Пра́віла ’палажэнне, якое выражае тую або іншую заканамернасць’, ’норма паводзін, прывычка’ (ТСБМ), праві́ло ’ачэп’ (ганц., Сл. ПЗБ), правы́ло ’тс’ (бяроз., Шатал.), праві́ла ’тоўстая доўгая жардзіна, пры дапамозе якой злучаюць зад і перад калёс, калі возяць бярвенне’ (в.-дзв., Шатал.). Рус. пра́вило ’правіла’, прави́ло ’руль, лінейка’, укр. прави́ло ’руль; частка шавецкай калодкі’, польск. prawidło ’правіла; частка шавецкай калодкі і да т. п.’, чэш., славац. pravidlo ’правіла’, в.-луж. prawidło, н.-луж. pšawidło, серб.-харв. пра̏вило, славен. pravilo, балг. правило ’правіла’. Прасл. *pravidlo. Як сведчаць значэнні слова ў рус. і інш. славянскіх мовах, першапачаткова гэта было nomina instrumenti з суф. ‑dlo ад praviti (гл. правіць). Адцягненае значэнне з’явілася ў выніку пераносу ’тое, што вызначала прыладай’, параўн. лац. rēgula ’лінейка’ і ’правіла’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)