Вёрстка ’размеркаванне друкарскага набору паводле старонак’; ’набор, а таксама адбітак набору’ (КТС, БРС). Укр. верстка, рус. вёрстка. Запазычана з рус. мовы, дзе ўзнікла на падставе дзеяслова верстать. Гл. вярста́ць.
Вёрт ’абарот’ (КТС) — уласнабеларускае; у мастацкай літаратуры сустракаецца з 20‑х гадоў XX ст. (Ц. Гартны), аднак па форме можа быць вельмі старым прасл. vertъ < і.-е. *u̯ert.
Вёртка ’доўгі гнуткі лут’ (лаг., КЭС), рус. арханг. вёртка ’свердзел’, кастр. ’яма печы для выпальвання вапны’. Адпрыметнікавае ўтварэнне да вярцець (гл.) < vьrtěti.
Вёрткі ’здольны да хуткіх і спрытных рухаў; выкрутлівы, порсткі, жвавы; пранырлівы’ (КТС, БРС, Шат., Карл.), укр. ве́рткий ’шустры’, рус. разан. вёртко ’хутка, скора’, чэш. уст. vrtký, новае vratký ’нясталы, ненадзейны, хісткі’, славац. vrtký ’хуткі, рухлівы, неспакойны, вёрткі, рэзкі’. Паўн.-слав. ізалекса. Утворана пры дапамозе суф. ‑kъ ад дзеяслова vьrtěti; гл. вярцець. Крукоўскі (162) лічыць гэту лексему агульнарускай.