Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ткале́ ’на ўсякі выпадак, хоць, хаця’ (слонім., Нар. словатв.), тка́ле ’ўсё ж, аднак’ (ганц., Ск. нар. мовы), ’толькі, адно’ (Сержп.), тка́ля ’можа, каб’ (лях., Цыхун, вусн. паведамл.), тколе́ ’жа, ж’ (пін., Жыв. сл.; Сл. Брэс.), тколэ́ ’усё-такі, усё ж, аднак’ (пін., Нар. лекс.). Відаць, да папярэдняга (гл.), ускладненае дадатковай канцавой часціцай ‑ле (< ‑*lě, параўн. але, гл. ESSJ SG, 1, 319). Менш верагоднае вывядзенне з тыке́ле, тыке́ля ’толькі’ (Ласт., 706) або з літ. tik ’толькі, адно’, лат. tikai ’тс’ (Санько, Крыўя, 1996, 1, 93).

Тка́лля ’ткачыха’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Варл.; мсцісл., Жыв. сл.; Клім.), тка́лья ’тс’, тка́ля ’тс’ (Сл. ПЗБ, Сл. Брэс., Шатал., Жд. 1), тка́лья, тка́йля ’тс’ (паст., Сл. ПЗБ), тка́льня ’тс’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Жд. 1; брасл., паст., валож., навагр., ЛА, 4), ст.-бел. ткалля ’тс’ (БЛ, 46, 53), сюды ж тка́льніца ’тс’ (Сл. ПЗБ, Уладз., ТС, Мат. Гом.), тка́нніца ’тс’ (Сцяц. Сл.; дзісн., Нар. сл.; мсцісл., Жыв. сл.; Мат. Гом.), тка́ніца, тка́ныця ’тс’ (Сл. ПЗБ). Параўн. укр. тка́ля, рус. дыял. тка́лья, старое чэш. tkadlí (< tkadlé, Сяткоўскі, Słow. nazwy, 117), серб.-харв. тка̀ља. Прасл. *tъkadlьja ’тс’ выводзяць з формы м. р. *tъkadlьcь ’ткач’ (Сяткоўскі, там жа, 115); паводле Трубачова (Ремесл. терм., 118), форма м. р. другасная, утвораная як адпаведнік першапачатковаму назоўніку ж. р. з асновай на ‑i: *tъkadli, вытворнай ад *tъkadlo ’тканіна; тое, што ткуць’. Іншыя формы — у выніку дысіміляцыі або метатэзы ў канцы слова.

Тка́льніца ’ткачыха’ (шчуч., шальч., Сл. ПЗБ; бяроз., лельч., ЛА, 4; мазыр., Шатал.; ТС). Гл. ткалля.

Ткані́на ’тканы матэрыял; тэкстыльны выраб’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Касп., Сл. ПЗБ, Бяльк., Вруб.), тканіна́ ’матэрыя, вытканая ў хатніх умовах’ (шчуч., смарг., Сл. ПЗБ; ашм., Стан.; Ласт.), тка́ніна ’тс’ (астрав., шальч., Сл. ПЗБ). Параўн. укр. ткани́на ’тэкстыль, тканы матэрыял’, рус. дыял. ткани́на ’тс’, польск. tkanina ’тс’, чэш. tkanina ’тс’, славац. tkanina ’тс’, в.-луж., н.-луж. tkanina ’тс’, славен. tkanina ’тс’, серб.-харв. тка̏нина ’тс’, макед. ткаенина ’тс’. Паводле Махэка₂ (644), новыя спецыяльныя тэрміны ў асобных славянскіх мовах. У народнай мове суф. ‑іна можа ўспрымацца як паказчык адзінкавасці, у сувязі з чым узнікаюць новыя тэрміны для называння тканага матэрыялу, напр. тка́нае ’матэрыя, вытканая саматужным спосабам’ (смарг., Сл. ПЗБ), або як сродак, што ўтварае экспрэсіўныя назвы дзеяння тыпу бегані́на, тузані́на, у сувязі з чым у якасці назвы матэрыялу выкарыстоўваюцца аддзеяслоўныя назоўнікі ад ткаць (гл.): тка́нье, тка́нё, тка́ння ’тс’ (ашм., лід., гарад., шальч., Сл. ПЗБ), тканнё ’агульная назва ўсяго тканага’ (Мат. Маг.), параўн. тка́нне ’ткацтва’ (мсцісл., Жыв. сл.). У аснове слова дзеепрыметнік тка́ны ад ткаць1, гл.

Тка́нка ’вышытая чырвонымі ніткамі павязка на галаву’ (Нас.), ’паласатая тканіна’ (кругл., ЛА, 4), ’вытканая хусцінка’ (Сл. Брэс.), ’галаўны ўбор з тонкага абруча, абшытага тканінай’ (Касп.), ’пасма льну, якая ўплятаецца ў косы (маладой на вяселлі) замужнімі жанчынамі’ (Бяльк.), ’жаночы галаўны ўбор падчас вяселля; карона маладой са стужак, караляў і штучных кветак’ (Тур.), ’павязка пад чапец, вянок’ (Сержп. Грам., Тарн.), сюды ж тка́льніца, тка́ніца, тка́ныця, ка́ныця ’валік для прычоскі’ (Сл. ПЗБ), тка́ныца, ка́ніця ’дэталь галаўнога ўбору замужняй жанчыны: туга скручаны кусок палатна або шнурок, завязаны вакол галавы, на які закручвалі валасы, а наверх надзявалі чапец і намітку; можа быць і ў выглядзе драўлянага абруча’ (Лекс. Бел. Палесся), ст.-бел. тканка ’тонкая тканіна, сетачка, карункі’, ’вышываная галаўная павязка з рознакаляровымі махрамі’ (1516 г., КГС; Ст.-бел. лексікон), тканица ’тс’ (КГС). Параўн. укр. тка́нка ’тонкая матэрыя; жаночае ўпрыгожанне з караляў і пярлінаў’, ст.-польск. tkanka ’стужка з дэкаратыўнай тканіны, што ўжывалася для аблямоўкі адзення’, чэш. tkadlicě, tkanice ’тканая стужка’. Вытворныя ад тканы, ткаць1, гл.

Тка́ха ’ткалля’ (Некр. і Байк., Ян., Жд. 1, Растарг., Нас., Ласт., Сцяшк. Сл., Уладз., Сл. Брэс., Шатал., Крыч.; ветк., ЛА, 4). Укр. тка́ха ’тс’, рус. дыял. тка́ха ’тс’. Паводле Сяткоўскага (Słow. nazwy, 114), скарочаная форма ад ткачы́ха з павелічальным (аўгментатыўным) значэннем; хутчэй ад тка́чка ’ткалля, прадзільшчыца’ (гл. ткач). Няпэўна; магчыма, утворана пад уплывам рус. пря́ха ’пралля’, параўн. ни пряха, ни ткаха (Нас.), вядомага і на частцы беларускай тэрыторыі.

Ткаць1 ’вырабляць тканіну’ (ТСБМ, Нас., Ласт., ТС, Бяльк., Касп., Сержп. Прымхі, Федар. 4): ткаць ряшоты (Рам. 4); ткаць кросны перан. ’плесці павуціну’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), тка́ці, тка́ты (тка́тэ) ’ткаць’ (Сл. Брэс.; кам., Сл. ПЗБ), ст.-бел. ткати (1598 г., КГС). Укр. тка́ти ’тс’, рус. ткать ’тс’, польск. tkać, н.-луж. tkaś ’вязаць’, в.-луж. tkać, палаб. tåkăt, чэш. tkát, славац. tkať, славен. tkáti, серб.-харв. тка̏ти, макед. ткае, балг. тъка́, дыял. тка́я ’тс’, ст.-слав. тъкати ’тс’. З прасл. *tъkati ’ткаць’, роднаснага да *tykati ’тыкаць’, *tъknǫti ’ткнуць’, а таксама да лат. tukstêt ’стукаць’, taucêt ’таўчы ў ступе’, ст.-в.-ням. dūhen ’прыціскаць’, ст.-англ. ðýn, ðýan ’ціснуць, штурхаць’, ст.-ірл. tool ’парожні’, грэч. τύκος ’каменячосы молат’, τυκίζω ’абчосваю, чашу’ (Фасмер, 4, 64; Брукнер, 571; ЕСУМ, 5, 582). Трубачоў (Ремесл. терм., 117; Труды, 2, 44) сцвярджае другасны характар слова паводле словаўтварэння і семантыкі, параўн. ткаць2, гл. Фурлан (Бязлай, 4, 185) мяркуе пра зыходнае значэнне ’вязаць, шыць’, Борысь (633) — пра ’соваць, прасоўваць (ніткі праз аснову)’ і першасную форму *tъkti, суадносную з *tykati (гл. тыкаць), гл. таксама Шустар-Шэўц, 1507. Акрамя таго, звязваюць (Махэк₂, 644) з грэч. τεύχω ’будую; вырабляю; раблю’, і.-е. *teu̯kh‑, а таксама (Голуб-Копечны, 385; Скок, 3, 477) з прасл. *tesati ’часаць’, і.-е. *tesk‑.

Ткаць2 ’соваць, піхаць’, перан. ’папіхаць, папракаць’ (Нас.), ’торкаць, саджаць’, ’даваць’ (Юрч. Фраз. 1): між дзвярэй пальцы не ткай (брасл., Рабк.), сюды ж тка́цца ’штурхацца’ (Нас.), ткану́ць ’уваткнуць’ (люб., Ск. нар. мовы), ткнуць ’пакласці, уторкнуць’ (ТСБМ, Касп., Барад.), ’тыкнуць, піхнуць, сунуць’ (Нас.), ’крануць’ (Ласт.), ткну́ті ’торкнуць, падаць рэзка’ (Сл. ПЗБ, Вруб.). Параўн. укр. ткну́ти ’тыкнуць’, рус. ткнутъ ’тс’, польск. tkać ’соваць, упіхваць, утыкаць’, tknąć ’ударыць, штурхнуць, дакрануцца’, н.-луж. tkaś ’утыкаць, папіхаць’, чэш. tknout ’дакранацца’, славац. tkať ’тс’, серб.-харв. та̀кнути ’дакрануцца’, ст.-слав. тъкати ’кранаць, штурхаць, стукаць’, тъкнѫти ’крануць, штурхнуць, стукнуць’. Прасл. *tъkati ’кранаць, штурхаць, піхаць, соваць’, *tъknǫti ’дакрануцца, піхнуць, стукнуць; усунуць, увапхнуць’; этымалагічна звязанае з папярэднім словам, гл. тыкаць. Гл. таксама Шустар-Шэўц, 1507–1508; Борысь, 633.

Ткач ’рабочы, майстар, які вырабляе тканіну на ткацкім станку’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Уладз.; кобр., Яшк. Мясц.; Арх. Вяр.), ст.-бел. ткачъ ’тс’ (1518 г., КГС), сюды ж тка́чка ’ткалля’ (Жд. 1, Мат. Гом., Уладз.; Горбач, Зах.-пол. гов.), ’прадзільшчыца’ (лід., Сл. ПЗБ), ткачы́ха ’ткалля’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Уладз., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр., рус. ткач ’той, хто тчэ’, польск. tkacz, славац. tkáč, н.-луж. дыял. tkac, серб.-харв. ткач, балг. тъка́ч, макед. ткаеч ’тс’. Прасл. *tъkačь nomen agentis ад *tъkati (гл. ткаць1), лічыцца адносна познім утварэннем (Сяткоўскі, Słow. nazwy, 111). Звяртае на сябе ўвагу тка́чка ’прадзільшчыца’, у якім можна было б бачыць захаванне першаснага значэння *tъkati ’віць, звіваць’, параўн. Махэк₂, 644; шырокае ўжыванне назвы *tъkačьka: укр., рус. дыял. тка́чка, польск. tkaczka, славац. tkáčka, балг. тъка́чка, макед. дыял. тка́чка ’ткачыха’ сведчыць пра стары дэрыват ад *tъkačь.