Ка́жды ’кожны’ (Бяльк.; ваўк., Федар.; Шат.). Рус. каждый, польск. każdy (магчыма, гэта не спрадвечная польск. форма), славін. kö̀u̯ždï, кашуб. každi і koeždi, палаб. kozdüm(ě̯) (склон. форма), н.-луж. každy, чэш. každý, славац. každý, серб.-харв. кніжн. každi (з XVI ст.). Па сутнасці, паўдн.-слав. адпаведнікі не зафіксаваны (ст.-слав. къжьдо — кантынуант іншай формы). Можна пагадзіцца з думкай Слаўскага, 2, 115, што паўн.-слав. утварэнне: kažьdъjь. Этымалогія слова няпэўная. Нягледзячы на шматлікія спробы ў літаратуры вытлумачыць варыянты ka‑ і ko‑ (гл. кожды): kažьdъjь : kožьdъjь. Яшчэ больш дыскусійныя меркаванні адносна этымалогіі другой часткі слова. Ёсць думка, што ka‑ (ko‑) у злучэнні з’яўляюцца другаснымі і найбольш архаічнай неабходна лічыць форму kъžьdo (з якой ст.-слав.), па той прычыне, што kъ‑ займеннік у асноўнай форме (наз. скл.). Гэта быццам бы пацвярджаецца тым, што ён скланяецца, параўн. ст.-слав. когожьдо і комоужьдо (Трубачоў, Эт. сл., 9, 175). У такім выпадку больш новыя kažьdъjь і kožьdъjь дэманструюць наяўнасць форм займеннікаў ва ўскосных склонах, гэта, на думку аўтара слоўніка, натуральна для складаных слоў і пацвярджае архаічны характар словазлучэння kъžьdo (< kъžьdo). Іншыя думкі адносна паходжання першага кампанента: ко‑ і ‑ка‑ адпаведна формы муж. і жан. роду пытальнага займенніка (Развадоўскі RS, 7, 14–16 (kożdy); Слаўскі, 2, 115). Махэк₂ (247): ka‑ падоўжанае і.-е. *ku̯o‑, а не форма жан. р.; Ваян (Gramm. comparée 11, 2, 409) ka‑ тлумачыць другасным уплывам форм kakъ, kako. Гл. яшчэ ESSJ, 2, 397–399. Адносна этымалогіі другога кампанента Трубачоў (Эт. сл., 9, 175) выказваецца на карысць думкі Міклашыча, 62, аб сувязі часткі і слав. žьdati ’чакаць’, аднак звяртае ўвагу, што яна без адпаведнікаў за межамі слав. моў. Апошняя этымалогія была принята Бернекерам, 1, 496–497; Махэкам₁, 197, і інш., параўн., аднак, Махэк₂, 247, аб адсутнасці падобных утварэнняў і неабходнасці пошукаў іншага рашэння. У першым выданні слоўніка Махэк прыводзіў лац. quī‑vīs, quī‑libet ’які-небудзь, кожны’, даслоўна ’які хочаш’, што адпавядае слав. lʼubo ў выразе kakъ lʼubo ’хто-небудзь, любы і да т. п.’ У другім выданні Махэк прапанаваў суаднесці слав. словы з лац. quisque, quidque (і quaeque, quodque), кельц. *ku̯a‑ko‑s, *ku̯o‑ko‑s і тлумачыць далей слав. ‑ž‑ < *g, ‑ь‑ < e (там жа меркаванні адносна семантыкі і прыклады); ‑do ў канцы тлумачыцца энклітыкай ‑de, якая перайшла ў ‑do пад уплывам першага кампанента (ko‑). Паводле Махэка (там жа), слав. kažьdъjь і пад. з словазлучэння edinъ kъžь[kъ]de, такая семантыка пацвярджаецца фактамі розных моў, у прыватнасці літоўскай, ‑kiekvíenas ’кожны’, літаральна ’колькі’ і ’адзін’. Параўн. Трубачоў, Эт. сл., 9, 176, дзе літоўскі прыклад лічыцца новаўтварэннем разам з тыпалагічна блізкімі раманскімі. Думка аб сувязі часціц ‑žьdo, ‑žьde і слав. ‑žьdati Слаўскаму, 2, 116, здаецца малаверагоднай. Ён прымае папулярную версію аб паходжанні другога кампанента злучэння kažьdъjь з абагульняючай групы энклітык ‑žь‑de, ‑žь‑do, як прыклад прыводзіцца ц.-слав. кыижьдо, которыи жьде. У гэтай групе ‑žь‑ суадносіцца з že (бел. жа, рус. же і да т. п.), а ‑de : ‑do з энклітыкай ‑de (параўн. ст.-слав. къде, гл. ESSJ, 1, 307). Значэнне слав. kazьdъjь пры такім варыянце было б ’хто-небудзь’, як у лац. quī‑ cumque (quī ’які’, cumque‑ абагульняючая часціца), quis‑que ’хто-небудзь, кожны’ (quis ’хто’, que абагульняючая часціца). З літаратуры гл. яшчэ Petr. J., Zaimek każdy w historii i dialektach języka polskiego, Wrocław, 1957, які выказвае думку аб тым, што польск. każdy з’яўляецца чэхізмам. супраць Слаўскі, 2, 114–115.