Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Кады́р ’пасудзіна для збожжа, мукі, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’ (глус., Янк. 2), кадырчык ’невялікая драўляная дзежачка, завужаная кверху’ (Мат. Маг.). Адзначым, што магілёўскі слоўнік зафіксаваў слова таксама ў Глускім раёне, што вымушае лічыць кадыр вузкарэгіянальным утварэннем. Як і ў іншых выпадках, гэта можа азначаць запазычанне, архаізм або інавацыю. Першае і другое на прычыне адсутнасці паралелей адпадаюць. Для версіі новаўтварэння можна прапанаваць некалькі варыянтаў этымалогіі. Магчыма, кадыр — суфіксальнае ўтварэнне ад асновы кад‑ (гл. кадзь, кадушка) і суфікса ‑ыр, пры дапамозе якога, паводле Сцяцко, Афікс. наз., 127, утвараюцца асабовыя і неасабовыя назоўнікі (націск на суфіксе); дэрываты характарызуюць істоты, прадметы па выразнай прыкмеце: жаўтыр ’птушка жаўтушка (амялушка)’, пустыр ’пустка’. Відавочна, што такую суфіксацыю для слова кадыр можна прыняць толькі па фармальнаму крытэрыю. З семантычнага боку (значэнне ’выдзеўбаная з кавалка дрэва’) перашкоды для такой этымалогіі няма, параўн. палес. кадушка ’выдзеўбаная з кавалка дрэва пасудзіна’. Паводле другога варыянта этымалогіі, кадыр < кадоўб, кадуб ад асновы кад, якая вычленена ў выніку зацямнення і перараскладання структуры гэтых слоў. Такім чынам, лёгка тлумачыцца значэнне слова, аднак застаюцца цяжкасці, звязаныя з семантыкай суфікса. Разглядаць кадыр таксама можна як утварэнне, аналагічнае і паралельнае слову кадоўб. У такім выпадку ка‑ < ко‑ дзеяслоўнага ў назоўніку, а ‑дыр суадносіцца з слав. dirałi. Фанетыку ў бел. слове можна вытлумачыць фармальным уздзеяннем ‑ыр‑суфіксацыі, аднак цяжка ўзгадніць семантыку патэнцыяльнага аддзеяслоўнага кадыр і слав. dьrti. Як магчымыя аналагічныя ўтварэнні можна прывесці рус. асташ., цвяр. кадра ’дрэнь, калі гаварыць аб пэўным саслоўі або класе людзей’. Даль прыводзіў як магчымыя сінонімы падера, падра. Цікавай выглядае магчымасць суаднесці бел. кадыр і бал. дыял. кадра ’кадка’, кадурка ’кадушка’, якое аўтары балгарскага этымалагічнага слоўніка выводзяць ад када ’чан, бочка’, кадра < кадурка з сінкопай ‑у‑, гл. БКР, 3, 129 і 132. Калі прыняць этымалогію балгарскага слова, застаецца магчымасць прывесці яго як словаўтваральна падобнае бел. слову, гл. нашу першую версію.

Кае́т ’сшытак’ (брэсц., Сіг.; зэльв., Сцяц.; зэльв., Сцяшк.), каета ’тс’ (бераст., Сцяшк.), каёт ’тс’ (маз., Мат. Гом.). Запазычанне даваеннага перыяду з польск. kajet ’тс’ (у літар. мове). Польск. kajet з франц. cahier ’тс’. Што датычыцца ‑t у канцы слова, то, паводле Слаўскага, 2, 24, яно з’явілася пад уплывам такіх запазычанняў з франц. мовы, як muszkiet, parkiet, portret, filut. Франц. выводзіцца з нар. лац. *quadernus < лац. quaternī ’па чатыры’, першапачатковае значэнне ’зложаны ўчацвёра, з чатырох лісткоў’. Параўн. яшчэ рус. тетрадь < с.-грэч. τετράδι(ον) ад τετράς род. скл. ‑άδος ’чацвёртая частка ліста’, гл. Фасмер, 4, 53.

Каём, каёміна ’шустры, бойкі’ (Бяльк.), акаёман, акаёмын ’верхалаз’ (Бяльк.). Ілюстрацыя ў слоўніку дазваляе ўдакладніць дэфініцыю: «Увесь дзень, як акаёмын ходзіць па дрэвах». Рус. паўн., усх. окаём ’нягоднік, гультай; ашуканец, неслух і інш.’, окаёмиться ’адбіцца ад рук і інш.’ Даль тлумачыць окаём словам «изверженный», окаёмный «опричный, кромешный, находящийся вне чего-либо». Такім чынам ён аб’ядноўвае іх і окаёмак у адным артыкуле. У гэты ж артыкул Бадуэн дэ Куртэнэ ў трэцім выданні слоўніка Даля ўключыў тамб., ярасл. окоём ’скнара, скупянда’. Супраць Мартынаў (Бел.-рус. ізал., 69), які прапануе: акаём/окаём < прасл. kajati sę. Структура слова, паводле Мартынава, там жа, высвятляецца, калі лічыць, што яно з’яўляецца формай залежнага дзеепрыметніка прошлага часу на ‑ом (окаём да каять, як весом да весить). У такім выпадку акаёмын, каём этымалагічна і сэнсава будуць звязаны з акаянны. Краўчук (вусн. паведамл.) удакладняе, што гэтыя словы могуць быць звязаны іншым шляхам і прапануе: акаянны > *акаённы (праз *акаенны), якое ў выніку дысіміляцыі дае акаёмны (‑нн‑ > ‑мн‑). Да гэтай формы заканамерна магло б узыходзіць акаёман, якое ў такім выпадку з’яўляецца зыходным для іншых форм. Цыхун (Бел.-рус. ізал., 91) прапанаваў іншую этымалогію для бел. акаём. Мяркуючы па значэнню ’шустры, бойкі’, улічваючы структуру бел. акаём ’небасхіл, прастора, якую можна ахапіць вокам’, звязвае бел. акаём ’шустры, бойкі’ з усх.-слав. око і яти. Параўноўваючы бел. слова і рус. дыял. окоём ’ашуканец, нягоднік’, ’скнара, скупянда і да т. п.’, аўтар лічыць, што ўнутраную форму гэтых слоў адлюстроўвае фразеалагізм оком яти ’ахопліваць вокам’; у якасці прыкладаў прыводзяцца гродз. зазроны (ад zьrěti) ’скупы, зайздросны’, рус. завидовать ’зайздросціць’, балг. свидлив ’скупы’. У такім выпадку значэнне хуткасці, бойкасці магло развівацца ў сувязі з паняццем ’ахопліваць вокам’, ’хутка, як вокам схапіць’ (бел. вокамгненна, гл.). Аўтар, аднак, меў у якасці рус. адпаведнікаў толькі прыклады з ярасл. гаворак і заўважыў, што надзейнасць гэтай бел.-рус. ізалексы невысокая, калі ўлічыць даныя аб міграцыі бел. насельніцтва ў гэты рэгіён (гл. падрабязней Бел.-рус. ізал., 91–92). Прымаючы пад увагу, што бел. і рус. словы сустракаюцца па разарваных арэалах, можна лічыць акаём/акаем усх.-слав. архаізмам. Што датычыцца ўласна этымалогіі, то адносна фанетыкі (гл. вышэй меркаванні Краўчука) параўн. яшчэ рус. алан. каётный ’які каецца, шкадуе аб зробленым’ і, магчыма, церск. каёмиться ’цырымоніцца, адмаўляцца’. Гл. акаёман.

Кажамя́ка ’гарбар, кушнер’ (БРС, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп., КЭС, лаг.; Нас., Шат., Яруш.). Укр. кожомʼяка, рус. кожемяка (у Даля без геаграфіі, ёсць зах.-бран., пск., цвяр.). Утворана на базе ўсх.-слав. словазлучэння мяти кожу; недахоп даных з рус. і ўкр. моўных тэрыторый прымушае меркаваць аб літаратурным характары слова або ва ўсякім разе яго вандроўным культурным характары. Магчыма, гэта ўтварэнне часоў Кіеўскай Русі; не выключана, што экспансія магла ажыццяўляцца на фальклорным (міфалагічным) узроўні. Аб гэтым сведчыць ст.-інд. carmamña, аналагічнае па структуры, гл. Фасмер, 2, 266.

Кажа́н1 ’лятучая мыш, Vespenugo noctula’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Гарэц., Грыг., Касп.; навагр., КЭС; Нас., Сержп. Прымхі, Сцяшк., Бел., Федар. Рук., Шат., Шэйн, Яруш.), кажанюк (Сцяшк.), кажністы (Радч.). Укр. кожан, кажан. Рус. кожан (арх., паводле Даля, зах. і паўдн.), алан. кожаник, арл. кожанчик ’тс’. Усх.-слав. кожан ’лятучая мыш’ < кожа < kozja. Параўн. яшчэ рус. кожаная птичка, кожаный нетопырь. Укр. форма (з ‑а‑) — вынік пранікнення ў літар. мову слова з акаючых гаворак (з поўначы) або фанетычным шляхам (асіміляцыя), магчыма, таксама ў гаворках. Булахоўскі (Вибрані праці, 2, 162) лічыць, што кажан, калач, хазяін і інш., магчыма, з’яўляюцца беларусізмамі. Аналагічная думка аб уплыве беларускіх або рускіх дыялектаў (разглядаецца шэраг слоў), там жа, с. 239.

Кажа́н2 ’спрытны чалавек’ (Маж. Маг.). Рэгіянальны перанос ад кажан1. Матывацыя ’хударлявы, спрытны’, параўн. з некалькі іншым значэннем рус. дыня. кожанка ’аб сухарлявай жанчыне’.

Кажа́н3 ’чалавек малога росту; дзіця, якое дрэнна расце’ (Чач.), кажанё ’занядбаная маладая жывёліна, звычайна парася’ (КЭС, лаг.), кажанчык ’запаршывелае, закажанелае парася’ (Бяльк.). Рус. смал. кожан ’высахлы грыб’, апог., пск. кожанка ’аб худым кані’; з іншай структурай — ярасл. кожевина ’тс’. Апошняе слова дазваляе меркаваць аб паходжанні разглядаемых лексем ад прыметнікавай асновы кожан‑ (параўн. рус. дыял. кожевый ’скураны’), нягледзячы на тое што перанос ад кажан1 (і суфіксальныя вытворныя ад гэтай формы) уяўляецца верагодным (параўн. у Насовіча кожановатый «старообразный, как бы имеющий шероховатость кожи летучей мыши»). Магчыма, чэрв. кажанець ’пакрывацца брудам, апускацца з віду’ (Шат.), тое ж кожаныць у Насовіча з’яўляюцца дзеясловамі ад кажан1 (параўн. кажанаты ’худы, які спыніўся ў росце’. Касп. — «парасяты кажанатыі») ’аслабелая жывёліна’ (КЭС, лаг.), а семантыка кажан3 і пад. лексем абумоўлена дзеяслоўнай семантыкай. Што датычыць храналогіі, то лінгвагеаграфія бел. і рус. слоў сведчыць аб уласна беларускай інавацыі.

Кажа́рка ’стары кажух’ (Касп., Мядзв., Шат.; рас., Шатал.). Паводле геаграфіі — беларуская інавацыя; структура ўтварэння не зусім ясная. Паводле Сцяцко, Афікс. наз., 149, з суф. ‑арк‑а ад кожа; аднак параўн. къжары (тулуп къжары); тэрыторыя, відаць, дрысен. (віц., КЭС). Гэта дае магчымасць бачыць тут семантычную кандэнсацыю выразу *кажары тулуп, суфікс у такім выпадку — ‑к‑. На іншую магчымасць тлумачэння ўказвае рус. валаг. кожара ’кажух з аўчыны, не пакрыты сукном’ і бел. кажарына (гл.), якія сведчаць аб аснове кажар‑, якое з ‑ар‑суфіксацыяй ад кожа (гл.).

Кажа́рына ’стары кажух’ (Касп.; рас., Шатал.), къжаръна, кажэръна ’паўкажушок, кажушок (звычайна стары, каравы)’ (міёр., Нар. словаўтв.). Рэгіянальнае (паўн.) утварэнне ад кожа (гл.). Суфіксацыя адзінкавасці (‑іна), аснова кажар‑, адносна якой гл. пад кажа́рка.

Ка́жды ’кожны’ (Бяльк.; ваўк., Федар.; Шат.). Рус. каждый, польск. każdy (магчыма, гэта не спрадвечная польск. форма), славін. kö̀u̯ždï, кашуб. každi і koeždi, палаб. kozdüm(ě̯) (склон. форма), н.-луж. každy, чэш. každý, славац. každý, серб.-харв. кніжн. každi (з XVI ст.). Па сутнасці, паўдн.-слав. адпаведнікі не зафіксаваны (ст.-слав. къжьдо — кантынуант іншай формы). Можна пагадзіцца з думкай Слаўскага, 2, 115, што паўн.-слав. утварэнне: kažьdъjь. Этымалогія слова няпэўная. Нягледзячы на шматлікія спробы ў літаратуры вытлумачыць варыянты ka‑ і ko‑ (гл. кожды): kažьdъjь : kožьdъjь. Яшчэ больш дыскусійныя меркаванні адносна этымалогіі другой часткі слова. Ёсць думка, што ka‑ (ko‑) у злучэнні з’яўляюцца другаснымі і найбольш архаічнай неабходна лічыць форму kъžьdo (з якой ст.-слав.), па той прычыне, што kъ‑ займеннік у асноўнай форме (наз. скл.). Гэта быццам бы пацвярджаецца тым, што ён скланяецца, параўн. ст.-слав. когожьдо і комоужьдо (Трубачоў, Эт. сл., 9, 175). У такім выпадку больш новыя kažьdъjь і kožьdъjь дэманструюць наяўнасць форм займеннікаў ва ўскосных склонах, гэта, на думку аўтара слоўніка, натуральна для складаных слоў і пацвярджае архаічны характар словазлучэння kъžьdo (< kъžьdo). Іншыя думкі адносна паходжання першага кампанента: ко‑ і ‑ка‑ адпаведна формы муж. і жан. роду пытальнага займенніка (Развадоўскі RS, 7, 14–16 (kożdy); Слаўскі, 2, 115). Махэк₂ (247): ka‑ падоўжанае і.-е. *ku̯o‑, а не форма жан. р.; Ваян (Gramm. comparée 11, 2, 409) ka‑ тлумачыць другасным уплывам форм kakъ, kako. Гл. яшчэ ESSJ, 2, 397–399. Адносна этымалогіі другога кампанента Трубачоў (Эт. сл., 9, 175) выказваецца на карысць думкі Міклашыча, 62, аб сувязі часткі і слав. žьdati ’чакаць’, аднак звяртае ўвагу, што яна без адпаведнікаў за межамі слав. моў. Апошняя этымалогія была принята Бернекерам, 1, 496–497; Махэкам₁, 197, і інш., параўн., аднак, Махэк₂, 247, аб адсутнасці падобных утварэнняў і неабходнасці пошукаў іншага рашэння. У першым выданні слоўніка Махэк прыводзіў лац. quī‑vīs, quī‑libet ’які-небудзь, кожны’, даслоўна ’які хочаш’, што адпавядае слав. lʼubo ў выразе kakъ lʼubo ’хто-небудзь, любы і да т. п.’ У другім выданні Махэк прапанаваў суаднесці слав. словы з лац. quisque, quidquequaeque, quodque), кельц. *ku̯a‑ko‑s, *ku̯o‑ko‑s і тлумачыць далей слав. ‑ž‑ < *g, ‑ь‑ < e (там жа меркаванні адносна семантыкі і прыклады); ‑do ў канцы тлумачыцца энклітыкай ‑de, якая перайшла ў ‑do пад уплывам першага кампанента (ko‑). Паводле Махэка (там жа), слав. kažьdъjь і пад. з словазлучэння edinъ kъžь[]de, такая семантыка пацвярджаецца фактамі розных моў, у прыватнасці літоўскай, ‑kiekvíenas ’кожны’, літаральна ’колькі’ і ’адзін’. Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 9, 176, дзе літоўскі прыклад лічыцца новаўтварэннем разам з тыпалагічна блізкімі раманскімі. Думка аб сувязі часціц ‑žьdo, ‑žьde і слав. ‑žьdati Слаўскаму, 2, 116, здаецца малаверагоднай. Ён прымае папулярную версію аб паходжанні другога кампанента злучэння kažьdъjь з абагульняючай групы энклітык ‑žь‑de, ‑žь‑do, як прыклад прыводзіцца ц.-слав. кыижьдо, которыи жьде. У гэтай групе ‑žь‑ суадносіцца з že (бел. жа, рус. же і да т. п.), а ‑de : ‑do з энклітыкай ‑de (параўн. ст.-слав. къде, гл. ESSJ, 1, 307). Значэнне слав. kazьdъjь пры такім варыянце было б ’хто-небудзь’, як у лац. quī‑ cumque (quī ’які’, cumque‑ абагульняючая часціца), quis‑que ’хто-небудзь, кожны’ (quis ’хто’, que абагульняючая часціца). З літаратуры гл. яшчэ Petr. J., Zaimek każdy w historii i dialektach języka polskiego, Wrocław, 1957, які выказвае думку аб тым, што польск. każdy з’яўляецца чэхізмам. супраць Слаўскі, 2, 114–115.

Ка́жны ’кожны’ (лаг., КЭС; мал., драг., Нар. словатв.), кажный ’тс’ (Бяльк., Грыг., Нас.), кажан ’тс’ (лаг., КЭС), кажен ’усякі’ (Нас.), кажэнь ’кожны’ (жытк., браг., Мат. Гом.), кажон (драг., Нар. словатв.), кажын ’тс’ (Мат. Маг., Сцяшк.), кажынный ’тс’ (віц., Нар. сл.; вілен., Нас.), кажнюткі ’кожны’ (ваўк., Сцяшк.). Укр. дыял. кажний (і памянш. формы), кажінний, рус. смал. кажан, дыял. кажинный, кажиный, кажин, кажней, кажний, кажный. Як паказваюць рус. (паўдн., паводле Даля, — укр.?) каждный, польск. każden, каш. kazdulny, пам.-славін. kouždèrï і інш., існавала тэндэнцыя да ўзмацнення абагульнення або ўдакладнення прасл. kažьdъjь суфіксальным спосабам. Паводле ESSJ, 2, 398, суф. ‑n(ъ)‑ быў устаўлены паміж асновай слова і суф. ‑jь. Калі ў групе зычных пасля заняпаду «ераў» знік галосны, група спрасцілася. Нягледзячы на тое што суфіксальна ўскладненыя формы зафіксаваны ў некалькіх паўн.-слав. мовах, можна думаць, што сепаратных сувязей не было і рэалізавана была агульная тэндэнцыя, якая і прывяла да вялікай колькасці варыянтаў ускладненага kažьdъjь. Адносна дублетнасці кажны/кожны былі розныя меркаванні, падрабязней гл. кожны. Аб прасл. kažьdъjь гл. кажды.

Кажура́ ’скурка (на гародніне)’ (Др.-Падб.), кажурына ’тс’ (ТСБМ, Шат.). Цяжка па некалькіх фіксацыях меркаваць аб статусе слова. Рус. кожура ’тс’ (у Даля без геаграфіі). З ‑ур‑суфіксацыяй ад кожа (гл.); Шанскі (11, 8, К) прыводзіць рус. дыял. снежура ’снег, які прамок ад вады’, што сведчыць аб экспрэсіўным характары суфіксацыі ў разглядаемым слове. Да бел. кажурына можна прывесці наступныя адпаведнікі: ст.-рус., наўг., пск. кожурина ’кара дрэва’, наўг. ’кавалак драўнянай кары’, буйск., кастрам., калін. ’скурка на пладах насення’. Аб суадносінах гэтых слоў (інавацыя? запазычанне?) меркаваць цяжка. Параўн. кажурына ’кусок аўчыны’ (гл.).