Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Каштава́ць1 ’мець тую або іншую цану, грашовую вартасць’; ’абыходзіцца ў якую-н. суму, патрабаваць якіх-н. затрат’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат.). Слова засведчана ў ст.-бел. мове з 1516 г. (таксама як і коштъ, коштованье, коштовне, коштовность і г. д.; гл. Булыка, Запазыч., 174). Параўн. рус. коштовать (дыял.), укр. коштувати і г. д. Запазычанне з польск. мовы (< польск. kosztować ’тс’); Бернекер, 586; Фасмер, 2, 361; гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67; Рыхардт, Poln., 68. Крыніцай польск. слова з’яўляецца с.-в.-ням. kosten ’каштаваць, быць вартым і да т. п.’ Слаўскі, 2, 545. Гэта апошняе ў сваю чаргу узята са ст.-франц. coster < лац. *costare < cōnstare (Слаўскі там жа).

Каштава́ць2 ’спрабаваць ежу, піццё на смак, на гатоўнасць і інш.’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат.). Параўн. рус. дыял. коштова́ть ’тс’, укр. куштува́ти, коштува́ти. Запазычанне з польск. мовы. Параўн. польск. kosztować ’тс’ (у такім значэнні польск. слова вядома з XVI ст.), якое ўзята з с.-в.-ням. kosten ’даследаваць, вывучаць, спрабаваць, пробаваць на смак’ або ст.-в.-ням. kostōn ’тс’ (гэты дзеяслоў роднасны лац. gastāre ’каштаваць, спрабаваць ’). Гл. Бернекер, 1, 586; Брукнер, 260; Фасмер, 2, 361; Махэк₂, 282. Вельмі падрабязна аб семантычнай гісторыі слова kosten у ням. мове гл. у Пауля, Wörterb. (7. Aufl., 1960), с. 344. Гл. яшчэ Клюге, 395–396.

Кашта́н дрэва сямейства букавых, якое дае плады ў выглядзе буйнога арэха; плод гэтага дрэва’ (ТСБМ, БРС, Касп.). Рус. кашта́н, укр. кашта́н ’тс’. Як сведчыць форма слова, непасрэдна кашта́н запазычана з польск. kasztan ’тс’ (параўн. Фасмер, 2, 215; Слаўскі, 2, 97–98; Шанскі, 2, К, 106). Для рус. мовы, як адзначае Фасмер, там жа, пасрэднікам запазычання, акрамя польск., магла быць і чэш. крыніца. Польск. і чэш. лексемы ўзяты з ням. kastāne, castane ’каштан’ (сёння Kastanie). У сваю чаргу ням. словы запазычаны з лац. castanea, якое паходзіць з грэч. κάστανον. Лічаць, што радзімай назвы каштана з’яўляецца Малая Азія (параўн. арм. kaskeni каштанавае дрэва’. Гл. яшчэ Брукнер. 222; Бернекер, 1, 492; Махэк₂, 245.

Каштары́с ’фінансавы дакумент для вызначэння і плана валля выдаткаў і прыбыткаў’ (ТСБМ, БРС). Параўн. укр. коштори́с ’тс’. Слова адносна новага паходжання. Яно адзначаецца таксама ў польск. мове (kosztorys), але там зафіксавана даволі позна (слоўнік Ліндэ яго яшчэ не ведае). Паводле крыніц, якія прыводзіць Слаўскі, 2, 545, упершыню слова адзначаецца ў ням.-польск. слоўніку 1854 г. як пераклад ням. Kostenanschlag. Слаўскі, там жа, указвае, што польск. слова было запазычана бел. мовай (каштары́с) і таксама ўкр. (кошто́рис). Гл. яшчэ Кюнэ, Poln., 67.

Кашто́ўны ’які дорага каштуе, мае вялікую цану’, ’які мае важнае, істотнае значэнне; вельмі патрэбны’ (ТСБМ), кашто́ўнасць ’важнасць, значнасць чаго-н.’; ’каштоўная рэч’, ’з’ява, прадмет, якія маюць вялікае грамадскае значэнне’ (ТСБМ). Асноўным словам, ад якога ўтвораны шматлікія дэрываты, з’яўляецца кошт, вядомае ўжо ў ст.-бел. мове з XVI ст. Таксама з XVI ст. засведчаны (гл. Булыка, Запазыч., 174) і вытворныя каштовный, коштовность. Хоць гэтыя дэрываты чыста тэарэтычна маглі ўтварыцца ў ст.-бел. мове ад асноўнага слова кошт, верагодна лічыць, што і яны з’яўляюцца непасрэднымі паланізмамі (тым больш, што для іх ёсць дакладныя прататыпы ў польск. мове; параўн. польск. kosztowny, kosztowność).

Кашу́ля ’сарочка, рубашка’ (ТСБМ, БРС, Касп., Шат., Сцяшк. МГ). У бел. мове непасрэднае запазычанне з польск. мовы (у помніках ст.-бел. мовы ўпершыню сустракаецца ў 1508 г.). Першакрыніцай запазычання з’яўляецца лац. (нар.-лац.) casula ’плашч з капюшонам’ (так у Фасмера, 2, 362). Падрабязны агляд гл. у Трубачова, Эт. сл., 2, 192. З польск. мовы ўзята таксама ўкр. кошу́ля. Немэтазгодна разглядаць разам са Слаўскім і інш. гісторыю гэтага слова толькі як агульнаславянскага запазычання з лац. casula. Славац. košeľa, напр., сведчыць, як указвае Махэк₂, 282, што непасрэднай крыніцай у даным выпадку было с.-в.-ням. kāsel(e). Бел. слова зафіксавана досыць позна як паланізм.

Кашча́вы ’схуднелы, высахлы, з выступаючымі касцямі’ (ТСБМ), ’худы, кастлявы’ (Сл. паўн.-зах., 2). Рус. дыял. коща́вий ’тс’, ст.-рус. кощавий, укр. коща́вий, ст.-славац. koštavý, славац. (дыял.) košťavý ’тс’, балг. (дыял.) ќошчаф ’упарты’, серб.-харв. ко̏штав ’кастлявы, худы’. Прыметнік, утвораны суфіксам *‑javъ ад слова *kostь ’косць’. Звяртае ўвагу тое, што лексема ў слав. арэале мае прыкметы дыял. характар. Калі на ўсх.-слав. тэрыторыі слова *koščav(jь) вядома ва ўсіх трох усх.-слав. мовах, то ў зах. славян яго ведае толькі славац. мова, а ў паўдн. — толькі балг. і серб.-харв. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 186. Параўн. кашчу́нства, кашчэ́й.

Кашчу́нства ’адзін з відаў злачынства супраць веры ў праваслаўнай царкве і ў заканадаўстве царскай Расіі: знявага рэлігійнай святыні’; ’зневажальныя адносіны да таго, што паважаюць, чым даражаць і інш.’ (ТСБМ, БРС). Параўн. рус. кощу́нство, укр. кощу́нство. Бел. слова, здаецца, не мае даўняй гісторыі, таму можна меркаваць, што яно запазычана з рус. мовы. Параўн. у ст.-рус. мове: кощуна, коштюна, косщуна ’забаронены грэх’ (XII ст.), ’блазенства, кпіны’ (XV ст.), рус. кощу́н ’хто блюзнерыць’ (Даль), укр. кощу́н. Параўн. Фасмер, 2, 362; Трубачоў, Эт. сл., 11, 187. Прасл. *koščunъ, *košcuna з’яўляецца вытворным пры дапамозе суф. ‑junъ ад дзеяслова *kostiti ’лаяць, ганьбіць’.

Кашчэ́й ’міфічны персанаж усходнеславянскіх народных казак: кашчавы і злы стары, які валодае тайнай даўгавечнасці і незлічоным багаццем’; ’вельмі худы чалавек’ (ТСБМ). Параўн. ст.-рус., рус.-ц.-слав. кощь, кощии ’худы’, рус. дыял. коща́ ’вельмі худы чалавек’, бел. кашчэ́й ’тс’. Параўн. яшчэ ц.-слав. кошть (тѣломь кощь). Паводле Трубачова, Эт. сл., 11, 187, вытворнае суфіксам ‑jь (‑jь) ад *kostь. Яшчэ раней такую ж этымалогію прапанаваў у сваім этымалагічным слоўніку Фасмер, 2. Менш верагодным уяўляецца тлумачэнне Сабалеўскага (ЖМНП, 1886, верасень, с. 152), які спасылаўся на рус. кости́ть ’лаяць’. Параўн. кашча́вы.

Кашэ́ль ’вялікая кашолка, звычайна з лучыны’; ’кашалёк’ (ТСБМ, БРС, Сцяшк. МГ, Шат., Касп.). Таго ж паходжання, што і кашо́лка (гл.), г. зн. прасл. утварэнне пры дапамозе суф. ‑l‑ ад прасл. *košь ’кашолка’, ’кошык’. Усе дэрываты гэтага тыпу маюць прасл. характар і фармальна могуць быць зведзены ў тры варыянты праформ: *košelъ, *košela, *košelь (Трубачоў, Эт. сл., 11, 187–189). У аснове ўтварэння ляжыць слав. *košel‑ < *kosl‑ (параўн. лац. qualum < *quaslom ’кашолка, пляцёнка’). І.‑е. праформы не вельмі ясныя, здаецца, магло быць і *k​uasl‑ і *kosló‑ (дарэчы, націск у слове *košelь, кашэ́ль дакладна адпавядае гэтаму другому варыянту).

Кашэ́рны (мяса і да т. п.). Гл. кашары́ць ’ачышчаць’.