Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

*Трапуга, трыпу́га, тырпу́га, тэрпуха́ ‘мянташка’, сюды ж трэпуга́ты, тырпу́жыты ‘мянціць’ (Сл. Брэс.). Мясцовае ўтварэнне ад трапаць1 з рэдкім суф. ‑уга, магчыма, з першаснага ‑уха, які часцей ужываецца пры называнні прадметаў дзеяння (Сцяцко, Афікс, наз., 71).

Трапу́нак, трапу́нок ‘выпадак’ (Касп., Сл. Брэс.; драг., З нар. сл.), трапу́нкі ‘ліха’ (Сцяшк. Сл.), ст.-бел. трафунокъ ‘выпадак’ запазычана са ст.-польск. trafunek, trefunek ‘тс’, якое з trafić > бел. трапіць1 (гл.). Гл. таксама трафу́нак.

Трапы́шка ‘мянташка; трапалка (для лёну)’ (Юрч., Яўс.), трапы́шка, тряпы́шка ‘тс’ (Бяльк.), сюды ж трапы́шыць ‘мянташыць’ (Яўс., Мат. Маг.). Мясцовы фанетычна зменены варыянт да трапушка, гл. трапашыць.

Трапэ́з ‘трапецыя’ (Байк. і Некр.). Гл. трапеза2, трапецыя.

Трапяза́: ŭ łaziè na trapieziè siedzić kazá na adnoj naze. — Hryb (ваўк., Федар., 4, 470), што адпавядае зах.-палес. трипиза́ ‘непраходнае месца, бездарожжа’, сюды ж трэбеза́ ‘густы зараснік на балоце і рацэ’ (Бес.). Няясна (ЕСУМ 5, 640), параўн. трапеза1. Параўн. таксама укр. нетрипе́за ‘непраходны зараснік’, якое Ніканчук (Лесная лекс., 10) збліжае з нетра (гл. нетры), што сумніўна. Сюды ж, магчыма, польск. trepież, trepeza, trabeza, trepicha ‘балота, дрыгва’, якія Талстой (Геогр., 176) спрабуе звязаць з дзеясловам *trepetati, мяркуючы пра ўсходнеславянскае паходжанне, гл. трапятаць. Хутчэй за ўсё, звязана з трапаць1 (< *trepati: *trapiti: *trap‑, сюды ж чэш. střapiti ‘рваць на кавалкі, драць’, гл. Куркіна, Культура, 104–105), першаснае значэнне ‘неапрацаваная зямля’ ва ўкраінскай форме з адмоўем. Гл. і трупізнік.

Трапя́нка ‘страціўшая раўнавагу’ (Варл.). Да тарапянка ‘тс’ (гл.) з пропускам галоснай, мажліва, пад уплывам літ. trepénti ‘бегчы з падскокам’, адносна апошняга гл. Смачынскі, 630.

Трапяслі́вы ‘хуткі ў рабоце’ (навагр., Нар. сл., ЛА, 2), трэпеста́ць ‘трапятаць’ (ТС), трэпэста́ць ‘гаварыць абы-што, балбатаць’ (Руб.), трапяста́цца ‘кідацца, старацца зрабіць усё з апошніх сіл’ (гродз., Сл. ПЗБ), трэпесту́н ‘балбатун’: багато трэпе́шчэ езыком, трэпесту́ха, трэпету́ха ‘тс (аб жанчыне)’ (ТС). Да трапята́ць (гл.) з т. зв. s‑intensivum. Параўн. укр. трепесі́ти ‘дрыжаць з перапалоху’, рус. трепеста́ть ‘трапятаць’, трепеска́ть ‘тс’. Магчыма, гэта ўплыў балцкага субстрату: у літоўскай мове дзеясловы на ‑sėti ўтвараюцца ад анаматапеічных дзеясловаў. Гістарычна засведчана форма ст.-бел. трепетливый ‘трапяткі’ (ГСБМ).

Трапята́ць ‘трымцець, дрыжаць’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), трыпыта́ты ‘лапатаць крыламі (пра птушак)’ (кобр., Жыв. НС), трапята́цца ‘пастаянна рухацца, варушыцца, дрыжаць’ (ТСБМ, Нас.), ‘мігаць, мільгаць, няроўна гарэць (пра агонь)’ (ТСБМ), ‘дзейнічаць, імкнуцца штосьці зрабіць’ (ТСБМ, Юрч. СНЛ), ‘узмоцнена ў сполаху біцца (пра сэрца)’ (Юрч. Сін., Касп., Ян.), ‘моцна баяцца каго-небудзь’, ‘быць ахопленым непакоем’ (ТСБМ), перан. ‘жыць, існаваць’ (Нас., Ян.), ‘перабіраць ножкамі’ (Жд. 1); ‘адчуваць небяспеку (пра каня)’: конь трапе́ча, трапе́чыць, стрэ́пая вушамі (петрык., клім., іўеў., ЛА, 1), сюды ж трапата́цца: трапатаўся чырвоны сцяжок (Ю. Віцьбіч), ст.-бел. трепетати, трепетатися ‘дрыжаць, хвалявацца, баяцца’ (ГСБМ). Укр. трепета́ти, рус. трепета́ть ‘дрыжаць, трапятацца, матляцца, калаціцца, біцца’, польск. trzepiotać (się) (з XV ст.) ‘махаць крыламі’, ‘трэсціся’, ‘балбатаць’, з XVIII ст. trzepotać ‘хутка рухацца, выконваць хуткія рухі’, каш. třepotac ‘балбатаць, плявузгаць’, в.-луж. třepotać, třepjetać ‘дрыжаць, трэсціся’, чэш. třepetać, třepotać ‘махаць крыламі’, ‘узмахваць, махаць’, ‘дрыжаць, хістацца’, славац. trepotať (sa) ‘тс’, ‘грукатаць’, ‘развявацца (пра сцяг)’, ‘біцца (аб сэрцы, аб рыбе на зямлі)’, славен. trepetáti ‘трэсціся, дрыжаць, уздрыгваць’, харв. trepètati, серб. трепѐтати ‘дрыжаць’, балг. трептя́ ‘дрыжаць, матляцца, мігцець’, макед. трепети ‘дрыжаць, мігаць’, ст.-слав. трепетати ‘дрыжаць, трэсціся’. Прасл. *trepetati/*trepotati ‘інтэнсіўна выбіваць, трэсці, рухацца, размахваць’; звязана з *trepati > трапа́ць1 (гл.), ад якога ўтворана пры дапамозе суф. ‑et‑/‑ot‑, што абазначае гукаперайманне, роднаснае літ. trepùmas ‘спрытнасць’, ст.-грэч. τρέπω ‘паварочваю, схіляю’, лац. trepidāre ‘дробненька хадзіць’, ‘дрыжаць, уздрыгваць’, ‘мігаць, мільгацець’, ‘мітусліва спяшацца’, ‘баяцца’, ‘кідацца’, ст.-інд. tr̥práh̥ ‘неспакойны, мітуслівы’ < і.-е. *trep‑ ‘тупаць, дробна хадзіць, ступаць’, ‘перабіраць нагамі’ (Фасмер, 4, 99; Чарных, 2, 261; Брукнер, 583; Шустар-Шэўц, 1543; Скок, 3, 496–497; ЕСУМ, 5, 630). Сюды ж трапяткі́ ‘ахвочы да работы’ (Жд. 1), трапятлі́вы ‘рухавы, што без працы не пасядзіць’ (Варл.), трапяту́н ‘які знешне стараецца, а, па сутнасці, абыякава адносіцца да сваёй справы’ (Сцяшк. Сл.), ‘вельмі рухавы, вёрткі чалавек, здольны выкручвацца з непрыемнага становішча’ (Юрч., Вытв. сл.), ‘малое дзіця, якое перабірае ножкамі’ (Жд. 1), трапяту́ха ‘рухавая жанчына, старанная, працавітая, руплівая’ (лях., ЖНС; навагр., Жыв. НС; ганц., Нар. лекс., Сл. Брэс.), трапята́нне ‘спосаб жыцця’, трапята́ннік ‘той, хто спрабуе штосьці зрабіць у жыцці’ (Юрч. СНЛ).

Трапяту́ха ‘варэнік з бульбы, начынены мясам’ (ганц., Сл. Брэс.), трапяту́хі, трапятушкі ‘печыва з цёртай бульбы’ (ганц., Сл. ПЗБ). Відаць, ад назвы жаўранка (гл. наступнае слова), параўн. жаваранак2 ‘булачка, якая выпякаецца на 9 (22) сакавіка’ (Нас.) аналагічна да галубцы, галёпа (рытуальнае печыва на Саракі ў выглядзе буслінай лапкі) і інш.

Трапяту́шка (трэпету́шка) ‘жаваранак, Alauda arvensis vel arborea’ (Мат. Гом.), параўн. укр. дыял. трепету́ха, трепещу́к ‘палявы жаўранак’. Да трапята́ць (гл.). Матывацыя: хуткае трапятанне птушкі крылцамі (Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 222; ЕСУМ, 5, 631).