Дзёгаць ’дзёгаць’. Рус. деготь, укр. де́готь, польск. dziegieć, чэш. dehet. Прасл. *degъtь ’тс’. Лічыцца роднасным з літ. degùtas ’тс’ (параўн. літ. dègti ’паліць’). Раней меркавалі, што слав. слова запазычана з балт. моў (аргументам тут было тое, што няма адпаведнага слав. дзеяслова: у слав. мовах выступае аснова *žeg‑ < *geg‑ ’паліць’, а не *deg‑, як у балт.). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 4, 204–205; Фасмер, 1, 493; Бернекер, 1, 182–183; Брукнер, 109. Незалежна ад праблематыкі існавання слав. базавага дзеяслова для *degъtь трэба звярнуць увагу, што ў ст.-чэш. мове dehet абазначае таксама пэўнае дрэва (Terpentinbaum, terebinthus; гл. у слоўніку Гебаўэра). Гэта магчымы каштоўны рэлікт даўніны, які, мяркуем, зусім не падмацоўвае ідэю запазычання з балт. моў.
Дзёран ’дзёран’ (БРС), дзярно́ ’тс’ (Касп.). Рус. дерн, укр. де́рен, польск. darń, чэш. drn, балг. до́ран, дъ́рен, дъ́рн. Прасл. *dьrnъ ’тс’ — утварэнне ад *dr‑: *der(ə)‑ ’драць’ (параўн. ст.-інд. dīrṇá‑ ’той, што лопнуў, трэснуў’). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 224–225; гл. далей Фасмер, 1, 504; Бернекер, 1, 256.
Дзёрзкі ’дзёрзкі’ (БРС). Параўн. рус. де́рзкий, укр. дерзки́й, польск. dziarski, чэш. drzký, балг. дързък, серб.-харв. др̏зак. Прасл. *dьrzъkъ — утварэнне суфіксам ‑ъkъ ад *dьrzъ ’тс’ (< і.-е. *dhr̥su‑s ’тс’). Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 228–229; Фасмер, 1, 503–504; Бернекер, 1, 257–258.
Дзёшава, дзешаве́ць (БРС). Параўн. рус. дешёвый, укр. деше́вий. Паводле Трубачова (Эт. сл., 4, 219–220), слова няяснай структуры, але, магчыма, даўняга паходжання. Этымалогіі яго няпэўныя (ад слав. *desiti, *desnica і інш.). Агляд у Фасмера, 1, 509–510; Трубачова, там жа.