Трані́ла (трані́ло) ’дэталь у возе ў выглядзе развілкі, якая прыдае ўстойлівасць задняй частцы воза’ (Скарбы, Сл. ПЗБ), трані́дло ’тс’ (свісл., Шатал.), трайні́ла ’тс’ (навагр., там жа), звязана з трайня ’тс’ (гл.); паланізаваны варыянт (‑дл‑ замест ‑л‑) лексемы сведчаць пра яе інавацыйны характар, канец слова, магчыма, пад уплывам правіла ’тс’ (Маслен.), гл.
Трані́ца (трэні́ца) ’жанчына, якая трэ лён’ (ганц., Сл. ПЗБ). Да це́рці (гл.), параўн. аддзеяслоўны назоўнік тра́нне, тра́ння ’апрацоўка лёну на церніцы’ (Янк. 1, Сл. ПЗБ).
Тра́нкі ’карункі (вышыўка) на кашулі’ (ашм., Сл. рэг. лекс.). Няясна.
Тра́нне ’старое парванае адзенне, рвань, лахманы, транты’ (Юрч.; Юрч. Сін.). Магчыма, ад церці (гл.) або ад транты (гл.). Суфікс зборных назоўнікаў ‑нне, як у адзенне.
Транпыж ’невялікая размечаная палачка для гульні, цурка, чыжык’, ’гульня з такой палачкай’ (Рам. 8). Няясна.
Транса́ва ’дрыгва, багна, топкае месца’ (Скарбы; бераст., ваўк., гродз., ДАБМ; Сл. ПЗБ), трансаві́ца ’тс’ (шальч., Сл. ПЗБ; ваўк., ЛА, 2), ’зарослае трысцём месца на рацэ або на возеры’ (Сцяшк.), транцаві́ца ’тс’ (зэльв., ДАБМ), трэнсэ́віца ’топкае месца на балоце’ (бяроз., драг., ЛА, 5), сюды ж транса́вы, транца́вы ’дрыгвяны’ (маст., Сл. ПЗБ), транса́вы мн. л. ’топкае балота, дзе калышацца верхняе покрыва’ (гродз., бераст., ЛА, 2; Сцяшк.), трансаві́сты ’топкі, гразкі’ (Сцяшк.). З польск. tręsawa, trzęsawica ’дрыгва, багна’.
Транса́кцыя ’пагадненне, здзелка’, ’перавод грашовых сродкаў’ (Булыка, СІС). Інтэрнацыяналам, запазычаны праз рускую мову; ст.-бел. транзакцыя ’ўмова’ (1686 г.) запазычана са ст.-польск. transakcyja, якое з лац. trānsāctio ’пагадненне, здзелка’, ’завяршэнне, заканчэнне’.
Трансля́цыя ’перадача на далёкія адлегласці інфармацыі з месца дзеяння’ (ТСБМ). Праз рускую ці польскую мовы з заходнееўрапейскіх моў, у якія слова прыйшло з лац. trānslātio ’перанос, перамяшчэнне’, ’перадача’, ’перасадка (раслін)’. Сюды ж трансля́тар ’перадатчык’, транслі́раваць ’перадаваць’ (Голуб-Ліер, 486; Даза, 721; ЕСУМ, 5, 620).
Тра́нспарт ’сродкі перавозу грузаў і людзей’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), тра́ншпарт ’тс’ (бярэз., Сл. ПЗБ). Запазычана праз польскую ці рускую мовы з заходнееўрапейскіх (параўн., франц., нідэр. transport, ням. Transport), у якіх утворана на аснове лац. transportāre ’пераносіць, перапраўляць’ (Фасмер, 4, 94; Чарных, 2, 257–258; Цыганенка, 361; ЕСУМ, 5, 620). У народнай мове адаптаванае як пашпарт, гл.
Трантава́ты ’вуграваты’ (Нас.). З польск. trędowaty ’пракажоны’ — у выніку пераносу значэння паводле падабенства.