Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

СкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

Капту́н ’паўшубак, кажух’ (мсцісл. Бяльк.). Узнікла ў выніку кантамінацыі лексем каптан і каптур (гл.); параўн. зах.-рус. каптурок ’кафтан’, кап. каптур ’верхняя вопратка’ (Нар. словатв.).

Капту́р ’дзіцячы ці жаночы галаўны ўбор’ (ТСБМ, Жд. 3, Сцяшк.; маладз. Янк. Мат.; Др.-Падб., Гарэц., Мал.; КЭС, лаг.), ’галаўны ўбор, які старыя кабеты насілі пад хусткай’ (ДАБМ, 331; Сцяшк.; Мат. Гродз.; Зав.; Мат.; дзісн., КЭС), ’абруч, які насілі жанчыны на галаве’ (клец. КЭС), ’высокая прычоска’ (Жд. 3), ’асобым чынам завязаная намітка’ (глус. ДАБМ, 840; Нік. Очерки); ’пірамідальна выцяжны комін над горнам’ (драг., Жыв. сл.; Жд. 3; Бяльк.; міёр., Нар. сл.; Дразд.; нясв., Нар. словатв.; паўн.-усх. КЭС; мядз., міёр., Шатал.); ’абажур’ (Гарэц., Др.-Падб.); ’дзесяты сноп, якім накрываецца бабка’ (карэліц., Шатал.) ’з коптурам, з верхам (накласці)’ (ТСБМ; глух., Янк. Мат.); ’жалезнае колца на канцы калодкі кола’ (Масл.). Ст.-бел. каптуръ, коптуръ ’каўпак, капюшон, клабук’ запазычана са ст.-польск. kaptur, якое, аднак, не мае надзейнай этымалогіі, дакладней, надзейнай крыніцы запазычання. Калі прыняць пад увагу значэнне ’пакрыццё галавы або вачэй жывёлам і птушкам’, то лексема магла б находзіць з лац. captūra ’лоўля’, с.-лац. ’турма’. Бернекер (485–486) дапускае сувязь з раманскім сар‑: с.-лац. capparo, італ. capperone ’плашч ад дажджу’, іншыя с.-лац. пакрыцці галавы — capitra, capiturare… (гл. Слаўскі, 2, 61–62). Устаўное ‑т‑ магло б быць вынікам дысіміляцыі ‑pp‑ > ‑pt‑. ЕСУМ (2, 377) услед за Міклашычам першакрыніцу лексемы выводзіць з цюрк. моў (параўн. чагат. kaptur ’вялікі мех’.

Капту́шка ’газоўка’ (талач. Шатал.), да капціць (гл.).

Капу́за ’вялікая зімовая, цыліндрычнай формы, неакуратная футраная шапка’ (кобр. Шн. 3; Сцяшк., Сцяц., зэльв.; драг. Нар. словатв.); ’канфедэратка, абшытая чорным футрам’ (Федар. Рук.), капуся ’льняныя або саламяныя абручы, якія паляшучкі надзявалі на галаву пад хустку, каптур’ (Тарн.). Заназычана, як і ўкр. капуза ’тс’, з польск. kapuza, якое з ням. Kapuze < італ. сарриссіо ’пакрыццё галавы, каптур’ < с.-лац. caputium ’капюшон манаха’ < сарра ’плашч’ (Слаўскі, 2, 63).

Капу́л, копул ’прылада, пры дапамозе якой выдзёўбваюць ночвы, цясла’ (мазыр., З нар. сл.). Да капыл, які ўтвораны ад капаць (гл.) пры дапамозе суфікса ‑ыл.

Капу́н ’вельмі марудлівы чалавек’ (Пан. дыс.; міёр., З нар. сл.: ТСБМ), капунь — пра варушэнне, капанне (мсцісл., Нар. лекс.), да капа́цца, капашы́цца (гл.).

Ка́пур ’пяхцер’, ’гняздо, у якім выводзяцца восы’ (рагач., Сл. паўн.-зах.: генетычна роднаснае да рус. ка́пор ’чапец’, якое паходзіць з гал. kaper ’шапка’ < італ. capparo, capero (Фасмер, 2, 184).

Капу́ста ’агародная расліна Brassica oleracea L.’ ’страва з капусты’ (ТСБМ, Касп., Грыг., Бес., Бяльк., Яруш., Сцяшк., Сержп. Грам.; полац. Нар. сл.), ’кіслая страва з буракоў, морквы, часам і з капусты’ (Нік. Очерки); ’гульня’ (гродз. Нар. словатв.); капу́сціцца ’раскошна садзіцца, рассядацца’ (Яўс.). Укр. капу́ста ’капуста’ і ка́пуст ’бручка’, рус. капу́ста, ст.-рус. капуста (страва) (XII ст.), польск. kapusta, чэш. kapusta, славац. kapusta, славен. прэкмур. kapȗsta і kȃpus, kapús, серб.-харв. ка̀пуста ’жаўтазель, Genista L.’ макед., балг. капу́ста, капу́ска і ка́пус ’капуста’, ст.-балг. капоуста (XI ст.). Вандруючае культурнае слова, якое ўзыходзіць да с.-лац. compos(i)ta ’(змешаная, складзеная) кансерваваная, кіслая капуста’, параўн. таксама італ. composta ’мешань’, ’кампот’, швейц. kāpu(s)ta ’кіслая капуста’, а таксама ст.-в.-ням. kumpóst, с.-в.-ням. kumpóst, kompóst ’тс’ > ст.-польск. kompost ’тс’ (XV ст.), пазней kampust, kanpust, kańpust ’кіслае малако’. Пачатковае ka‑ ўзнікла ў выніку кантамінацыі групы раманскіх слоў, якія паходзяць з с.-лац. capitium ’галоўка капусты’ (< caput ’галава’) > італ. capuccio ’качанная капуста’; зах.-ням. Kappus, с.-в.-ням. kappȗz, kabez. Літ-pa: Бернекер, 218; Брукнер, 218; Слаўскі, 2, 62–63; Фасмер, 2, 188; БЕР, 2, 225; ЕСУМ, 2, 378–379; Бязлай, 2, 18.

Капусы́р ’грыб з віду ратангавых, Clavaria coralloides L., Clavaria Botrytis Pers’ (Дэмб. І). Мяясна.

Капу́т ’канец, смерць’ (ТСБМ). Паходзіць з нямецкай мовы (праз польскую ці рускую), параўн. н.-в.-ням. kapútt ’сапсаваны, разбіты, зламаны’, ’які загінуў’ < франц. capot ’прапаў, праіграў’ у выразе être (або faire) capot ’вашы карты пабіты’; аналагічна ням. kaputt machen (Фасмер, 2, 188; Клюге, 350–351; ЕСУМ, 2, 379). Даза (139) дапускае генетычную сувязь франц. capot з праванс. cap, якое з нар.-лац. capus, лац. caput ’галава’. У Вялікую Айчынную вайну лексема набыла значэнне ’капец, смерць’ — у выніку другаснага запазычання (Шанскі, 2 (К), 59–60).