Кашто́ўны ’які дорага каштуе, мае вялікую цану’, ’які мае важнае, істотнае значэнне; вельмі патрэбны’ (ТСБМ), кашто́ўнасць ’важнасць, значнасць чаго-н.’; ’каштоўная рэч’, ’з’ява, прадмет, якія маюць вялікае грамадскае значэнне’ (ТСБМ). Асноўным словам, ад якога ўтвораны шматлікія дэрываты, з’яўляецца кошт, вядомае ўжо ў ст.-бел. мове з XVI ст. Таксама з XVI ст. засведчаны (гл. Булыка, Запазыч., 174) і вытворныя каштовный, коштовность. Хоць гэтыя дэрываты чыста тэарэтычна маглі ўтварыцца ў ст.-бел. мове ад асноўнага слова кошт, верагодна лічыць, што і яны з’яўляюцца непасрэднымі паланізмамі (тым больш, што для іх ёсць дакладныя прататыпы ў польск. мове; параўн. польск. kosztowny, kosztowność).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)