◎ Капу́цік ’расянка, Drosera rotundifolia L.’ (ельск. Жыв. сл.). Відавочна, з капыцік < капыт. Матывацыя: паводле падабенства круглых лістоў да капыта.
◎ Капу́ша ’звязка лістоў тытуню’ (хойн. Мат. Гом.). Да папуша < папужа ’скрутак лісця’. Балтызм. Параўн. літ. papūža ’пачак, стос’ (Грынавецкене. Сл. паўн.-зах., 3, 405). Не выключана кантамінацыя з рус. пампу́ша ’тс’ (гл. Фасмер, 3, 195).
Капца́н ’неахайны чалавек, замухрышка’, ’дрэнны майстар’ (Мал.; стаўбц. Жыв. сл.), капцоны ’лахманы, абарванае адзенне’ (Нас.), капцанавата ’беднавата’ (К. Чорны). Запазычана з ідыш: kabzen, kápcən ’жабрак, бядняк’ < іўрыцк. qabṣān ’жабрак, старац’ (Фасмер, 2, 188; Слаўскі, 2, 51; ЕСУМ, 2, 380).
Капце́ць ’вылучаць копаць, сажу пры гарэнні’, ’куродымець’, ’жыць без мэты’, ’вэндзіць’, ’карпець, надакучаць’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Бяльк., Др.-Падб., Федар. 6). Утворана ад копаць ’сажа’ (гл.) < прасл. паўн. kopъtъ < і.-е. *ku̯ēp‑, *ku̯əp‑, *kū̆p‑ ’дыміць, варыцца’ (Літ-py да гэтага слова гл. Фасмер, 2, 319; Шанскі, 2 (К), 305; Слаўскі, 2, 454; ЕСУМ, 2, 449). Сюды ж капцёлка, капці́лка, капцю́лка ’газоўка, лямпа без шкла’ (ТСБМ; в.-дзвін., Шатал.; бялын., карэліц. Янк. Мат.; Др.-Падб.), ’вяндліна’ (зэльв. Сцяшк.), капцю́х ’светач’ (маст.), ’курная хата’ (іўеў., Сл. паўн.-зах.), віл. капцю́ха, бярэз. капцюшка, драг. коптю́ха (Сл. паўн.-зах.).
Капцёрка ’ротны або батальённы склад вайсковай амуніцыі, абмундзіравання’ (ТСБМ). З рус. каптёрка, якое ўтварылася са скарочанага слова каптена́рмус (< франц. capitaine des armes) пры дапамозе суфікса ‑ка (як, напрыклад, чыталка).
Ка́пці ’лапці з вяровак’ (Сцяшк.), ’тапачкі з нітак’ (слонім., Сл. паўн.-зах.). Ст.-бел. капти ’хатнія туфлі’ (XVI ст.) запазычана са ст.-польск. kapcie < славац. kapce ’буркі’ < венг. kapca ’ануча’, ’лямцаваты абутак’. Апошняе можа быць славізмам (< ст.-рус. копытьца) або запазычаннем з тур. qapsaq ’матэрыял для абкручвання ног’, kapsamak ’абхопліваць, абдымаць’ (Слаўскі, 2, 51–52; Булыка, Запаз., 139).
Капцю́р, кабздю́р ’кіпцюр’, ’пазногаць’ (ТСБМ, Гарэц., Сцяшк., Мал.; ушац., леп., гродз. КЭС; барыс., чэрв., шчуч., бярэз., глыб., навагр. Сл. паўн.-зах.), чэрв. копаць ’капыт, край капыта’ (Сл. паўн.-зах.). Пачатковае ка‑ узнікла пад уплывам когці з кі‑: кіпці ’кіпцюры’ (Сл. паўн.-зах., ТСБМ). Апошняе з’яўляецца балтызмам, параўн. літ. kìbti ’чапляцца’, ’прыліпаць’, kìbčius ’той, хто чапляецца’ (Арашонкава, Весці, 1, 1971, 91; Лаўчутэ, Слов., 114).
◎ Капчо́нка ’вэнджанае свіное мяса, кумпяк’ (полац. Нар. сл.), канцоны ’вэнджаны’ (Сцяшк.). З рус. копчёнка, копчёный ’тс’.
◎ Капчу́рка ’газоўка’ (Яўс.). Відаць, у выніку кантамінацыі капцёлка і пячурка (ад абедзвюх вылучаецца сажа, копаць).
◎ Капчы́ць ’абкопваць бульбу’ (Др.-Падб.). Да капцы (= рабіць капцы ’акучваць, абганяць бульбу’), капец (гл.).