Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Граб ’назва дрэва Carpinus betulus’ (БРС, Шат., Касп.). Прасл. форма *grabъ (параўн. яшчэ рус. граб, укр. граб, польск. grab) і таксама *grabrъ (балг. га́бър, славен. gȃber, чэш. habr). Роднасныя формы: ст.-прус. wosigrabis ’брызгліна’, макед. γράβιον ’драўніна пэўнай пароды дуба і г. д.’ Гл. Фасмер, 1, 449. Параўн. агляд у Трубачова (Эт. сл., 7, 99–100), які думае пра роднаснасць са слав. *grebǫ, *grebti (назва ўзнікла, магчыма, у перыяд даўняга збіральніцтва).

Граба́р ’землякоп’ (БРС, Шат., Касп.). Ст.-бел. кграбаръ, грабар ’тс’, вядомае ў помніках з XVI ст. Запазычанне з польск. grabarz ’тс’, а гэта з с.-в.-ням. grabaere (ням. Gräber). Гл. Слаўскі, 1, 333; Булыка, Запазыч., 150–151; Рудніцкі, 715.

Гра́блі ’граблі’. Гл. гра́біць.

Грабя́ст ’жэрдзі’ (Касп.). Гл. драбёст.

Гра́біць ’грабіць’ (БРС). Параўн. рус. гра́бить, укр. гра́бити, польск. grabić, балг. гра́бя, ст.-слав. грабити і г. д. Прасл. *grabiti ’хапаць, грабіць, браць; зграбаць і да т. п.’ Да і.-е. *ghrōbh‑; параўн. ст.-інд. grāháyati ’прымусіць схапіць’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 97; Фасмер, 1, 449–450; Траўтман, 95–96; Бернекер, 1, 344; Слаўскі, 1, 333–334. Ад гэтага прасл. дзеяслова ўтворана *grabja, *grabji ’граблі, грэбень’ (’тое, чым зграбаюць’): бел. гра́блі, рус. гра́бли, укр. граблі́, польск. grabie, чэш. hrábě і г. д.

Град ’град’. Параўн. рус. град, укр. град, польск. grad, чэш. hrad, балг. град, серб.-харв. гра̏д, ст.-слав. градъ. Прасл. *gradъ ’тс’. І.‑е. *grōdō‑ ’град’: параўн. арм. karkut ’тс’ (< *ga‑grōdo), лац. grandō ’град’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 101 (з літ-рай). Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 450; Слаўскі, 1, 336; Бернекер, 344.

Града́ ’града (у розных знач.)’ (БРС, Шат., Касп.). З прасл. *gręda. Параўн. рус. гряда́, укр. гряда́, польск. grzęda, чэш. hřada, балг. греда́ і г. д. Прасл. *gręda (значэнні: ’бэлька, перакладзіна, мураваная сцяна, градка, мель, востраў, узвышша і да т. п.’). Роднасным лічацца літ. grindà ’дошка для падлогі і да т. п.’, лац. grunda ’дах, страха, дахавыя кроквы’, ст.-ісл. grind ’рама і г. д.’ Корань *gręd‑ мае аблаўтную форму *grǫd‑, якая прадстаўлена ў бел. груд ’узгорак, груда’, гру́да ’глыба, кавалак, камяк’, рус. гру́да, укр. гру́да́, чэш. hruda, hrud, польск. gruda, grąd і г. д. Агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 120–122, 146–148 (з літ-рай).

Гра́дус ’градус’ (БРС). Ст.-бел. градусъ ’ступень’. Паводле Булыкі (Запазыч., 85), запазычанне з лац. gradus. З лац. мовы запазычана і рус. гра́дус. Гл. яшчэ Шанскі, 1, Г, 156.

Гразь ’гразь’ (БРС, Шат., Касп.). Рус. грязь, укр. грязь, ст.-рус. грѧзь, чэш. hřez, серб.-харв. гре̑з, славен. grêz. Прасл. *gręzь суадносіцца з дзеясловамі *gręznǫti, *gręziti (бел. гра́знуць, рус. гря́знуть, чэш. hřeznouti, серб.-харв. гре̏знути і г. д.). У аснове ляжыць *gręz‑, якое параўноўваюць з літ. grīmsti ’тануць’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 125–126; Фасмер, 1, 467–468. Аблаўтны варыянт — *grǫz‑ (напр., *grǫznǫti, *grǫzъ): параўн. бел. гру́знуць, груз, рус. гру́знуть, груз, укр. гру́знути, груз (апошняе азначае ’балота’). Гл. Фасмер, там жа; Трубачоў, там жа, 151. Адносна ўкр. (resp. бел.) грязь не пераконвае Слаўскі, 1, 361–362.

Гразі́ць ’гразіць’. Прасл. *groziti ’гразіць і г. д.’ (агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 143): рус. грози́ть, укр. грози́ти, балг. грозя́, серб.-харв. гро̀зити. Дзеяслоў утвораны ад прасл. *groza ’страх; жах; штосьці страшнае; пагроза’; параўн. бел. граза́ ’граза; навальніца’, укр. гроза́, рус. гроза́, чэш. hrůza ’страх, жах’, польск. groza ’небяспека’, балг. гроза́ ’штосьці страшнае’, ст.-слав. гроза ’жах’. Магчыма, гукапераймальнага паходжання (*g‑r‑g̑‑: параўн. грэч. γοργός ’страшны’). Трубачоў, там жа, 141–142 (з аглядам літ-ры). Сюды ж адносіцца і бел. прыметнік гро́зны (прасл. *grozьnъ, гл. Трубачоў, там жа, 144).