Тэ́скаць ‘нясці нешта патайное, ды неаднаразова’ (баранав., Мілк. Сл.). З вялікай верагоднасцю суадносіцца з таска́ць (гл.) пры чаргаванні а > э ў сувязі з пераносам націску на першы склад дзеяслова шматкратнага дзеяння; пра «адноўленае» пад націскам э на месцы карэннага а гл. Карскі 1, 104; аналагічна штаны́/штэ́нікі і пад.
Тэст ‘выпрабавальнае заданне’ (ТСБМ, Улас.). Запазычана з англ. test ‘выпрабаванне, даследаванне’ ў XX ст., выводзіцца праз франц. test ‘ганчарны посуд’ з лац. testu, testa — ‘посуд, у якім правяралі якасць атрыманага металічнага вырабу, першапачаткова ў алхімікаў’ (Сной₂, 762; ЕСУМ, 5, 561; Арол, 4, 67). Сюды ж тэстава́нне, тэсці́раванне ‘праверка ведаў абітурыентаў’ (Каўрус, Словаклад).
Тэсць ‘цесць’ (Сцяшк., Пятр., Сл. ПЗБ), тестʼ ‘тс’ (Вруб.), ст.-бел. тесть, цесць ‘тс’ (ТСБМ). З польск. teść ‘цесць, свёкар’, гл. цесць. Сюды ж тэ́сця ‘цешча’ (Сцяшк.), тэ́шча ‘тс’ (кам., Сл. ПЗБ), те́шча ‘тс’ (Вруб.), ст.-бел. тесча, теща, цеща ‘тс’ (XVI ст., ТСБМ).
Тэ́ты ‘гэты’: тэты горшчык; у тэтым куточку (Ян.), сюды ж тэточкі ‘гэтакі’ (Мат. Гом.). Спалучэнне дэістычнага тэ (< прасл. *te) і часціцы то (< *to), дапасаванай па родзе (ESSJ SG, 2, 650), аналагічнае да сеты ‘тс’ (гл.); паводле Бузука — падобнае ўтварэнне це́то з ці ето (Svesl. zb., 164), гл. ці і гэты, паводле ESSJ (SG, 2, 119) — з це, параўн. укр. це ‘гэта’, і то 1, гл.
Тэтэ́ра 1 ‘цяцера, Tetrao tetrix’ (пін., Бел. дыял. 4), ст.-бел. тетеря, цецера ‘тс’ (1710–1711 гг., ГСБМ); сюды ж тытыру́к ‘цецярук’ (Сл. Брэс.). Параўн. укр. тете́ря, рус. тете́ря ‘цяцера’. Заходнепалескі фанетычны варыянт да цяцера (гл.) на базе гукапераймальнага *ter‑, *tir‑, прадстаўленага ў літ. teterva, лат. teteris, прус. tatarvis ‘цяцерка’, ст.-інд. tittirah ‘курапатка’ і пад.
Тэтэ́ра 2 ‘вясельны гасцінец’, памянш. тэтэ́ронька (Сл. Брэс.). Параўн. укр. тетеря ‘кулінарны выраб’, рус. тетеря ‘тс’. Няясна, гл. ЕСУМ, 5, 562; паводле Шымкевіча (Корнеслов, 2, 83), укр. тетеря ‘рэшткі кіслага аржанога цеста, прыпраўленага соллю’ ідэнтычна тетеря (птушка), гл. тэтэра 1; матывацыя пераносу няясная.
Тэ́т-а-тэ́т ‘сам-насам, удваіх без сведак’ (ТСБМ). Еўрапеізм, паходіць з франц. têt‑a‑tête, відаць, праз рус. тет‑а‑тет ‘тс’.
Тэўшч ‘таўшчыня’ (Мат. Гом.; навагр., З нар. сл., Жд. 2, Янк. 2), тэ́ўшча ‘тс’ (слонім., Нар. лекс.), тэ́ўшчар ‘тоўсты’ (Сцяц.), сюды ж тэ́ўсць ‘паўната, таўшчыня; таўстун, таўстуха’ (дзярж., Нар. сл.; Кал.). Да тоўшч (гл.), хутчэй за ўсё, у выніку экспрэснай змены пад націскам о на э («аднаўленне» квазі-карэннага галоснага), пра ўмовы фанетычнай дыялектнай з’явы гл. Карскі 1, 154–158.
Тэ́хкацца экспр. ‘марудна рабіць што-небудзь’ (віл., Нар. сл.). Гукаперайманне, параўн. тохкаць ‘тахкаць, торгаць, стукаць’ (гл.), магчыма, з экспрэсіўнай зменай галоснага.
Тэ́хніка ‘сукупнасць прыёмаў і машын; навыкі дзейнасці’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Ласт., Пятр.). Еўрапеізм, што распаўсюдзіўся з ням. Technik ‘тс’ у сярэдзіне XIX ст. Праз новалац. technika выводзіцца з грэч. τέχνη ‘майстэрства, уменне’ (Фасмер, 4, 54; ЕСУМ, 5, 563; Арол, 4, 69).
Тэ́хталь ‘від гульні ў карты’: гралі ў тэхталя (Я. Колас). Няясна; гл. наступнае слова.