Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ві́дзенне ’зрок’; ’твар’; ’вочы’; ’від’; ’прывід, здань’ (Нас., Касп.). Рус. видение ’зрок, здольнасць бачыць’; ’пачуццё’; ’вочы’, ст.-рус. видѣние ’бачанне’; ’зрок’; ’вока’; ’відовішча’; ’від, выгляд’; ’прывід’, польск. widzenie ’здольнасць бачыць’; ’спатканне з кім-небудзь’; ’тое, што бачым, бачанае’; ’прывід, здань’, в.-луж. widźenje ’бачанне’ і г. д. Прасл. viděn‑ьje. Вытворнае ад дзеепрыметніка залежнага стану viděn‑ъ і суф. ‑je.

Відзець ’бачыць’ (шчуч., леп., арш., крыч., мазыр., Мат. АЛА, Бяльк.). Укр. видіти ’бачыць’, рус. видеть ’бачыць вокам’; ’пазнаваць’; ’глядзець’, ст.-рус. видѣти ’бачыць’; ’наглядаць, назіраць’; ’адчуваць, прадчуваць, прадбачыць’; ’разумець, асэнсоўваць’, польск. widzieć ’бачыць, лічыць, меркаваць’, н.-луж. wiźeś, в.-луж. widźeć ’бачыць, глядзець’, чэш. viděti, славац. videť, славен. vídẹti ’тс’, серб.-харв. ви̏дети ’бачыць, пабачыць’, макед. види ’бачыць, пабачыць, даведацца’, балг. видя ’бачыць, пабачыць, перажыць’, ст.-слав. видѣти, виждѫ, прасл. viděti. У зах. і цэнтр. частцы бел. моўнай тэрыторыі яе выцесніла лексема бачыць. Слав. формы з’яўляюцца суфіксальным утварэннем ад і.-е. *u̯eid‑/*u̯id‑ (*u̯īd‑); параўн. літ. veizdė́ti ’бачыць, глядзець’, лат. viedēt ’бачыць’, ст.-прус. widdai ’бачыў’, ст.-інд. vétti ’пазнае, разумее’, авест. vista‑ ’вядомы’, грэч. εἶδον ’бачыў’, Ϝἰδεῖν ’пабачыць’, лац. vidēre ’бачыць’, гоц. witan, ст.-в.-ням. wizzen ’глядзець, назіраць’, гоц. weitan ’бачыць’, ірл. ro‑fetar ’ведаю’, арм. gitem ’тс’. Іншая ступень чаргавання галосных у і.-е. *u̯oid‑: ст.-інд. vḗda, грэч. Ϝοἶδα, гоц. wait, ст.-слав. вѣдѣ ’ведаю’. Да ведаць (гл.). Параўн. таксама Міклашыч, 390; Траўтман, 357–358; Мюленбах-Эндзелін, 4, 653; Младэнаў, 65; БЕР, 1, 146; Скок, 3, 586–587; Голуб-Копечны, 415; Махэк₂, 688; Праабражэнскі, 1, 82; Фасмер, 1, 312; Шанскі, 1, В, 93; КЭСРЯ, 80.

Відзёлка ’відэлец’ (Мат. Гом.). Утворана ад відэлец (гл.) па тыпу сядзёлка (гл.) пры дапамозе суф. ‑к‑a. Параўн. рус. смал., кур., варон., арл. виделка, видёлка ’тс’.

Відзік ’пейзажны малюнак у рамцы пад шклом’ (гродз., Сцяц., Словаўтв.); ’паштоўка’ (маз. Мат. Гом.). Укр. видик, рус. видик (памянш. ад від), польск. widok ’від, перспектыва, пейзаж, пейзажны малюнак’, чэш. viděk ’вёска, правінцыя, перыферыя’; ’пейзаж, від’, славац. vidiek ’тс’, серб.-харв. вѝдик ’гарызонт’; ’від’, макед. видик ’тс’. Запазычана з польск. widok; пры гэтым суфікс ‑ok заменены на беларускі ‑ік (з памяншальна-ласкальным адценнем). Пазней стала ўспрымацца як памяншальнае ад від (Сцяц., Словаўтв., 112).

Відзільно ’вудзільна’ (КТС). Да вудзільна (гл.).

Відзь (часціца) ’ж, аднак’ (Нас.) запазычана з рус. ведь ’тс’ (< ст.-рус. вѣдь, ст.-слав. вѣдѣ). Сюды ж відзь жа ’аднак жа’ (Нас.).

Ві́дзьма ’бачна, відаць; безліч’ (Нас.). Рус. ленінгр. видьмо ’відаць, відавочна’. Звязана з рус. видимо, видимый, видеть. Да відзець (гл.). Параўн. Шанскі, 1, В, 93.

Відлак ’дзерава, варанец, Lycopodium L.’ (гродз., Кіс.). Запазычана з польск. widłak ’тс’.

Ві́длы1 ’вілы’ (гродз., Шатал.) < польск. widły ’тс’.

Ві́длы2 ’ростань’ (воран., Шатал.). Запазычана з польск. widły ’тс’.

Ві́дна1 ’светла, ясна’ (БРС, КТС; лаг., КЭС, Бяльк.), відня́ ’відна, відаць’ (Бяльк.). Да ві́дны (гл.). Суфікс ‑ня́, відаць, узнік пад уплывам назоўнікаў на ‑ня: шырыня, таўшчыня. Сюды ж відном ’за́відна’ (КТС), памянш. віднюсенька, ‑кі, ‑ко (КТС, Сцяшк. МГ), віднінька (Бяльк.). Гл. таксама відно́.

Ві́дна2 ’відаць, мабыць, напэўна’ (Бяльк.). Запазычана з рус. ви́дно ’тс’.