Гру́бка ’галандская печ’. Рус. гру́ба, укр. гру́ба, гру́бка. Запазычанне з польск. gruba, grubka, а гэта з ням. (с.-в.-ням.) gruobe. Гл. Рудніцкі, 741; Фасмер, 1, 462.
Гру́бы ’грубы’. Параўн. рус. гру́бый, укр. гру́би́й, чэш. hrubý, польск. gruby (дыял. gręby), балг. груб, ст.-слав. грѫбъ. Прасл. *grǫbъ, *grubъ (агляд форм у Трубачова, Эт. сл., 7, 145–146). Роднаснымі формамі лічацца літ. grùbti grumbù ’калець, дубець’, ’рабіцца няроўным, ухабістым’. Падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 7, 145–146; Фасмер, 1, 462–463; Траўтман, 99–100; Бернекер, 1, 355.
Груга́н ’крумкач, груган’ (БРС, Касп.). Відавочна, назва гукапераймальнага характару.
Груд ’узгорак, груда’. Гл. града́.
Гру́да ’глыба, кавалак, камяк’. Гл. града́.
Гру́дзі ’грудзі’. Параўн. рус. грудь, укр. грудь, гру́ди, ст.-польск. grędzi, чэш. hruď, балг. гръд, гърди серб.-харв. гру̑д, гру̑ди, ц.-слав. грꙋдь, грѫдь. Прасл. *grǫdъ. Лічыцца роднасным этымалагічна са слав. *grǫda і *gręda (гл. града́). Назва *grǫdь з’яўляецца слав. інавацыяй (архаічная слав. назва *pьrsь, *pьrsi). Трубачоў, Эт. сл., 7, 148–149; Фасмер, 1, 463; Бернекер, 1, 356; Слаўскі, 1, 342–343.
Грузаві́к ’грузавік’ (БРС). Укр. грузови́к. Запазычанне з рус. грузови́к ’тс’ (якое ў слоўніках вядома з 1935 г.). Параўн. Шанскі, 1, Г, 184.
Грузд ’назва грыба грузд’. Параўн. рус. груздь, грузд, укр. груздь. Усх.-слав. (*gruzdь, *gruzdъ) назва прасл. характару. Лічыцца роднасным словам з *grǫda, *gruda (гл. града́). Гэта назва грыба з’яўляецца выключна славянскай. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 7, 158. Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 463–464.