Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Веціць ’вітаць, быць ветлівым’, сюды ж прывеціць (Нік., Оч., 1), ст.-рус. вѣтовати ’апавяшчаць, прапаведаваць, гаварыць’, ст.-польск. *wietati (Брукнер, 614) ’гаварыць’, чэш. větiti ’апавядаць, гаварыць’, славац. vetiť уст. ’гаварыць, апавядаць, адказваць’, макед. ветува, ветава ’абвяшчаць’; ’завяшчаць’, ветува се ’ахвяравацца, даць абяцанне’, балг. ветам се ’абяцаць’, ст.-слав. вѣтити (вѣщати). Прасл. větiti, і.-е. адпаведнікі: літ. vaitóti ’стагнаць, вохкаць’, vaitenù ’абмяркоўваю, дапускаю’, ст.-прус. waitiāt ’гаварыць, апавядаць’, авест. vaēϑ‑ ’вызначаць судовым следствам’, vaēϑa ’судовае следства’. Гл. Тапароў, КСИС, 25, 1958, 86–87; Фасмер, 1, 305; Вайян, RÉS, 24, 1947, 152–155 з літ-рай. Параўн. таксама бел. вайцяць (гл.).

Ве́цце (зборн.) ’галінкі дрэва’ (КТС), зэльв. ’дробныя галінкі з бярозы, з якіх робяць венікі’ (Сцяц.), маг., мсцісл. ’галлё з лісцем’ (Юрч.), ве́цьце, ве́цця ’галлё’ (Шат., Нас., Бяльк., Яруш.); ’дубовыя і бярозавыя галінкі для венікаў’ (Яўс.), навагр. ве́цё ’галлё з лісцем’ (З нар. сл.). Укр. віття, вітє ’галіны, галлё’, рус. калуж., пск., смал., арханг., валаг. ветье ’галлё, галіны’, ст.-рус. вѣтье ’галлё, галіна’. Усходнеславянскі зборны назоўнік, утвораны пры дапамозе суф. ‑ьje ад кораня vět‑ь; параўн. ст.-рус. вѣть ’галіна’; ’адгалінаванне (ракі)’, рус. бранск., арл., кур. веть ’галіна’, укр. віть ’галіна’, польск. wić ’лаза, лазовы прут, адросткі ад чаранкоў раслін’, літ. vytìs ’лаза’, лац. vītis ’вінаградная лаза’. Да ве́тка (гл.), віць (гл.). На чэшскай і славацкай моўных тэрыторыях адпаведная лексема ўтварае Nomen collectivum пры дапамозе суфікса з устаўным ‑ov‑: чэш. větvoví, славац. vetvovie.

Вець ’радок, нізка’ (Федар., 6), відавочна, з’яўляецца пераносам з першаснага вець ’галіна’ → ’галіна, на якой у радок сядзяць птушкі’, укр. віть ’галіна’, рус. паўд. веть ’тс’, польск. wić ’тонкі пруток, гнуткая лаза’; ’адросткі раслін’, балг. вица ’тс’, літ. vytìs ’лаза’, лат. vitols ’вярба’, лац. vītis ’вінаградная лаза’, ст.-в.-ням. wîda ’вярба’, ст.-інд. vētasás ’прут, павойная расліна’, авест. vaēiti ’вярба’, н.-перс. bîd, грэч. ὀῖσος ’тс’, ἰτέα (Ϝιτέα) ’вярба’. Прасл. větь мела значэнне ’павойная расліна’. Чаргаванне ў корані. Да віць. Гл. Фасмер, 1, 306; Брукнер, 613; Махэк, 692; Шанскі, 1, В, 77; БЕР, 1, 156.

Ве́ча ’веча, сход, на якім вырашаліся грамадскія і дзяржаўныя пытанні ў некаторых гарадах старажытнай Русі’ (КТС, БРС, Яруш.). Укр. віче, рус. вече, пск., наўг. веча́ ’тс’, пск. веча́ть ’крычаць’; ’выдаваць глухі гук’, ст.-рус. вѣче ’веча’; ’тайнае зборышча, загавор’; ’прамова, угаворванне, саромленне, павучанне, прыгавор’, арханг. вечь ’галашэнне’; ’сход’, польск. wiec ’веча, мітынг’, wiecować ’кіраваць’, ст.-чэш. věce, славен. věča ’вясковы суд, судовая справа’; ’падатак’, серб.-харв. ве́ће ’веча, нарада, савет’, ст.-слав. вѣще ’нарада’. Прасл. věti̯o, да веціць (гл.); параўн. яшчэ ст.-рус. вѣтъ ’нарада’, ст.-чэш. аорыст věce ’сказаў’ і ст.-прус. wayte ’вымаўленне’, waitāt ’гаварыць’. Гл. Міклашыч, 387; Праабражэнскі, 1, 109; Траўтман, Altpreuß., 353; Траўтман, 339; Фасмер, 1, 308; Брукнер, 614; Голуб-Копечны, 414; Махэк₂, 687; Шанскі, 1, В, 81; КЭСРЯ, 78.

Ве́чай мн. л. ’дзірка ў верхнім камені жорнаў, куды сыплецца збожжа’ (Сцяшк. МГ, Сцяшк.). Сюды ж вячай, вечая, ічай, яча, ручай ’тс’ (Інстр. лекс.), рус. пск. вечея́ ’тс’. Бел.-рус. утварэнне, роднаснае да рус. ячея. Паходзіць ад асновы *akʼ‑ > ač‑ і суф. ‑ějь (для вечай) або ‑ěja (для вечая) з пратэтычным в‑, р‑ або j‑. Аснову можна суаднесці з літ. akìs ’вока; пятля; акно; вір; ячэя’, лат. acs, прус. agins, ackins, тахар. A ak, тахар. B ek, гамер. ὄσσε, лац. oculus, алб. sy, ст.-ірл. enech, ст.-інд. ákḥi. На ўкраінскай, польскай і часткова рускай моўных тэрыторыях у значэнні ’дзірка ў верхнім камені жорнаў’ ужываюцца лексемы дуча, дучай, дучайка, дучэйка; ducza, duczaja, duca; дучка, дучай, дуч, запазычаныя праз польскую мову з італ. doccia ’рына, вадаправодная труба’ (Бернекер, 232; Махэк, 133; Фасмер, 1, 558 і інш.). Яны выцеснілі на гэтай тэрыторыі лексему v//jačěja, прысвоіўшы сабе яе суфіксы ‑ай, ‑айка.

Ве́чар ’час сутак ад канца дня да наступлення ночы’ (КТС, БРС, Сцяшк. МГ, Касп., Бяльк., Бяс.); ’увечары, вечарам’ (Сцяшк. МГ, Янк. I); ’забавы моладзі з танцамі’ (Інстр. лекс.); ’грамадскі вячэрні сход, прысвечаны якой-небудзь даце, падзеі’ (КТС, БРС), укр. ве́чір ’вечар’, рус. ве́чер ’тс’, урал. ’перадвясельная вечарынка’, вяц. ’вечарам’, смал. ’старасць’, ст.-рус. вечеръ ’вечар’; ’увечары’; ’забава’, вечерний ’заходні’ (з XIII ст.), польск. wieczór ’вечар’; ’вячоркі’; ’вечарам’, н.-луж. (w)jacor, в.-луж. wječor ’вечар’; ’захад’, чэш. večer ’вечар, вечарам’, славац. večer ’тс’, славен. večér ’вечар’; ’захад’, серб.-харв. ве̏че, ве̏чер ’ранні вечар’; ’вячоркі’; ’увечары’; ’захад’, макед., балг. вече́р ’вечар’; ’увечары’, ст.-слав. вечеръ ’вечар’. Прасл. večerъ суадносіцца з літ. vãkaras ’вечар’ (< *vekeros < *ve‑ke(spe)ros), арм. gišer (гл. Махэк₂, 680; Рудніцкі, 1, 376), лат. vakars, а таксама, відаць, з грэч. ἑσπέρα, ἕσπερος, лац. vespera, ірл. fescor ’тс’ (< *ve‑(ke)speros), ст.-інд. vaskara. Некаторыя даследчыкі звязваюць večer з ням. West ’захад’, ст.-в.-ням. wästan, англа-сакс. west, ст.-нарв. vestr (Эндзелін, KZ, 52, 119; Траўтман, 348; Мюленбах-Эндзелін, 4, 448). Гл. таксама Міклашыч, 376; Вальдэ, 827; Бругман, IF, 13, 1902, 157; Покарны, 1174; Брукнер, 614; БЕР, 1, 140; Фасмер, 1, 309; Праабражэнскі, 1, 81; Шанскі, 1, В, 81. Малаімаверна збліжэнне *večer з *věko ’века’ (КЭСРЯ, 79).

*Вечаркі, вечарке́ (Сцяшк. МГ), зах.-палес. вычоркы́ ’вечарынка’ (Клім.), укр. паўн. вечіркы, вечу͡орки, вечурки, зах. вечорки ’тс’, рус. сіб. ве́черки, вечерки́ ’вечарынкі’, паўн. вечёрка ’вячоркі’; ’развітальны вечар у маладой, дзявочнік’, польск. wieczorek ’вечарынка’, vʼecurek, vʼecurka ’вечар, калі разам збяруцца і мыюць (бялізну), лушчаць (гарох), скубуць (воўну)’, славац. večierok ’вечар’; ’невялікая вячэрняя забава, урачыстасць з музыкай, танцамі’, балг. вече́рка ’вячоркі’. Відавочна, гэта старое ўтварэнне ад večer‑ і суф. ‑ъkъ, які надае слову адценне памяншальнасці: вячоркі, па сутнасці, адбываліся на працягу не цэлага зімовага вечара, а толькі яго часткі; параўн. тое ж і ў літ. vakarė̃lis ’вечарынка’ — vãkaras ’вечар’. Ужываецца лексема ў множным ліку, таму што вячоркі — шматразовая падзея. Гл. таксама вячоркі.

Вечарні́кі ’вячоркі’ (навагр., З нар. сл.) — вузкарэгіянальнае ўтварэнне пры дапамозе суф. ‑ік (< ‑ikъ) (ад прыметніка вячэрн‑і (< večerьn‑ь)). Першапачатковае Nomen agentis семантычна стала абазначаць Nomen abstractum і м. р. мн. л. (у дадзеным выпадку звычайна femininum або pluralia tantum; параўн. вечарніца, вячоркі). Такая змена роду абумоўлена, відаць, тым, што словаўтваральная аснова вечар‑ м. р.; тое ж і ў іншых слав. гаворках; параўн. польск. wieczorynek ’забава ўвечары’.

Вечарні́ца ’вечарынка, забава’ (Др.-Падб., Нас. Доп., Яруш.), рус. (на руска-ўкраінскім паграніччы) вечерница ’вячэрні сход моладзі’, укр. вечерниці ’тс’, польск. wieczornica, wieczornice ’вячоркі’. Паўночнаслав. утварэнне ад прыметніка večerьn‑ь і суф. ж. р. Nomen agentis ‑ic‑a (параўн. польск. wieczornica ’дзяўчына, якая ходзіць на вячэрнія сходы або на вечарніцы’).

Вечарніцы ’вячэрнія размовы’ (Кольб.) — pluralia tantum ад вечарніца (гл.). Параўн. укр. вечерниці, польск. wieczornicy, wieczornice ’вячоркі’.