Жох 1 ’прайдзісвет’ (ТСБМ). Рус. жох ’тс’. Улічваючы форму жег ’прайдзісвет’, якую Даль прыводзіць у гняздзе жечь, Шанскі (1, Д, Е, Ж, 296), як і Фасмер (2, 62), Праабражэнскі (1, 236), схіляецца да думкі пра сувязь з коранем жьг (гл. жога) і параўноўвае з прожженный, выжига, жиган. Хаця гэта этымалогія патрабавала б падтрымкі як у семантычных, так і ў фармальных адносінах, яна, магчыма, лепей, чым іншыя, напр., сувязь з жокер ’назва карты’ (< англ. ’падманшчык’) ці з цюрк. джок ’бядняк’ (Радлаў, Опыт, 4, 93), альбо шох ’цікавы, гуллівы, жартаўлівы’ (там жа, 1026). Гл. жох 3.
Жох 2 ’костка ў гульні’ (грозд., Нар. словатв., 269). Рус. дыял. жох ’адна са старон, палажэнне косткі ў гульні; сама костка; спіна, край’. Фасмер (2, 62), крытыкуючы няпэўную сувязь з жаць 2, якую адзначыў Гараеў (111), недакладную паралель з польск. żoch ’страўнік’ (магчыма, з чэш. žock, žok < ням. Sack ’мех, мяшок’), выказвае нясмела думку пра магчымасць сувязі з жох 1. Ці не трэба ўлічыць магчымасць сувязі з цюрк. джок, у некаторых мовах (напр., казах.) жок ’не, няма, згубленая рэч’ (Радлаў, Опыт, 4, 92–93)? Параўн. яшчэ Ціцэ (Tietze), Oriens, 10 (1957), 377.
Жох 3 ’выклічнік, што ўказвае на раптоўнасць’ (полац., Нар. лекс., 26). Відаць, звязана з дзеяслоўным коранем *žьg‑ (гл. жага, жгаць). Параўн. укр. прожогом ’хутка, імкліва’. Гл. жох 1.