Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Жор ’перыяд, калі рыба кідаецца на яду’ (ТСБМ). Рус. жор ’час, калі рыба добра бярэцца’, дыял. ’апетыт’, польск. żer ’яда (у жывёл)’, чэш., славац. žer ’тс’. Бязафіксны наз. ад дзеяслова *žьratiжэрці (гл.): *žьrъ; першаснае значэнне магло лепш захавацца ў зах.-слав. мовах ’ежа як працэс’.

Жо́ра ’жарабя’, жо́ря (Бяльк.). Памяншальнае ўсячэнне жарабя (гл. жарабец) з пераносам націску на першы склад. Для ўсячэння падставай магло быць падвядзенне пад мадэль кароткіх назваў малых жывёл (ягня, цяля, дыял. ваўча, казя, каця, Сцяц., Афікс. наз., 197), звязанае з усячэннем паўторнай суфіксацыі (параўн. ласянёнак і ласё, там жа, 201). Няясны націск. Не выключана кантамінацыя з жэрці (гл.).

Жораў. Гл. жураве́ль.

Жо́рван, жо́рваны ’жорны’ (Мат. Гом.). Гл. жаро́н.

Жо́ржкі ’гульня хлопчыкаў — бабкі’ (гродз., Нар. словатв., 260). Улічваючы, што жох2 — назва элемента гульні ў бабкі — звязана, відаць, з гэтым словам, але зазнала ўплыў нейкага іншага слова. Фасмер (2, 62) адзначае жорж ’прайдзісвет’ у сувязі з жох ’тс’, указваючы, што непасрэднай сувязі паміж гэтымі словамі, якую бачыў Крастоўскі (ИОРЯС, 4, 3, 1070), няма, бо жорж < франц. George. Аднак наяўнасць формы жорж у двух значэннях жох можна лічыць сведчаннем у карысць пэўнай сувязі жоржжох, але сувязі хутчэй кантамінацыйнага характару, калі франц. імя суадносілася са старой назвай жох.

Жо́рсткі (ТСБМ), жо́сткій (Нас.). Рус. жесткий, дыял. паўд. жёрсткий ’жорсткі’, укр. жорсткий ’жорсткі, суровы’. Ст.-рус. жестый ’жорсткі’, жестокий ’жосткі, суровы’. Ст.-слав. жест‑ (у складаных словах). Паводле Шанскага (1, Д, Е, Ж, 288), рус. жесткий, як і жестокий, запазычана са ст.-слав. Фасмер (2, 50) гэта не лічыць. Слав. *žest‑ звязана, відаць, з с.-в.-ням. kes ’цвёрды грунт, глетчар’, ст.-ісл. kǫs ’куча (камення)’, ст.-ірл. gall ’камень’ (?). Праабражэнскі, 1, 231; БЕР, 1, 538. Міклашыч (410) параўноўваў з коранем *žeg‑, абапіраючыся на дыял. жегче ’больш жорстка’. Скок (3, 667) дапускае такую магчымасць побач з папярэдняй. З’яўленне ‑p‑ у бел., укр. пад уздзеяннем шорсткі (гл.), якое магло ўплываць і на значэнне.