Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

То́-та ’то́-та ж’, ’у тым вось і справа’, ’вось іменна’ (ТСБМ, Нас., Растарг.), то́та ’так, але’ (Бяльк.), то́‑то ’то’ (маст., Хромчанка, дыс.), ’так’: от то‑то й ёсь (Сержп. Прык.). Параўн. рус. то́‑то (же) ’вось так’. Адзайменнікавая часціца, утвораная ад той (гл.) шляхам рэдуплікацыі формы н. р. займенніка.

Тпро-тпро — падзыўныя воклічы для кароў (Сцяц., Нар. сл.), тпрю‑тпрю‑тпрю — падзыўныя для цяляці (мсцісл., З нар. сл.), тпро́ля‑тпро́ля, тпро́лінь‑тпро́лінь, тпро́лінька‑тпро́лінька, тпро́лічка‑тпро́лічка — падзыўныя да жарабяці (там жа), тпру́люсь‑тпру́люсь ’тс’ (мёрск., Нар. сл.), тпрулю́х‑тпрулю́х ’тс’ (полац., Нар. лекс.), тпру́ля‑тпру́ля ’тс’ (Варл.), тпрузе́й‑тпрузе́й — падзыўныя для кароў (мсцісл., З нар. сл.), тпрусь‑птрусь ’тс’ (ДАБМ, к. 304, Нар. словатв.; в.-дзв., Шатал.), тпру́ські‑ тпру́ські ’тс’ (лаг.), тпрусёк‑тпрусёк, тпрусю́к‑тпрусю́к ’тс’ (мёрск., Нар. сл.), тпрсю́ха‑тпрсю́ха ’тс’ (мядз., Нар. сл.), тпрсю́т‑тпрсю́т, тпру́ся‑тпру́ся, тпру́ська‑тпру́ська — падзыўныя да цяляці (мсцісл., З нар. сл.), тпру́ська‑тпру́ська — словы для падзывання жарабят (віл., Шатал.), сюды ж дзіцячыя словы тпру́ся ’цялё, цялушка’ (Юрч. СНЛ), тпру́ська ’карова’, ’цялушка’ (Сл. рэг. лекс., Нар. словатв.), тпро́ля, тпру́ля (Германовіч, Междом., 65; Варл.) і пад., а таксама з перастаноўкай гукаў птрусь‑птрусь ’падзыўныя словы для кароў’ (Нас.), гл. Параўн. рус. дыял. тпру́сень — выгук для падклікання цялят, тпру́га — падкліканне кароў, балг. дыял. тпру́‑тпру́ — для падклікання авечак і ягнят (БД, 4). Магчыма, другасныя ўтварэнні, ускладненыя рознымі суфіксамі, звязаныя з больш раннімі абазначэннямі жывёлы (Германовіч, Междом., 67), асабліва ў дзіцячай мове, параўн. тпру́ца ’вада, малако’, гл. Відаць, таго ж паходжання і адгонныя словы тпрусь (куды) — вокліч на цяля пры адварочванні ад шкоды (Юрч. Вытв.), тпру́цкі — вокліч адганяць цялят (Сл. рэг. лекс.), параўн. укр. дыял. тпрусь — выгук, якім адганяюць, тпрусь, тпрс — выгук, якім адганяюць авечак, тпруч‑тпруч ’тс’, балг. дыял. тпрус — для адгону ката, тпруч — для адгону кароў і інш., якія вымаўляюцца з іншай інтанацыяй. Параўн. наступнае слова, гл.

Тпру — вокліч, якім спыняюць запрэжанага каня (ТСБМ, Мат. Гом., ТС, Сержп. Прык.; мсцісл., З нар. сл.), тпруць ’тс’ (ТС), тпрр ’вокліч для спынення валоў і коней’ (Бес.), сюды ж тпру ’тс’ (Нас.). Параўн. укр. тпру, птру, тпр — вокліч для спынення коней і іншых жывёл, рус. тпру, тпррр ’тс’, польск. tpru, tpr ’тс’. Адносяцца да т. зв. першасных інтэр’екцый, мажліва, звязаны з прр, трр ’тс’. Сюды ж тпру‑буць — вокліч на валоў (ПСл). Другая частка ўтварылася ў выніку мены ы > у ва ўсходнім Палессі ад *быць — падзыўнога да быкоў, параўн. асобныя воклічы да цяляці-бычка: бысь‑бысь, быся‑быся, быська‑быська (мсцісл., З нар. сл.), усе з асновай бы‑, якая да бык, гл.

Тпру́ма — пра ігру на гармоніку (мсцісл., Нар. лекс.). Гукаперайманне.

Тпру́нні экспр. ’губы’ (Бяльк.). Утворана на аснове гукапераймання (імітатыва), што перадае змыканне губ. Параўн. ні тпру, ні мя, ні божа імя — гавораць, калі хтосьці запнецца ў час апавядання (Федар. 4).

Тпру́ці дзіцяч. ’на двор, на вуліцу’ (Сцяш. Сл.), ’гулянне з малым на вуліцы’ (Паўл.), ’на вуліцу (у размове з дзецьмі)’ (ТС), тпру́цькі ’пашлі!, паехалі!’, тпру́ці, тпру́цечкі, тпру́ценькі — выгукі, якімі пабуджаюць дзяцей да прагулкі (мсцісл., Юрч. СНС). Параўн. укр. дыял. тпру, дбру, тпру́ті, тпру́тю‑га́йтю ’гуляць, ісці ў госці’ (пры размове з дзецьмі)’ (Горбач, Дитяч.), рус. смал. тпрутьки, тпрутечки ’тс’. Германовіч (Междом., 66) мяркуе, што першапачаткова значыла запрашэнне на двор, дзе знаходзілася жывёла, або пакатацца на кані, тады звязана з тпру, тпруць, гл.

Тра ’трэба’ (Булг., Сл. Брэс.). Скарочана з тра́було ’трэба было’ (пін., Ск. нар. мовы). Параўн. укр. тра, тре, якія з тре́а < треба ’тс’. Гл. аналагічныя ўтварэнні трэ, трэ́бала, трэ́було.

Трабло́ ’тоўсты, непаваротлівы чалавек’ (Мат. Маг.), ’жывот, чэрава’ (Нік. Очерки, Мат. Гом.), ’жывот абжоры’ (Касп.), трэбло́ ’бруха, трыбух жывёлы’ (кам., Сл. ПЗБ), ’тоўсты, няўклюдны, прагны да яды чалавек’ (Растарг.); сюды ж трублаты ’з тоўстым жыватом’ (Касп.). Да трыбло́ (гл.); Трубачоў (Труды, 1, 284) мяркуе пра прасл. дыял. *treb(ъ)lo, *treb(ъ)latъ, роднаснае лац. strebula мн. л. ’мяса на бёдрах ахвярнай жывёлы’.

Трабу́х (трябу́х) груб. ’жывот’ (Юрч. Сін.), трэбу́х ’вантробы, шлунне’ (Растарг.), трабушы́сты ’трыбухаты’ (Мат. Гом.), трабу́шша ’вантробы’ (Мат. Гом.). Да трыбух, гл.

Трабцы́ ’капачка’ (Сцяшк.). Відаць, з дра́бцы, дра́бці ’тс’ (ашм., іўеў., слонім., баран., стаўб., ЛА, 2) ці з гра́бзы ’матыка-трохзубка’ (Сцяшк. Сл.), у якім ‑з‑ замест ‑ц‑ пад уплывам лексемы зуб. Да драпаць ці грэбці, гл.