Кашнэ́ ’хустка, вузкі шалік, якімі закрываюць шыю пад паліто’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кашне́, укр. кашне́. Першакрыніцай запазычання з’яўляецца франц. cache‑nez ’тс’. Франц. слова ўзнікла складаннем, на базе элементаў cacher ’хаваць’ і nez ’нос’. У рус. мове слова запазычана ў сярэдзіне XIX ст. (першая фіксацыя ў 1859 г.). Цікава, што яшчэ Даль у сваім слоўніку прапанаваў пераклад гэтага запазычанага франц. слова як носопрятка. У сувязі са слаба даследаванай канкрэтнай гісторыяй слова кашнэ (як, дарэчы, і многіх іншых культурных слоў) можна ставіць пытанне і аб мовах-пасрэдніках, якія маглі ўплываць на вымаўленне запазычаных лексем. У даным выпадку адзначым, што вымаўленне франц. cachenez выключна як kašine: уласціва толькі ням.-аўстр. вымаўленню (гл. Fremdwörterbuch. Leipzig, 1965, S. 105).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)