Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трасу́нька ‘расліна дрыжнік, Briza L.’ (ТС). Да трэ́сці (гл.). Магчыма, з рус. трясу́нка ‘тс’ або ўкр. трясу́нка ‘Briza’, матывацыя назвы грунтуецца на фізічных уласцівасцях расліны — дрыжанні каласкоў пад павевамі ветру, што адлюстравана ў іншых славянскіх назвах: чэш. třeslice, серб.-харв. тре̏слица і інш. (ЕСУМ, 5, 665). Часцей дрыжнік, мятліца, мятлічка (Некр. і Байк.).

Трасу́ха1 ‘ліхаманка, малярыя, трасца’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нас.; рас., Шатал.; парыц., Янк. Мат., Сержп. Прык.), трасу́чка ‘тс’ (ТСБМ, Нас., Касп., Растарг.), ‘эпілепсія’ (Нар. Гом.). Параўн. укр. дыял. трясу́ха, трясу́чка ‘ліхаманка’. Да трэсці ‘калаціць’, параўн. трасавіца, трасца, гл.

Трасу́ха2 ‘горшае льновалакно, што засталося пасля трапання’ (мёрск., Ск. нар. мовы). Магчыма, з ⁺трасту́ха < траста́ (гл.) ‘валакно-траста, валакно з кастрыцай’.

Трасу́шка ‘сітаўка, пліска, Motacilla’ (беласт., Сл. ПЗБ). Да трэ́сці (гл.), параўн. трасагу́зка (гл.).

Тра́сца, тря́сца ‘ліхаманка, малярыя’, ‘дрыжыкі (ад перажывання)’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Сцяшк., Шпіл., Чач., Бяльк., Мядзв., Яруш., Др.-Падб., Гарэц., Маш., Сержп. Прык., Сл. ПЗБ), у такім значэнні пашырана паўсюдна на Беларусі (ЛА, 3); тра́сца (trasca) ‘эпілепсія’ (Брасл. сл.), ‘нешта няпэўнае, нядобрае, невядомае, ліха, злая сіла’ (ТСБМ, Нас., Шат.), ‘раптоўнае прыкрае гора’ (Юрч. Сін.), ‘нічога’ (абазначэнне адсутнасці) (Шат.; ашм., Стан.; Сержп. Прык.; лаг., Жд. 3): ‘нямнога, вельмі мала’ (Растарг.), ‘лаянкавае слова для называння незадавальнення, абурэння’ (ТС), тра́сцы ‘ні ў якім разе, нічога’ (Юрч. СНЛ): няхай у іх гаршках трасца варыцца (Нар. Гом.), сюды ж трасса ‘ліхаманка’ (Шымк. Собр.), тра́сця ‘тс’ (Арх. Вяр.). Параўн. укр. тра́сця ‘ліхаманка’, дыял. тра́сця ‘тс’, ст.-рус. трѧсьца, трясца ‘тс’ (XIV ст., Сразн.), рус. трясца́ ‘тс’ (Даль), ст.-польск. trząśca ‘тс’. Утворана ад трэсці (< *tręsti) пры дапамозе суф. ‑ца, характэрнага для асабовых назоўнікаў м. і ж. р., звычайна ўтварае т. зв. nomina agentis (Сцяцко, Афікс, наз., 74; Саевіч, Derywacja, 130); табуізаваная назва хваробы ў выніку персаналізацыі, параўн.: на асіне заўсюды сядзяць трасцы (Сержп. Прымхі, 57), параўн. сведчанні Стрыйкоўскага: трꙗсцу або фебру хвалили за бога наши словꙗне, полꙗки, русь, литва (XVII ст., ГСБМ) і Чачота: przez uszanowanie trasca zwana bywa ciotka (Чач. 214). Херэй-Шыманьска (JP, 56, 286–287) лічыць старой паўночнаславянскай назвай хваробы, якая фіксуецца толькі ў некаторых польскіх крыніцах XVI ст., параўн.: tręsawica і trąśca różne choroby są. Улічваючы малую прадуктыўнасць суф. ‑ца на беларускай моўнай тэрыторыі, можна меркаваць пра пранікненне з захаду, падтрыманае інфінітыўным суфіксам зыходнага дзеяслова, або хутчэй вынікам распадабнення спалучэння ‑сс‑, зафіксаванага ў больш старых назвах у Шымкевіча і рускіх дыялектных назвах тря́сса́, тря́сся́ ‘малярыя’ (1819 г., СРНГ). Кантамінацыю дзвюх назваў (гл. трасуха) уяўляе трэсцу́ха ‘ліхаманка’ (Растарг.), якую можна разглядаць як суфіксальнае ўтварэнне ад інфінітыва трэсці, гл. таксама Брукнер, 579 (trząśćca ‘малярыя’ < trząść); ЕСУМ, 5, 665.

Трасце́ннік ‘зараснік трыснягу’ (Др.-Падб.). Гл. траснік.

Трасцё ‘трыснёг, чарот’ (Тур., Сл. ПЗБ), ‘тонкія пласцінкі ў бёрдзе’ (Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ), трасце́ ‘тс’ (Скарбы, Мат. Гом., Сл. ПЗБ). Гл. трысцё.

Трасці́ ‘трэсці, калаціць’ (Некр. і Байк., Касп., Яруш., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ‘абшукваць’ (Ласт.), трясці́ ‘трэсці’ (Бяльк.), трасты́ ‘моцна трэсці; шукаць’ (Клім.), ст.-бел. трасти, трести, трясти ‘трэсці’, ‘рабіць вобыск’ (ГСБМ). Гл. трэсці; сюды ж трасці́, вытраса́ць ‘пчол падглядаць — падбіраць мёд’ (брасл., паст., ЛА, 1), відаць, табуізаваны дзеяслоў з першасным значэннем ‘шукаць, вышукваць’. Пад уплывам асабовых і прыставачных формаў утворана траса́ць ‘трэсці’ (брасл., Сл. ПЗБ).

Трасці́на ‘тонкая пласцінка ў бёрдзе’ (ТСБМ, Касп.), ‘чарот, трыснёг’ (Сцяшк., Скарбы; зэльв., віл., ЛА, 1), трасціна́ ‘пласцінка ў бёрдзе’, ‘трыснёг, чарот’ (Сл. ПЗБ), тросціна́ ‘трыснёг, чарот’ (Бес.), трасці́на ‘багністае, зарослае чаротам месца’ (слонім., ДАБМ), тросці́на ‘пласцінка ў бёрдзе’ (ТС), трості́на ‘тс’ (лун., Шатал.), тро́стіна ‘чарот’ (беласт., Сл. ПЗБ), тросты́на ‘тс’, ‘буйное жыта’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. тростина, тристина, трстина, трыстина, ‘чарот’ (ГСБМ). Гл. трысціна.

*Трасцісты, тросты́сты ‘з буйной саломай (пра збожжа)’ (Доўн.-Зап., Пін.), параўн. укр. дыял. трости́стий ‘які мае тоўстае сцябло’. Вытворнае ад тросць1 (гл.).

Тра́сці́ць ‘прасейваць’ (ТС). Гл. трысціць2.

Трасці́ць ‘злучаць разам дзве або некалькі нітак’ (ТСБМ), ‘звіваць дзве ніткі ў адну’ (Сл. ПЗБ). Гл. трысці́ць1.