Дво́жды ’двойчы’ (Нас.). Параўн. рус. дыял. дво́жды, дво́жди, дво́жжи (агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 5, 187). Дыялектная форма да прасл. *d(ъ)va šьdi ’двойчы’ (< d(ъ)va ’два’ і šьd‑, апошняе да дзеяслова *jьti, *xoditi), якая ўзнікла, відавочна, аналогіяй.
Дво́йчы ’двойчы’ (БРС, Нас., Шат., Касп.). Параўн. рус. дыял. дво́йчы, дво́ича, укр. дві́чи, дві́йчи, ст.-польск. dwójcy, dwujcy, dwajcy, ст.-слав. дъвоищи. Прасл. *d(ъ)vojьtji < *d(ъ)va + іменная форма *jьtjь ’ход’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 193. Параўн. дво́жды.
Двор ’двор’ (БРС, Нас., Шат., Касп., Сцяшк. МГ). Рус. двор, укр. двір, польск. dwór, чэш. dvůr, серб.-харв. двор, балг. дво̑р, ст.-слав. дворъ. Прасл. *dvorъ лічыцца роднасным са слав. *dvьrь ’дзверы’. Параўн. далей ст.-інд. dvā́ram ’вароты, дзверы’, лац. forum ’пярэдні двор’, лат. dvars ’брамка’. Фасмер, 1, 489; Бернекер, 1, 241; Траўтман, 63; Трубачоў, Эт. сл., 5, 169–170. Спецыяльна для *dvьrь параўн. гоц. daúr, літ. dùrys, лац. forēs, ст.-інд. dúraḥ і г. д. (Трубачоў, Эт. сл., 5, 171–172).