Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Галава́ч. У бел. мове гэта слова мае некалькі значэнняў: ’раскідзістае дрэва на адкрытым месцы’ (Сцяшк. МГ), ’вялікая сасна на полі; векавы лес’ (Яшкін), ’апалонік (паўзуны)’ (Сцяшк. МГ, Шатал., Жд. 3), ’галавень’ (Жд. 2). Таксама шмат вытворных з такой суфіксацыяй і рознымі значэннямі і ў іншых слав. мовах (падрабязны агляд матэрыялу дае Трубачоў, Эт. сл., 7, 7, але бел. мова прадстаўлена толькі прыкладам на ’апалонік’ з Жд. 3). Прасл. фармацыя *golvačь (ад *golva ’галава’ + суф. ‑(a)č‑ь). У аснове назвы ляжыць прыкмета ’вялікай галавы’ (сюды ’апалонік’ і ’галавень’). Далей метафарызацыяй узнікае ’раскідзістае дрэва’ (’з вялікай кронай’), ’вялікая сасна’ і, урэшце, ’векавы лес’. Можна ставіць пытанне: ці ўсе слав. словы, якія прыводзіць Трубачоў пад праформай *golvačь, праславянскага паходжання? Даная словаўтваральная мадэль ва ўсе часы была прадуктыўнай (і ў перыяд самастойнага існавання асобных слав. моў). Так што лепш гаварыць пра словаўтваральную мадэль *golvačь праславянскага характару.

Галаве́нь ’назва рыбы’ (БРС, Касп., Шат., Нас.). Параўн. рус. дыял. смал. голави́нь ’тс’. Паколькі гэтыя назвы ізаляваныя (сувязь з назвамі тыпу рус. дыял. головня́ ’галавень’ няпэўная, таму што рус. слова ж. р.), то, здаецца, пераконвае меркаванне Трубачова (Эт. сл., 7, 10) пра сувязь рус. голавинь з назвамі тыпу рус. гола́вль, голо́вль, го́лове́ль, укр. голове́ль ’тс’. Калі гэта так, мы можам прыняць дысіміляцыю л — л > л — н (*галаве́ль > галаве́нь). Зыходнай формай, якой Трубачоў надае статус праславянскай, з’яўляецца *golvjь (вытворнае з суф. ‑jь ад *golva ’галава’).

Галаве́нька1 ’апалонік (паўзун)’ (Шатал.). Наўрад ці ёсць сувязь са словамі тыпу галаве́нь (назва рыбы з вялікай галавой) ці галаве́нька ’спарыння’ (Шатал.). Хутчэй за ўсё трэба думаць пра нейкую кантамінацыю розных па значэнню, але падобных па форме слоў (*golv‑ ’галава’). А можа, гэта памяншальная форма (суф. ‑енька) ад галава?

Галаве́нька2 ’галавешка’ (Шатал.). Па паходжанню гэта памяншальная форма ад прасл. *golvьńa ’галавешка, факел і да т. п.’ (асноўная форма бел. *галаўня зафіксавана ў бел. мове вельмі слаба; яе няма ў большасці слоўнікаў; Трубачоў (Эт. сл., 7, 12) прыводзіць бел. галаўня, але адкуль?). Прасл. *golvьńa (рус. головня́, укр. голо́вня, польск. głownia, чэш. hlavně, hlaveň, ст.-слав. главьнꙗ, балг. главня́, серб.-харв. гла́вња і г. д.) лічыцца звязаным з прасл. *golva ’галава’ (г. з. н. першапачаткова ’галоўка палена, што гарыць’). Гл. Фасмер, 1, 429–430 (там і агляд ранейшай літ-ры). Менш пераконвае сувязь са ст.-інд. jurvati ’паліць’, jūrṇíṣ ’жар’ і г. д. Іншыя этымалогіі яшчэ больш няпэўныя. Падрабязны агляд славянскіх форм і абгрунтаванне сувязі з *golva гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 12–13.

Галаве́шка (БРС, Касп., Сцяшк. МГ, Нас., Шат.). Па паходжанню гэта спачатку памяншальная форма ад прасл. *golvьńa ’галавешка’, утвораная суфіксам *‑eš‑ьka (параўн. суф. *‑exa). Суфіксы з элементам x звычайна злучаюцца са словамі ў іх усечанай форме (звычайна выпадае склад або толькі зычны). Калі асноўнае слова (*галаўня) знікла з ужытку, у яго функцыі распаўсюдзілася вытворнае галавешка (таксама галавешка, гл.; але гэта апошняе толькі ў частцы дыялектаў).

Галаві́зна ’галавізна’ (БРС), ’прыдатныя да яды часткі галавы жывёлы’ (Шат.). Вытворнае прасл. характару ад *golva ’галава’ (суф. ‑izna). Прасл. *golvizna з рознымі значэннямі вядома не ва ўсіх слав. мовах, але размеркаванне гэтага слова такое (ст.-слав., славен., чэш., славац., польск., рус., бел.), што дазваляе думаць пра яго прасл. характар, але, магчыма, толькі як марфалагічнае ўтварэнне (значэнні слоў, наогул, маюць дачыненне да галавы, але канкрэтная іх семантыка не дазваляе зыходзіць з аднаго прасл.). Падрабязны агляд форм і значэнняў *golvizna па слав. мовах гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 10.

Галадава́ць. Гл. галадаць.

Галадаме́р ’ненаедны’ (Сцяц. Словаўтв.). Гл. галадамі́рыць.

Галадамі́ра, галадамі́рны ’той, хто мала есць’ (Нас.). Гл. галадамі́рыць.

Галадамі́рыць ’паміраць з голаду; марыць голадам’ (Нас.). Не вельмі яснае ўтварэнне. Здаецца, гэта складанае слова, але не выключаецца, што яно сапсаванае; магчыма, гэта нейкае жартаўлівае ўтварэнне. Акрамя Насовіча, яно быццам больш нідзе не зафіксавана. Няма яго таксама ў рус. і ўкр. мовах. Можна меркаваць, што яно ўзнікла ў якімсьці дыялекце як гібрыд двух слоў: голад (дакладней, пэўнай формы гэтага слова) і мерці, мярэць і да т. п. Тады ’паміраць з голаду’ будзе першапачатковым значэннем, а ’марыць голадам’ — другасным. Другаснымі (вытворнымі) па паходжанню і па значэнню з’яўляюцца і зафіксаваныя ў Насовіча галадамі́ра, галадамі́рны ’той, хто мала есць’. Яшчэ далей стаіць яўна занесенае з іншых дыялектаў галадаме́р (Сцяц. Словаўтв.) ’ненаедны (якога цяжка накарміць)’. Паколькі гісторыя гэтай групы слоў застаецца невядомай, то, акрамя вельмі гіпатэтычных меркаванняў, сказаць што-небудзь пэўнае пра іх сапраўднае паходжанне вельмі цяжка.

Галада́ць (БРС). Дзеяслоў, які суадносіцца з прасл. назоўнікам *goldъ ’голад’ (гл. голад). Гэты марфалагічны тып (*goldati) вядомы ў частцы слав. моў. Параўн. яшчэ рус. голода́ть, укр. дыял. голода́ти. У адных і тых жа слав. мовах могуць сустракацца паралельна і іншыя марфалагічныя тыпы гэтага дзеяслова. Так, вельмі пашыраны тып *goldovati *goldujǫ. Параўн. бел. галадава́ць (Нас., Касп., Шат.), укр. голодува́ти (< голодовати), рус. дыял. голодова́ть, славац. hladovať, чэш. hladověti і г. д.