Каша́ра ’загон, адроджанае месца па полі, у лесе, дзе летам трымаюць жывёлу’ (ТСБМ), ’аўчарня ў маёнтку’ (Шат.), ’аўчарня’ (Нас.), ’пастаўнік’ (Сл. паўн.-зах., 2: «Кашара — эта выгарадзь для ската»). Параўн. рус. дыял. паўдн. коша́ра ’загарадзь для жывёлы (авечак)’, укр. коша́ра ’аўчарня’, польск. koszara, koszar, ц.-слав. кошара ’аўчарня’, балг. кошара ’тс’; параўн. далей фармальна аднолькавыя, але з іншай семантыкай серб.-харв. ко̀шара, ко̏ша̑р ’кашолка для рыбы’, славен. košȃra, košár ’круглая кашолка’. Паводле Фасмера, 2, 360, звычайным з’яўляецца тлумачэнне, якое звязвае даныя лексемы з кош ’плеценая кашолка і да т. п.’ Падрабязны агляд семантыкі ў слав. форм (праформ) *košara, *košarъ, *košerъ гл. у Трубачова, Эт. сл., 11, 183–186, дзе даецца агляд праблематыкі ў шырокім арэальным аспекце. Слова гэта было ўжо ў ст.-бел. мове (з XVI ст., гл. Булыка, Запазыч., 174).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)