Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Ка́шаль ’раптоўныя сутаргавыя выдыхі, якія суправаджаюцца хрыпамі і шумам пры запаленні дыхальных шляхоў і інш.’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ і інш.), ка́шляць ’мець прыступ кашлю; хварэць на кашаль’. Прасл. слова. Параўн. рус. ка́шель, укр. ка́шель, польск. kaszel, чэш. kašel, славац. kašeľ, серб.-харв. ка̏шаљ, славен. kášelj і г. д. Прасл. *kaš(ь)lь. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 160–161. Звяртае ўвагу тое, што не ва ўсіх слав. мовах ёсць гэта лексема. Няма яе, напр., у балг. мове. Гэта сведчыць аб старой дыялектнай дыферэнцыяцыі слав. тэрыторыі. Слова *kaš(ь)lь выводзіцца з больш даўняй формы *kāsli̯o‑, а гэта з і.-е. *k​uās‑l‑i‑o‑, што ўтворана ад і.-е. кораня гукапераймальнага характару ’кашляць’. Роднаснымі формамі з’яўляюцца літ. kósti ’кашляць’, алб. kollë ’кашаль’, ст.-інд. kā́sate ’кашляць’, ст.-в.-ням. hwuosto, huosto і г. д. Гл. яшчэ Фасмер, 2, 214–215; Бернекер, 1, 493; Траўтман, 119. Ад прасл. *kaš‑(ь)‑lь утвораны дзеяслоў; Трубачоў, там жа.

Каша́ра ’загон, адроджанае месца па полі, у лесе, дзе летам трымаюць жывёлу’ (ТСБМ), ’аўчарня ў маёнтку’ (Шат.), ’аўчарня’ (Нас.), ’пастаўнік’ (Сл. паўн.-зах., 2: «Кашара — эта выгарадзь для ската»). Параўн. рус. дыял. паўдн. коша́ра ’загарадзь для жывёлы (авечак)’, укр. коша́ра ’аўчарня’, польск. koszara, koszar, ц.-слав. кошара ’аўчарня’, балг. кошара ’тс’; параўн. далей фармальна аднолькавыя, але з іншай семантыкай серб.-харв. ко̀шара, ко̏ша̑р ’кашолка для рыбы’, славен. košȃra, košár ’круглая кашолка’. Паводле Фасмера, 2, 360, звычайным з’яўляецца тлумачэнне, якое звязвае даныя лексемы з кош ’плеценая кашолка і да т. п.’ Падрабязны агляд семантыкі ў слав. форм (праформ) *košara, *košarъ, *košerъ гл. у Трубачова, Эт. сл., 11, 183–186, дзе даецца агляд праблематыкі ў шырокім арэальным аспекце. Слова гэта было ўжо ў ст.-бел. мове (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 174).

Каша́ры (толькі ў мн. л.) ’казарма’ (ТСБМ, Шат. і інш.). Укр. дыял. коша́ра ’казарма’. Запазычанне з польск. koszary ’тс’. У польск. мове гэта слова з такім значэннем вядома з XVIII ст. Лічыцца, што ў польск. мове koszary ’казарма’ таго ж паходжання, што і польск. koszar, koszara ’загарадзь для авечак’. Значэнне ’казарма’, як думаюць, з’явілася пад уплывам іншага слова — kasarnia, запазычанага таксама ў XVIII ст. з ням. Kaserne (з ад’ідэацыяіі да польскіх слоў на ‑(ar)‑nia). Параўн. Бернекер. 587; Брукнер, 260. Няясным усё ж застаецца, аднак, пытанне, чаму гэта слова ўжывалася іменна ў мн. ліку.

Кашары́ць ’ачышчаць’ (Касп.). Сюды ж кашэ́рыцца ’старанна мыцца, ачышчацца’ (Шат.); параўн. яшчэ кашэ́рны (БРС). Рус. кошерный, польск. koszerny ’рытуальна чысты’ (у ст.-яўр. рэлігіі), ’дазволены да ўжытку’. У Фасмера, 2, 360, рус. ко́шерный, бел. ко́шэр. Тэрмін яўр. рытуалу. Непасрэднай крыніцай запазычання Фасмер (там жа) лічыць ідыш (košer; адсюль ням. koscher; усё са ст.-яўр. kāšēr ’прыдатны’). Падрабязную гісторыю слова дае Слаўскі, 2, 542–543. Ён адзначае, што ст.-яўр. kāšēr (прыметнік) ужываецца ў дзвюх формах: у форме нязменнай (без афармлення) і ў форме славянскага прыметніка (з суфіксам *‑ьnъ).

Кашлат́ы ’пакрыты доўгай поўсцю; калматы’, ’з густымі ўскудлачанымі валасамі’; ’разгалісты, з густым веццем, шырокімі лапкамі’ (ТСБМ); ’марны, паніклы’ — аб садзе (гл. Сл. паўн.-зах., 2); ’касалапы, нязграбны’ (Касп.). Слова з досыць няяснай гісторыяй. Параўн. укр. ко́шлати ’кудлаціць, лахмаціць’, кошла́тий ’кашлаты’. Гэты ўкр. дзеяслоў Слаўскі (2, 557) параўноўвае з польск. koślać się ’кульгаць, спатыкацца’, чэш. дыял. *košľať se ’ісці хістаючыся’, укр. ко́шлати ’кудлаціць, лахмаціць’ і выстаўляе праформу прасл. (дыял.) *kosljati. Гэты дзеяслоў звязаны з прасл. *kosъ ’косы і г. д.’ (вельмі разгалінаванае сямейства слоў); суф. тут *‑ljati.

Ка́шляць. Гл. ка́шаль.

Кашма́р ’цяжкі, жудасны сон; прывід, здань’; ’што-н. жахлівае, цяжкае, агіднае’ (ТСБМ). Рус. кошмар, укр. кошмар. Запазычаная лексема (але няма ў Шанскага). Фасмер (2, 361) указвае на пэўную храналогію гэтага слова, адзначаючы, што яно сустракаецца ў Гогаля і іншых. Першакрыніцай з’яўляецца франц. cauchemar ’тс’, ад лац. calcāre ’сціскаць, выступаць вонкі’ і ст.-в.-ням. mara ’дыхавіца, кашмар’ (спасылка на Мацэнаўэра, LF, 8, 47). Больш складаную гісторыю і рэканструкцыю прапануе Слаўскі, 2, 543, які зыходзіць са ст.-франц. элементаў: франц. cauchemar складанае слова: са ст.-франц. caucher ’сціскаць’ (< лац. calcāre) і ст.-франц. mare ’кашмар’. Параўн. яшчэ Клюге, 454 (пад Mahr).

Кашмір, кашамі́р тонкая мяккая шарсцяная, напаўшарсцяная або баваўняная тканіна’, кашміро́ўка ’кашміравая хустка’ (ТСБМ, Касп.). Рус. кашми́р, кашеми́р ’тс’, укр. кашеми́р, польск. kaszmir, kaszemir і г. д. У рус. мове. паводле Фасмера, 2, 215, вядома з часоў Гогаля: паводле Шанскага, 2, К, 105, першая фіксацыя ў рус. мове адносіцца да 1847 г. У польск. мове гэта лексема з’явілася раней; Слаўскі (2, 97) адзначае, што наогул слова вядома з XIX ст., але ў другой палавіне XVIII ст. выступаюць варыянты тыпу kaźmirekЛіндэ). kaźmirz (дасюль і рус. старое казими́ровый ’кашміравы’ праз польск. формы з італ. casimiro: гл. Фасмер, 2, 160). Ад назвы вобласці Кашмір у Індыі (ст.-інд. Kāçmiras). Гл. яшчэ Бернекер, 1, 496. Формы кашми́р, кашеми́р, паводле Фасмера, там жа, узяты з франц. cachemire

Кашнэ́ ’хустка, вузкі шалік, якімі закрываюць шыю пад паліто’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кашне́, укр. кашне́. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца франц. cache‑nez ’тс’. Франц. слова ўзнікла складаннем, на базе элементаў cacher ’хаваць’ і nez ’нос’. У рус. мове слова запазычана ў сярэдзіне XIX ст. (першая фіксацыя ў 1859 г.). Цікава, што яшчэ Даль у сваім слоўніку прапанаваў пераклад гэтага запазычанага франц. слова як носопрятка. У сувязі са слаба даследаванай канкрэтнай гісторыяй слова кашнэ (як, дарэчы, і многіх іншых культурных слоў) можна ставіць пытанне і аб мовах-пасрэдніках, якія маглі ўплываць на вымаўленне запазычаных лексем. У даным выпадку адзначым, што вымаўленне франц. cachenez выключна як kašine: уласціва толькі ням.-аўстр. вымаўленню (гл. Fremdwörterbuch. Leipzig, 1965, S. 105).

Кашо́лка ’плецены выраб з лучыны, лазы і пад. для захоўвання і пераноскі чаго-н.’ (ТСБМ, БРС, Касп.). Параўн. рус. дыял. кошо́лка. Паводле Фасмера, 2, 360, звязана з рус. коше́ль, кошеле́к, укр. коші́ль, серб.-харв. ко́шље ’агароджа’, славен. košulja ’кашолка’, польск. koszałka і далей, з рус. кош ’плеценая кашолка’, укр. кіш, бел. кош ’скрыня ў млыне’, балг. кош ’вялікая кашолка’, чэш. koš, польск. kosz, ст.-слав. кошь і г. д., прасл. *košь < *kosio‑, роднаснае з лац. qualum ’плеценая кашолка’ (*quaslo‑). Гл. Бернекер. 1, 586 і далей; Траўтман, 119. Параўн. яшчэ кашэ́ль (гл.). Гл. яшчэ грунтоўныя меркаванні Трубачова, Эт. сл., 11, 187–189.