Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Трым ‘падоўжная бэлька, якая падтрымлівае папярочныя’ (кобр., Сл. Брэс.). Да трам (гл.). Галосная ‑ы‑ ў корані з трымаць пад уплывам народнай этымалогіі.

Трымана́ ‘надакучлівы чалавек’ (Мат. Гом.). Відаць, да трымані́ць ‘гаварыць абы-што, хлусіць’ (гл. траманіць, для якога прапануецца літоўская крыніца запазычання). Можа быць звязана з мані́ць, ману́ць, аднак па значэнні і па форме слова бліжэй да славен. tŕmen ‘упарты, капрызны, натурысты’, харв. чак. ne trmi ‘не ўпірайся’, якія Борысь (RS, XLI, 1, 40 -41) узводзіць да прасл. *trьměti ‘тырчаць, заставацца на сваім, упірацца’, што дало каўзатыў *trimati (Борысь, 652), гл. трымаць. У такім выпадку трыманіць можа быць другасным утварэннем ад назоўніка або прыметніка, параўн. укр. тримни́й ‘трывалы’; сюды ж, магчыма, і ўкр. тримо́нний няпэўнага значэння і паходжання (ЕСУМ, 5, 638).

Трыма́ць ‘узяўшы ў рукі (рот, зубы), не даваць выпасці’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк., Шат., Шымк. Собр., Касп., Мядзв., Мал., Яруш., ТС), трыма́ці, трыма́ті, трыма́ты ‘тс’ (Бес., Булг., ЛА, 3), трума́ць ‘тс’ (гродз., Нар. лекс.); перан. трыма́ць ‘утрымліваць, захоўваць за сабою, быць уладальнікам’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Ласт.; ашм., Сл. ПЗБ), ‘мець у сваёй уладзе, у духоўным падпарадкаванні’, ‘прымушаць знаходзіцца каго-небудзь дзе-небудзь супраць яго волі, не выпускаць’ (ТСБМ) (там жа), ‘выхоўваць, трымаць у рамках’ (маст., Сл. ПЗБ), ‘трымаць скаціну’ (Бяльк.), ‘гадаваць, разводзіць’ (Сл. ПЗБ), ‘служыць апорай, падтрымліваць, быць на чыімсьці баку’ (ТСБМ, Шат.), ‘стаяць, працягвацца (пра мароз)’ (беласт., Сл. ПЗБ), ‘захоўваць; трымаць (у хляве)’ (там жа, Бяльк., Вушац. сл.), ‘адпаведным чынам паводзіць сябе’ (ТСБМ), ‘ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць (экзамен, адказ, ініцыятыву)’ (там жа), ‘трываць’ (ТС); ст.-бел. тримати, тримать, трымати ‘трымаць, не выпускаць, захоўваць, выкарыстоўваць; утрымліваць; мець думку, погляд, стаўленне’ (1492 г., ГСБМ). Параўн. польск. trzymać ‘трымаць’, чэш. мар. třímati ‘тс’, чэш. літарат. třímat ‘сціскаць, моцна трымаць’, усх.-славац. trimae se ‘трымацца ў добрым здароўі’, ‘быць добра выхаваным’, якія, паводле Борыся (652), узыходзяць да прасл. дыял. *trimati ‘ўтрымліваць, затрымліваць, захоўваць у пэўнай пазіцыі’, што разглядаецца як каўзатыў ад прасл. (s)trьmĕti ‘тырчаць, выступаць, быць нерухомым’, што да прасл. *strьmъ ‘які тырчыць, выступае, стромкі’. Побач са славен. tŕma ‘ўпартасць’, tŕmati, tŕmiti ‘ўпарціцца’, малапольск. trzmić ‘вытыркацца’, ст.-чэш. třmĕti ‘паднімаць угору’, такі шлях развіцця падмацоўваецца знешнімі параўнаннямі з нідэрл. stram, н.-ням. stramm ‘тугі’, ‘бадзёры, бойкі, моцны’, ст.-грэч. στερέμνιος ‘цвёрды, тугі, моцны’ < і.-е. *(s)terh₁‑ ‘быць цвёрдым, моцным, тугім’ (Бязлай, Eseji, 150; Сной₂, 705; Махэк₂, 653; Борысь, 652; ЕСУМ, 5). Мартынаў (Прарадзіма, 24) генетычна суадносіць *trimati з балг. трем ‘ганак’, макед. трем ‘сені, крыты ганак’, серб. тре̑м ‘сені’, славен. trȇm ‘павець, страха’ і разглядае ст.-англ. trymman ‘трымаць, умацоўваць’ у якасці славянскай інфільтрацыі ў германскія мовы, што сведчыць пра яго інавацыйны характар, які праявіўся і ў экспансіі на ўсходнеславянскія тэрыторыі — беларускую і ўкраінскую (Золтан, Athila, 546; Гарбуль, 184), дзе ўспрымалася як запазычанне, у якім rz (ř) замяняецца на р, але гэта не дае падстаў думаць, што запазычанне адбылося яшчэ да замены  > ř > rz у польскай мове (Векслер, Гіст., 65). Сюды ж вытворныя трыма́ньне ‘паводзіны’ (Байк. і Некр.), трыма́ны ‘які ўжо быў ва ўжытку’ (Нас.), а таксама трыма́лы ‘ўстрыманы, сціплы’ (Нас.), трыма́ласць ‘вытрыманасць’ (Байк. і Некр.).

Трымбу́лька, трамбу́лька, трынбу́лька ‘цыбуля, якую сеюць насеннем’ (Жд. 1; гродз., Кіс.). Сюды ж, відаць, трымбуль ‘шпянёк у жорнах’ у загадцы: Купа на купе, трымбуль на пупе (гродз., БНТ, Загадкі). Гл. трыбулька.

Трымгаце́ць ‘ледзь свяціцца’ (Сцяшк. Сл.). Звязана з трымцець, трамцець (гл.), звонкі варыянт да трымкацець, гл. Не выключана кантамінацыя лексем трымце́ць і міргаце́ць (гл. мірга́ць).

Трыме́стр ‘частка навучальнага года працягласцю ў тры месяцы’ (ТСБМ). Праз польскую мову (trymestr) з заходнееўрапейскіх моў, у якіх узыходзіць да лац. trime(n)stris ‘трохмесячны’ < tres + mensis (SWO, 1980, 780; Дварэцкі, 786).

Трымката́ць ‘тромкаць, наігрываць’ (Нар. Гом.). Да тры́мкаць (гл.) з суф. ‑от‑ (‑ат‑), што выражае інтэнсіўнасць дзеяння.

Трымкаце́ць (трымкоце́ць) ‘трымцець, трэсціся, калаціцца, дрыжэць’ (ТС), варыянт трамкаце́ць (гл.). Інтэнсіў да трымцець (гл.).

Тры́мкаць ‘брынкаць струнамі’ (Шат., Зайка Кос.; навагр., Ск. нар. мовы), ‘няўмела іграць’ (в.-дзв., Шатал., Сцяц., Ск. нар. мовы), ‘падыгрываць другому музыканту’ (кап., Жыв. сл.). Гукаперайманне, параўн. трым ‘шчоўк’ (Вушац. сл.). Параўн. таксама трынкаць, брынкаць.

Трымпа́йла (трымпа́йло) ‘доўгае палена, якое вешаюць скаціне на шыю, каб яна не ўцякала’ (драг., Ск. нар. мовы, Клім.). Запазычанне, параўн. укр. дыял. тре́мпель ‘жэрдка, шасток у хаце’ (ЕСУМ, 5, 629), а таксама польск. trempel ‘рад слупкоў, прыкрытых бэлькай’. Хутчэй за ўсё, ідэнтычнае крампадла ‘калочак для звязвання снапоў’ (гл.), што да польск. krępować ‘звязваць’, у сваю чаргу запазычанага з ням. krampen ‘злучаць, браць у клямары’ (ням. Krampe ‘клямары, прабой’), гл. Борысь, 529. Фанетычна бліжэй да ням. trampeln ‘тупаць, цяжка ступаць’ > польск. дыял. trępać ‘тс’, параўн. SEK, 5, 162.