Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кру́пчык ’цвёрды камячок гліны, які пры апрацоўцы цяжка размінаць’ (Нар. словатв.). Гл. крупы.

Кру́пы ’прадукт харчавання з зярнят розных культур’ (ТСБМ, Нас., Касп., ТС). Укр. крупа, рус. крупа, крупы ’тс’, ст.-слав. кроупа ’кроха’, серб.-харв. кру́па ’крупа’, славен. krúpa ’тс’, польск. krupa ’крупа, град’, чэш. kroupa, kroupy, славац. krúpa, krúpy, н.-луж. kšupa, kśupy, в.-луж. krupa, krupy ’тс’. Прасл. krupa да krupiti ’рабіць крупны памол’, krupъ ’крупны’. Найбольш надзейныя індаеўрапейскія паралелі ў балтыйскіх і германскіх мовах: літ. kraupùs ’няроўны, шурпаты’, krùpti ’пакрывацца струпамі’, ст.-ісл. hrufa ’струп’, hrjufr ’шурпаты’. Не выключана генетычная сувязь з kruxъ, krušiti (гл. крух, круха). Тады гаворка ідзе аб і.-е. kreu̯‑ ’ламаць, крушыць’ з датэрмінатывамі ‑p‑ і ‑s‑ (Бернекер, 630; Буга Rinkt, 1, 446–447; Фрэнкель, 290; Слаўскі, 3, 177). Параўн. прасл. trupъ і truxъ (гл. труп і труха).

Круса́дня ’курасадня’ (Бяльк., Мат. Маг.). Да курасадня (гл.). Параўн. крайнасць (гл.).

Крут ’хват, маладзец’ (Нас.), ’круцель’ (ТС). Гл. круты2.

Кру́та1 ’хутка, скора’ (Нар. лекс., Бяльк., ТС). Параўн. круч (гл.).

Кру́та2 ’кружалы, калаўрот, крутарэлі’ (Шат.). Гл. крутарэлі.

Крутаве́рць ’дрэннае надвор’е з мяцеліцай’, ’вірлівая вада’ (ТСБМ). Да круціць (гл.) і вярцець (гл.).

Крутаве́я ’мяцеліца’ (Федар. Рук.). Да круціць1 (гл.), веяць (гл.).

Крутагало́ў ’птушка’ (Бяльк.). Названа паводле формы галавы (гл.). Параўн. крутагалоўка.

Крутагало́ўка ’апалонік’ (Сцяшк.). Параўн. крутагалоў (гл.).

Крутарэ́лі ’кружалы (калаўрот)’ (Бяльк.). Робіцца так: убіваецца кол ў лёд на лузе ці возеры, замарожваецца, на яго насаджваецца кола, да кола прымацоўваецца жэрдка, да яе канца прывязваюцца санкі. Параўн. круцёлка1 (гл.). Кантамінаваная або складаная лексема *крута‑арэлі. Параўн. круціць (гл.) і арэлі (гл.).