Лі́на ’тоўстая, вельмі моцная вяроўка, канат з валокнаў ці дроту’ (ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах.), лі́ня ’тс’ (бых., Рам. 8), лы́на ’трос’ (Клім.), ліна, лі́ня ’вяроўка, па якой паднімаюць вулей на дрэва або пчаляры самі лазяць на дрэва’ (Анох., Сержп. Бортн.; ганц., ашм., З нар. сл.; круп., Сл. паўн.-зах.), воран., астрав. ліпка ’тс’ (З нар. сл.), ліна́, лі́на, лы́на ’вяроўка, на якой трымаецца паром’ (Маш., Масл.), ліня́ ’тс’ (Бяльк., Яруш.), лі́нька ’тс’ (Сцяшк., прынямонск., Нар. лекс.), ’дрот, якім звязваюць бярвенні ў плытах’ (Сцяшк.). Ст.-бел. лина ’вяроўка, канат’ (з XVI ст.) запазычана са ст.-польск. lina ’тс’, якое з с.-в.-ням. līne ці са ст.-в.-ням. līna (герм. lina‑ ’лён’) (Слаўскі, 4, 262; Чартко, Пыт. мовазн. і метод., 117; Жураўскі, Бел. мова, 61).
Лі́на 2 ’лянота’ (Бяльк.). Узнікла з лянота з лі‑ (дысімілятыўнае аканне), як краса — красата́, кісяя — кіслата́.
Лінава́ць ’праводзіць паралельныя лініі на паперы, лінеіць’ (Нас., ТСБМ, КЭС, лаг.). Запазычана з польск. linować, liniować ’тс’.
Ліна́ць ’мяняць поўсць, шэрсць, пер’е’ (Нас.). Да ліня́ць (гл.). Аб мене нʼ > н гл. Карскі, 1, 322–323.
Лінва́ ’вяроўка’ (слуц., Сл. паўн.-зах.), лы́нва ’вяроўка, па якой паднімаюць вулей на дрэва’ (Анох.). Укр. валын., гуц., вінніцк. ли́нва, ли́новка ’тоўсты канат’, бойк. ли́нва, ла́нва ’акоўка асады дышля ў возе’. Утворана ад ліна ў выніку кантамінацыі з верва < прасл. vьrvь (гл. вербы). Пераход ‑vь > ‑ва з’яўляецца характэрным для бел. і ўкр. моў. Польск. linewka ’тонкая вяроўка’ запазычана з укр. мовы.
Лінда́р ’кармчар’, ’арандатар’ (у Багушэвіча), лінда́рка ’карчмарка’. Утварылася шляхам спрашчэння і распадабнення арандатар > арандар > аліндар > ліндар. Параўн. укр. орендар (Марозаў, Пыт. мовазн. і метод., 163–164).
Ліне́іць ’праводзіць паралельныя лініі на чым-небудзь’ (ТСБМ, Бяльк.). Разам з рус. наўг., пск., кур. линеить ’тс’ утварае бел.-рус. ізалексу. Да лінія (гл.).
Ліне́йка 1 ’прамая лінія на паперы’, ’планка для вычэрчвання прамых ліній’ (ТСБМ). Запазычана, відавочна, з рус. линейка, якое існавала паралельна з першапачатковай формай линийка, запазычанай з польск. linijka, што з’яўляецца памяншальнай формай лексемы linia ’лінія’ (аналагічна рука — ручка).
Ліне́йка 2 ’прадаўгаваты воз у выглядзе лінейкі на шырокіх колах’ (Жд. 2), ’выязны воз’ (брасл., в.-дзвін., даўг., прасл., лудз., Сл. паўн.-зах.). Запазычана з рус. линейка ’шырокі, доўгі воз з падоўжанай перагародкай’. Да лінія (гл.).
Лінёвішча ’выпоўзіны, злінялая скура вужа ці гадзюкі’ (Бяльк.), лельч. лінёвішчэ (Нар. лекс.), ліновішчэ (ТС; стол., Сл. паўн.-зах.), лях., іўеў. ліновішча, ганц. ліновіско ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Укр. линовище, зах. ліновище, ліновиско, рус. устарэлае линовище ’тс’. Усх.-слав. ізалекса. Да ліня́ць (гл.). Параўн. яго прасл. варыянты: linjati, linati, liněti і ітэратыў linovati (> серб.-харв. ‑linjévati), ад якога і ўзніклі прыведзеныя вышэй бел. словы. Такі ж суфікс мае і іўеў. леняві́шча ’тс’, утворанае ад ⁺ленявы, звязанае чаргаваннем з lěn‑ (параўн. люб. леня́не, іўеў. ляні́шча ’выпоўзіны’, укр. ліни́тися ’ліняць’) побач з lěv‑ (параўн. славен. levíšče ’выпоўзіны’, leviti se і інш.) (Фасмер, 2, 499).
Лініла ’скура вужакі ці гадзюкі, скінутая ў час ліняння’ (Ян.; браг., Шатал.; калінк., Сл. паўн.-зах.), петрык. лініло люб. лені́ло ’тс’ (Сл. паўн.-зах.). Да ліняць (гл.).
Лініна́ ’сцяблінка льну’ (міёр., Нар. словатв.). З ільні́на. Да лён (гл.).