Гера́льдыка ’геральдыка’ (БРС). Рус. гера́льдика, укр. гера́льдика. Непасрэднай крыніцай запазычання з’яўляецца польск. heraldyka < ням. Heraldik < франц. Шанскі, 1, Г, 57.
Гера́нь ’герань’ (БРС). Запазычанне з рус. гера́нь ’тс’, якое ўзята з ням. Geranium, Geranie (< лац.) або прама з лац. geranium. Фасмер, 1, 402; падрабязна Шанскі, 1, Г, 58.
Герб ’герб’ (БРС). Рус. герб, укр. герб. Ст.-бел. гербъ, гэрбъ (з XVI ст., Булыка, Запазыч.). Запазычанне з польск. herb (першакрыніцай з’яўляецца с.-в.-ням. erbe ’спадчына’). Фасмер, 1, 402; Шанскі, 1, Г, 58; Слаўскі, 1, 415.
Герба́рый ’гербарый’ (БРС). Рус. герба́рий, укр. герба́рій. Запазычанне з рус. герба́рий (якое на пачатку XIX ст. з’явілася ў рус. мове з ням. Herbarium або прама з вучонай латыні — herbarium, herbarius < herba ’трава’). Гл. Шанскі, 1, Г, 58–59.
Гергета́ць ’гагатаць; лапатаць’ (БРС), ’гергетаць; невыразна гаварыць’ (Сцяшк.), гергата́ць ’гаварыць па-яўрэйску’ (Шат.), ’гагатаць’ (Шатал.), гергята́ць ’гаварыць невыразна’ (Жд. I). Рус. дыял. горгота́ть, гаргата́ть, укр. горгота́ти, серб.-харв. грго̀тати і г. д. Прасл. *gъrgotati (гукапераймальны дзеяслоў; матэрыял гл. у Слаўскага, I, 406; Трубачова, Эт. сл., 7, 208–209) < *gъrgati (Трубачоў, там жа).
Ге́рдаць ’гаварыць невыразна’ (Жд. 2). Гл. гірда́ць.
Геркуле́с ’асілак, здаравяка; назва круп’ (БРС). Рус. геркуле́с, укр. геркуле́с. У аснове ляжыць лац. форма Hercules ст.-грэч. імя асілка Ἡρακλῆς (Ἡρακλέης). Як назва круп — запазычанне з рус. геркуле́с ’тс’ (дзе адзначаецца ў слоўніках з 1935 г.). Параўн. Шанскі, 1, Г, 59.
Герма́нец, герма́нскі (БРС). Рус. герма́нец, герма́нский, укр. герма́нец, герма́нський. Слова гэта ў бел. і ўкр. мовах, відавочна, узята з рус., дзе ў кніжнай мове запазычана з лац. (зыходным з’яўляецца лац. Germania, Germani; параўн. Фасмер, 1, 403). Гл. яшчэ Рудніцкі, 1, 605.
Геро́й ’герой’ (БРС). Рус. геро́й, укр. геро́й. Паводле Фасмера (1, 403), запазычанне з франц. héros (< лац. < грэч.). Шанскі (1, Г, 62) мяркуе, што крыніцай запазычання з’яўляецца ням. ці франц. мова. Параўн. яшчэ Рудніцкі, 1, 607.