Ге́незіс ’генезіс’ (БРС). Рус. ге́незис, укр. ге́незис. Першакрыніца — грэч. γένεσις ’тс’. У рус. мове слова запазычана непасрэдна з англ. або ням. мовы. Бел. і ўкр. лексемы, відавочна, з рус. Параўн. Шанскі, 1, Г, 50.
Генера́л ’генерал’ (БРС). Рус. генера́л, укр. генерал. У гэтым значэнні запазычанне (у бел. і ўкр. мовах, магчыма, праз рус.) з ням. General < франц. général. Параўн. Фасмер, 1, 401; Шанскі, 1, Г, 50. Ст.-бел. генералъ, енералъ, еноралъ ’судовы выканаўца’ < ст.-польск. jenerał, generał (< ням.); гл. Булыка, Запазыч., III.
Генера́льны ’генеральны’ (БРС). Рус. генера́льный, укр. генера́льний ’тс’. Запазычанне з польск. generalny < лац. generalis. Падрабязна Фасмер, 1, 401; Шанскі, 1, Г, 51.
Гене́тыка ’генетыка’ (БРС). Рус. гене́тика, укр. гене́тика. Запазычанне (праз рус. гене́тика) з англ. genetics ’тс’ (< грэч.) з пераафармленнем па тыпу бата́ніка, гідра́ўліка і г. д. Гл. Шанскі, 1, Г, 51.
Ге́ній ’геній’ (БРС). Рус. ге́ний, укр. ге́ній. Бел. і укр., магчыма, непасрэдна з рус. Рус. (старое) гениус, гений з лац. genius або з ням. Genius (< лац.); форма гениуш — з польск. geniusz (< лац.). Гл. Фасмер, 1, 402; Шанскі, 1, Г, 52 (з удакладненнем паходжання форм).