс’, што да *tl̥mačiti ’перакладаць з адной мовы на другую; выясняць, інтэрпрэтаваць’, параўн. укр. товма́чити ’тс’, рус. толма́чить ’тс’, чэш. tlumočit ’тс’, серб.-харв. тума́чити, дыял. толма́чити ’выясняць, перакладаць; распавядаць, разумець’, макед. дыял. тумачи ’тс’; утворана ад прасл. *tl̥mačь (Борысь, 635), гл. талмач.

Тлумі́цца ’тлець’ (ТС). Няясна; хутчэй за ўсё, да тлуміць ’прыгнятаць, стрымліваць, заглушаць’ (гл.), што адпавядае зыходнай семантыцы ’душыць; таўчыся’, характэрнай для асновы *telm‑/*tolm‑/*tъlm‑ (Куркіна, Этимология–1983, 25), параўн. польск. dym tłumi ’ідзе клубамі, клубіцца’.

Тлумі́ць ’марочыць, дакучаць’ (ТСБМ), ’збіваць з толку, задурваць, блытаць’ (Нас.), ’прыгнятаць’ (Ласт.), ’турбаваць’ (чэрв., ЛА, 3), ’заблытваць, збіваць з панталыку’ (Байк. і Некр.), ’ачмураць шумам’ (Касп.), ’псаваць, таптаць (пасевы); жартаваць, гаварыць абы-што’ (Нас.), ’дурыць’ (пух., Жд. 2; бялын., Янк. Мат.), ’несці лухту’ (Шымк. Собр.), тлумы́ты ’стрымліваць, затрымліваць’ (драг., Ск. нар. мовы), ст.-бел. тлуми́ти ’ўціхамірваць’, ’стрымліваць’ (1574 г., КГС), сюды ж тлумі́цца ’страчваць увагу, блытацца’ (Нас.), ’туліцца, жыць у цеснаце’, ’дурэць’, ’прадаваць, рабіць доўга’ (Мат. Гом.), тлуми́тис ’таўчыся’ (кобр., Горбач, Зах.-пол. гов.), тл́умны ’нястрыманы, шумны, неспакойны’ (ТСБМ), ’сварлівы, бесталковы’ (Байк. і Некр.). Параўн. укр. тлу́ми́ти ’знішчаць, нявечыць; заглушаць; біць, лупцаваць’, польск. tlumić ’прыглушаць, глушыць, прыгнятаць (пра агонь), стрымліваць; таўчыся, біцца’, ст.-польск. tlomić ’тс’, чэш. tlumit ’прыглушаць, стрымліваць, змякчаць’, славац. tlmiť ’тс’. З польск. tlumić ’прыглушаць, стрымліваць’ (Борысь, 635; Брукнер, 572; Махэк₂, 646; Куркіна, Этимология 1983, 24–26).