Трымпа́йла (трымпа́йло) ‘доўгае палена, якое вешаюць скаціне на шыю, каб яна не ўцякала’ (драг., Ск. нар. мовы, Клім.). Запазычанне, параўн. укр. дыял. тре́мпель ‘жэрдка, шасток у хаце’ (ЕСУМ, 5, 629), а таксама польск. trempel ‘рад слупкоў, прыкрытых бэлькай’. Хутчэй за ўсё, ідэнтычнае крампадла ‘калочак для звязвання снапоў’ (гл.), што да польск. krępować ‘звязваць’, у сваю чаргу запазычанага з ням. krampen ‘злучаць, браць у клямары’ (ням. Krampe ‘клямары, прабой’), гл. Борысь, 529. Фанетычна бліжэй да ням. trampeln ‘тупаць, цяжка ступаць’ > польск. дыял. trępać ‘тс’, параўн. SEK, 5, 162.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)