Бэр хадзіць ’слова для адгону кароў на пашы’ (Інстр. III). Можа, запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. (паляўнічы выраз) iść berem ’асцярожна, хаваючыся, падыходзіць да звера’ (Варш. сл., 1, 115, лічыць, што ber < укр. бер ’кладка, малы мосцік; сцежка’). Але хутчэй за ўсё звязана з выклічнікамі тыпу ўкр. бир, бирь, якія ўжываюцца як падзыўныя і адгонныя словы (падрабязней гл. пад бірко́вы).
Бэ́ра ’гатунак грушы’. Рус. бе́ре, польск. bera і г. д. Запазычанне з зах.-еўрап. моў (паводле Варш. сл., 1, 115, з франц. beurré). Бел. слова непасрэдна з польск.
Бэ́рва ’кладка, жэрдачка праз рэчку ці праз канаву’ (Сцяшк. МГ), бе́рва ’кладка з бярвенняў ці тоўстых жардзін на гразкім месцы’ (Яшкін). Ст.-рус. бервь ’плыт’, укр. бе́рва ’кладка’, чэш. břev перакладзіна, мосцік’, балг. бръв ’перакладзіна; мосцік; брод’ і г. д. Прасл. *bьrvь, *brьvь, *bьrьvь. Бясспрэчна, звязана з бервяно́ (гл.). Параўн. яшчэ барвя́к ’брод’ (гл.). Сюды адносіцца і бе́рба ’кладка’ (Яшкін). Гэта апошняя форма — вынік асіміляцыі (берва > берба).
Бэ́рсаць ’блытаць’ (Сцяшк. МГ), ’пісаць; нячыста жаць’ (Сцяц., Шат.). Варыянт бэ́рсаць (*бърс‑) замест *борсаць, магчыма, экспрэсіўнага паходжання. Але хутчэй за ўсё гэта гіперкарэктная форма (у бел. мове ненаціскное э > а): тут было «адноўлена» неэтымалагічнае э. Гл. барса́ць.