Ткач ’рабочы, майстар, які вырабляе тканіну на ткацкім станку’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Уладз.; кобр., Яшк. Мясц.; Арх. Вяр.), ст.-бел. ткачъ ’тс’ (1518 г., КГС), сюды ж тка́чка ’ткалля’ (Жд. 1, Мат. Гом., Уладз.; Горбач, Зах.-пол. гов.), ’прадзільшчыца’ (лід., Сл. ПЗБ), ткачы́ха ’ткалля’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Уладз., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС). Параўн. укр., рус. ткач ’той, хто тчэ’, польск. tkacz, славац. tkáč, н.-луж. дыял. tkac, серб.-харв. ткач, балг. тъка́ч, макед. ткаеч ’тс’. Прасл. *tъkačь nomen agentis ад *tъkati (гл. ткаць 1), лічыцца адносна познім утварэннем (Сяткоўскі, Słow. nazwy, 111). Звяртае на сябе ўвагу тка́чка ’прадзільшчыца’, у якім можна было б бачыць захаванне першаснага значэння *tъkati ’віць, звіваць’, параўн. Махэк₂, 644; шырокае ўжыванне назвы *tъkačьka: укр., рус. дыял. тка́чка, польск. tkaczka, славац. tkáčka, балг. тъка́чка, макед. дыял. тка́чка ’ткачыха’ сведчыць пра стары дэрыват ад *tъkačь.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)